Замежнікам у Літве стане больш складана знайсці працу. Давядзецца атрымаць ВНЖ


З 1 ліпеня ў Літве ўзмацняецца жорсткасць парадку прыёму на працу замежнікаў. Ахвотныя прыехаць сюды на працу мусяць атрымаць выдадзены ў Літве часовы від на жыхарства. Пра гэта паведамляе «Delfi».

Вулічнае жыццё Вільні, уличная жизнь Вильнюса
Вежа Гедзіміна. Вільня, Літва. 21 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

Раней у Літве маглі працаваць замежнікі, якія прыязджалі ў Літву паводле бязвізавага рэжыму, нацыянальных і шэнгенскіх візаў або відаў на жыхарства, выдадзеных іншымі краінамі.

Новыя патрабаванні пра абавязковы ВНЖ не будуць распаўсюджвацца на замежнікаў, якія прыязджаюць у Літву ў камандзіроўку або ў якасці супрацоўнікаў кампаніі, заснаванай у дзяржаве – чальцы Еўрапейскага Звязу ці Еўрапейскай асацыяцыі вольнага гандлю.

Від на жыхарства таксама не спатрэбіцца:

  • чальцам экіпажаў караблёў, якія плаваюць па міжнародных маршрутах пад сцягам Літвы;
  • замежнікам, якія прыбываюць не больш як на тры месяцы ў годзе для развязання пытанняў, звязаных з заключэннем і выкананнем дамоваў, навучаннем персаналу або ўстаноўкай абсталявання;
  • прадпрымальнікам, якія ёсць акцыянерамі і кіраўнікамі кампаніяў;
  • высокапрафесійным спартоўцам;
  • выканаўцам;
  • журналістам, акрэдытаваным Міністэрствам замежных справаў;
  • асобам, якія афіцыйна займаюцца рэлігійнаю дзейнасцю;
  • замежнікам, якія прыбываюць для рэалізацыі валанцёрскіх праграмаў урадаў або ЕЗ;
  • выкладнікам і даследнікам;
  • грамадзянам эканамічна развітых краінаў, якія прыязджаюць на працу або займацца іншаю легальнаю дзейнасцю.

Замежнікі, якія пачалі працаваць у Літве да набыцця моцы зменамі, змогуць працаваць да заканчэння тэрміну легальнага перабывання або да таго часу, пакуль яны не набудуць права на працу на іншых падставах, прадугледжаных законам.

У Літве з 1 ліпеня таксама змяніўся парадак рэгістрацыі замежных турыстаў. З гэтага моманту ўсе госці краіны павінны будуць рэгістравацца ў Нацыянальнай турыстычнай інфармацыйнай сістэме.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў