«Еўра-2024»: Англія была на мяжы вылету, а ў 1/4 нас чакае супергульня


У Нямеччыне працягваецца чэмпіянат Еўропы па футболе. У апошні дзень чэрвеня турнір развітаўся з яшчэ дзвюма зборнымі. Славаччына і Грузія, не зважаючы на паразы ў 1/8 фіналу, едуць дадому з высока ўзнятымі галовамі. Болей – у нашым аглядзе.

Паўабаронца зборнай Англіі Джуд Бэлінгэм забівае першы гол сваёй каманды падчас футбольнага матчу 1/8 фіналу «Еўра-2024» паміж Англіяй і Славаччынай. Гельзэнкірхэн, Нямеччына. 30 чэрвеня 2024 года.
Фота: Kenzo Tribouillard / AFP / East News

Англія ўратавалася цудам, імя цуду – Джуд Бэлінгэм

Англія – Славаччына – 2:1

Перад «Еўра» ўсе чакалі цудаў ад атакі англічанаў. Давайце ацэнім, колькі забіў за сезон квартэт асноўных гульцоў англійскай атакі: Бэлінгэм – 19 галоў за «Real» у чэмпіянаце Іспаніі і 4 галы ў Лізе чэмпіёнаў, Кейн за «Bayern» – 36 у Бундэслізе і 8 у Лізе чэмпіёнаў, Сака за «Arsenal» – 16 + 4, Фоўдэн за «Manchester City» – 19 + 5. Гэтак, толькі чацвёра нападнікаў за сезон забілі 111 (!!!) галоў. А на гэтым «Еўра» на ўсіх яны забілі толькі 2 (цяпер ужо 4), пры гэтым у створ брамы за ўвесь групавы этап пацэлілі толькі 10 удараў. Да гэтага факту мы яшчэ вернемся.

Пакуль звернем увагу на кошты гульцоў: цяперашні склад зборнай Англіі каштуе € 1,52 млрд, а Славаччыны – € 156,4 млн. Толькі ў дзясятку самых дарагіх гульцоў свету ўваходзяць трое англічанаў: Бэлінгэм – € 180 млн, Фоўдэн – € 150 млн, Сака – € 140 млн.

Славаччына – звычайная працоўная каманда, якая шукае свайго шанцу ў атацы і потым працуе над зберажэннем дасягнутага. На апошнім фінальным турніры «Еўра» атрымалі адну перамогу і не здолелі выйсці з групы, а ў 2016 годзе ў фінальным турніры ЧЕ Англія і Славаччына гулялі ў адной групе, тады славакам удалася ўпершыню ў гісторыі забраць пункты ў брытанцаў, згуляўшы 0:0. У 1/8 фіналу славакаў разбілі немцы – 0:3.

Англія з першых секундаў матчу супраць Славаччыны пачала гуляць як звыкла – прэсна і нецікава, галявыя моманты пачалі ўзнікаць ля брамы англійскай каманды. У выніку з трэцяй спробы Славаччына выйшла наперад, Іван Шранц выскачыў сам-насам з брамнікам і прашыў яго з наска. Самае цікавае, што Славаччына магла адзначыцца яшчэ: напрыклад, Стрэлэц ледзь не забіў з цэнтру поля. Час ішоў, але англічане не маглі не толькі пацэліць у браму, але стварыць увогуле нешта небяспечнае. І тады галоўны трэнер Герэт Саўтгейт кінуў на поле ўсіх сваіх форвардаў, і за 1,5 секунды да канца гульні англічане ўратаваліся: Бэлінгэм стрэлам праз сябе перавёў гульню ў першы на гэтым «Еўра» оўвэртайм. А толькі ён пачаўся, як Кейн галавою забіў свой другі на гэтым першынстве гол (на ЧЕ-2020 у яго былі пяць галоў) і вывеў у 1/4 фіналу зборную Англіі, дзе яе чакае каманда Швейцарыі. У Славаччыны змагацца не засталося сілаў, але, безумоўна, каманда гэты турнір можа занесці сабе ў актыў.

Грузінскі гулец Хвіча Кварацхэлія (у цэнтры) святкуе з таварышамі з каманды аўтагол (гол, забіты памылкова ва ўласную браму) Рабэна Ле Нармана падчас матчу паміж Іспаніяй і Грузіяй на футбольным турніры «Еўра-2024». Кёльн, Нямеччына. 30 чэрвеня 2024 года.
Фота: Manu Fernandez / AP Photo / East News

Грузіны заваявалі сэрцы, Іспанію пакуль немагчыма спыніць

Іспанія – Грузія – 4:1

Іспанія была адзінаю камандаю на гэтым «Еўра», хто перамог ува ўсіх гульнях і не прапускаў. Грузія разумела, што супраць Іспаніі ў яе мала шанцаў, але выбудавала глыбокую абарону паводле схемы 5-3-2 і пачала чакаць свайго шанцу. І дачакалася на 18-й хвіліне: Какабадзэ праляцеў правым флангам і прастрэліў у штрафную, дзе абаронца Нарман зрэзаў мяч ва ўласную браму. Гэтак скончылася 288-хвілінная сухая серыя іспанскага брамніка Уная Сімона.

Цікава, што Іспанія і Грузія гулялі ў адной адборачнай групе, і тады іспанцы двойчы перамаглі – 7:1 у Тбілісі і 3:1 у Валлядалідзе. Адзначым, што ў той гульні Норман забіў у браму грузінаў.

Але вернемся ў Нямеччыну. Іспанцы адгуляліся яшчэ да перапынку, калі Родры з «Manchester City» акуратна паклаў мяч у дальні кут. А пасля перапынку Іспаніі было не спыніць, і ў браме Грузіі аказаліся яшчэ тры мячы. Не зважаючы на паразу, Грузія – адна з самых вясёлых і цікавых камандаў гэтага «Еўра». А іспанцаў чакае гульня 1/4 фіналу супраць гаспадароў турніру.

Што далей?

Гульні на выбыванне працягнуцца, кожны дзень па дзве каманды будуць пакідаць Нямеччыну. Калі асноўны час гульні скончыцца мірам, дададуцца два таймы па 15 хвілінаў кожны (як гэта было ў гульні Англія – Славаччына), і калі яны не дапамогуць выявіць пераможцы, будзе прызначаная серыя пенальці.

Такім чынам, 1/8 фіналу – з 29 чэрвеня да 2 ліпеня. Вось расклад гульняў, час беларускі.

  • 01.07. 19:00. Францыя – Бельгія
  • 01.07. 22:00. Партугалія – Славенія
  • 02.07. 19:00. Румынія – Нідэрланды
  • 02.07. 22:00. Аўстрыя – Турэччына

Вядомая частка раскладу і гульняў 1/4 фіналу. Гэтак, у пятніцу, 5 ліпеня, а 19:00 беларускага часу пачнецца матч Іспанія – Нямеччына, а ў суботу, 6 ліпеня, а 19:00 згуляюць Англія і Швейцарыя. Тут, безумоўна, вельмі цяжкі іспыт чакае гаспадароў турніру: іспанцы пакуль на гэтым «Еўра» былі бездакорныя.

Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў