Суды за «здраду дзяржаве» над чыноўнікамі і брсмаўцамі. Навіны рэпрэсіяў 12 чэрвеня


«Белсат» працягвае адсочваць навіны рэпрэсіяў у дачыненні беларусаў за іх нязгоду з палітыкай рэжыму, які захапіў уладу ў Беларусі.

Будынак Менскага гарадскога суда. Менск, Беларусь. 24 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Верагодна, двух топ-чыноўнікаў з Мінфіну і Мінтрансу судзяць за хабар і «здраду дзяржаве». Суд над Андрэем Івановым і Аляксандрам Карзюком у закрытым рэжыме пачаўся 27 траўня ў Менскім гарадскім судзе. Працэс вядзе суддзя Сяргей Кацэр. Чарговае пасяджэнне па справе адбылося 12 чэрвеня сёння. Акрамя «атрымання хабару ў буйным і асабліва буйным памерах» (ч. 2 і ч. 3 арт. 430 КК) абодвух мужчын судзяць па ч. 2 арт. 356 КК («здрада дзяржаве, здзейсненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча»). Сутнасць абвінавачання невядомая.

21 чэрвеня ў Менгарсудзе пачнуць разглядаць справу ў дачыненні да Уладзіміра Цюхая. Былому функцыянеру БРСМ і Кампартыі інкрымінуюць ч. 1 і ч. 2 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве») і ч. 2 арт. 288 КК («Прымус асобы да ўдзелу ў злачыннай дзейнасці з ужываннем гвалту або знішчэннем маёмасці»). Працэс прызначана весці суддзя Анжэла Касцюкевіч. Раней Цюхай перашкаджаў сваякам палітвязняў прыходзіць на суды, ухваляў разгоны пратэстаў, а ў 2020-м дапамагаў сілавікам патруляваць вуліцы.

У Гомельскім абласным судзе 12 чэрвеня пачаўся завочны суд над юрыстам, праваабаронцам і былым палітвязнем Леанідам Судаленкам. Новая крымінальная справа супраць праваабаронцы ў фармаце спецыяльнага вядзення была пачатая ў лістападзе 2023 года. Леаніда абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК РБ («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Справу прызначаны разглядаць суддзя Анатоль Сотнікаў. Судаленка быў затрыманы 18 студзеня 2021 года і асуджаны на тры гады пазбаўлення волі. 21 ліпеня 2023 года ён выйшаў на волю і адразу з’ехаў з Беларусі.

12 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёну Горадні працягнуўся судовы працэс над Ігарам Чудзілоўскім, Дзмітрыем Ляхам, Аляксеем Грэсем і Аляксандрам Клунейкам паводле ч.1 арт.342 КК. Слуханні пачаліся 31 траўня, суддзя – Уладзімір Пазняк.

У Магілёве за зламанае дрэўка сцяга мясцовага жыхара Дзмітрыя Пузікава асудзілі на паўгода пазбаўлення волі (і адправілі на прымусовае лячэнне). Такі прысуд 28 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёву вынесла суддзя Вольга Зарычнюк адправіў у заключэнне. Яго прызналі вінаватым у «здзеку з дзяржаўнага сцяга» (арт. 370 КК РБ). Магілёвец абскардзіў прысуд у Магілёўскі абласны суд. Разгляд апеляцыйнай скаргі адбыўся 6 чэрвеня – суддзя Ірына Ланчава пастанавіла пакінуць прысуд у сіле.

За ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту затрыманы жыхар Салігорску. Сілавікі таксама сцвярджаюць, што затрыманы быў адміністратарам мясцовага «экстрэмісцкага чату». Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што салігорац «затрыманы ў крымінальнай справе і яму пагражае 5 гадоў пазбаўлення волі».

За каментары ў падтрыманне Украіны і з крытыкай расейскіх вайскоўцаў жорстка затрыманы жыхар Магілёва. Відэа з затрыманнем мужчыны апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.

11 чэрвеня пракурор Магілёўскай вобласці Валерый Куліковіч выдаў пастанову аб блакаванні сайту INeedhelpBy – ініцыятывы, якая дапамагала прадуктамі беларускім сем’ям, якія сутыкнуліся з палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі. На думку пракурора, на партале публікаваліся «звесткі аб дыскрэдытацыі дзейнай улады і праваахоўных органаў, загадзя неправамернай легітымізацыі дзеянняў асоб, якія здзейснілі правапарушэнні і злачынствы, у тым ліку шляхам надання ім псеўдастатусу «палітвязняў»». Такім чынам, існаванне сайта ініцыятывы, як лічыць Куліковіч, «супярэчыць нацыянальным інтарэсам». На падставе пастановы Куліковіча, Мінінфарм заблакаваў рэсурс.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў