Беларусь адклікае свайго пасла ў Арменіі пасля такога ж кроку з армянскага боку


Беларусь адклікае свайго пасла ў Арменіі. Пра гэта распавёў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз. 13 чэрвеня таксама стала вядома, што Арменія адклікала свайго пасла з Менску для кансультацыяў.

Сцяг Арменіі. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: total.kz

Да гэтага Аляксандр Лукашэнка назваў ваенныя дзеянні Азербайджану ў Карабаху «вызваленчай вайной».

«Улічваючы развіццё сітуацыі, наш пасол з Ерэвану найбліжэйшым часам таксама прыбудзе ў Менск», – сказаў Анатоль Глаз.

Раней Нікол Пашыньян заявіў, што ён і іншыя афіцыйныя асобы Арменіі не паедуць у Беларусь, пакуль ва ўладзе там Аляксандр Лукашэнка.

«Адзін з лідараў АДКБ заяўляе, што ён удзельнічаў у рыхтаванні 44-дзённай вайны, натхняў, верыў і зычыў перамогі Азербайджану. Пасля гэтага я мушу пайсці і сесці з Лукашэнкам у фармаце АДКБ і абмеркаваць любое пытанне? – сказаў Пашыньян. – Я фіксую, што ніколі не буду наведваць Беларусь, бо там прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Я заяўляю, што на гэты момант ніхто з афіцыйных прадстаўнікоў Арменіі наогул не наведае Беларусь».

У лістападзе 2023 года Пашыньян не паехаў на саміт АДКБ, які праходзіў у Менску.

Ён таксама сказаў пра магчымы выхад Арменіі з АДКБ і заявіў, што краіна можа змяніць свой курс, калі Лукашэнка знойдзе патрэбныя словы з просьбай прабачыць яго, якія змог бы прыняць армянскі народ, або Беларусь выйдзе з АДКБ.

На гэта пасол Беларусі ў Расеі Дзмітрый Крутой параіў Ніколу Пашыньяну разабрацца ў сітуацыі.

«Пашыньяну трэба разабрацца, яшчэ там у яго пратэсты ідуць», – сказаў Дзмітрый Крутой.

12 чэрвеня Беларусь прымала дэлегацыю з Азербайджану, дзе прэмʼер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка сказаў, што краіны «абавязаныя канвертаваць братнія беларуска-азербайджанскія адносіны ў гандлёва-эканамічную плоскасць».

Hавiны
Пашыньян сказаў, што Арменія вырашыць, калі выйсці з АДКБ. І згадаў пра Лукашэнку
2024.06.12 18:12

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў