«Я шукала не фасадных герояў, а штодзённую цану прынятых рашэнняў» – размова з рэжысёркаю Мараю Тамковіч


Гісторыю беларускай палітзняволенай Кацярыны Андрэевай і ейнага мужа Ігара Ільяша пакажуць на вялікім экране ў Нью-Ёрку. Там у чэрвені на прэстыжным кінафестывалі «Tribeca» адбудзецца сусветная прэм’ера фільму «Пад шэрым небам». Рэжысёрка Мара Тамковіч зняла яго адразу пасля сваёй кароткаметражнай стужкі «У жывым эфіры», дзе паказала затрыманне журналісткі Кацярыны Андрэевай і аператаркі Дар’і Чульцовай.

Чаму гэтая тэма зачапіла і як бюджэт абмяжоўваў творчы працэс – у размове Ірэны Кацяловіч з рэжысёркаю.

Рэжысёрка Мара Тамковіч у Варшаўскай школе фільмаграфіі. Варшава, Польшча. 19 красавіка 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат
Даведка

Стужка «Пад шэрым небам» сталася прыкладам таго, як беларуская тэма можа рэалізоўвацца ў замежнай кінаіндустрыі: грошы на яе вылучыў Польскі кінаінстытут.

– Раскажы пра момант, калі ты даведалася, што прэм’ера твайго фільму адбудзецца на «Tribeca Festival». Якія былі эмоцыі?

– А сёмай раніцы я пабачыла прапушчаны званок ад аднаго з маіх прадзюсараў, і мае першыя думкі былі абсалютна неаптымістычныя. Я падумала, з ім штосьці здарылася і яму трэба пільная дапамога, так што ператэлефаноўвала ў напружанні. Яго першае пытанне было: «Сядзіш ці стаіш?» Ён расказаў, што арганізатары фестывалю ўдакладняюць прэм’ерны статус «Пад шэрым небам» і выказваюць зацікаўленасць. Да мяне нейкі час даходзіла, што гэта насамрэч адбываецца, бо я вельмі перажывала за лёс фільму, за тое, ці знойдзе ён сабе дом для сусветнай прэм’еры. Я была вельмі радая, але адначасова гэта гучала неверагодна: я бачыла Нью-Ёрк толькі ў кіно, для мяне гэта не тое каб гісторыя Папялушкі, але нерэальны свет, у які вельмі хочацца трапіць.

– Як табе ўдалося атрымаць грошы з польскага бюджэту на беларускую тэму?

– Працэс адбору Польскім кінаінстытутам нескладаны: ты падаеш пакет дакументаў, заяўкі разглядаюцца, частка заявак праходзіць на другі этап. Мы падаваліся на вельмі маленькія грошы, канкурэнцыя ў катэгорыі мікрабюджэту меншая, чым на нармальнае фінансаванне. Заявак было каля пяцідзесяці, палова прайшла на другі этап, а другі этап – гэта пітчынг. У цябе з прадзюсаркай ёсць пяць хвілінаў, каб распавесці тое, што вы хочаце распавесці, у камісіі ёсць дзесяць хвілінаў на пытанні. Мне не падавалася, што нашая гісторыя трактуецца як нейкая не свая, думаю, самае цяжкае ў маім выпадку было знайсці прадзюсара, гатовага ўзяцца за мікрабюджэтнае фінансаванне на дэбютны фільм і здольнага давесці вытворчасць да канца.

Прэм’ера фільму Мары Тамковіч «У жывым эфіры» ў кінатэатры «Iluzjon» у рамках фестывалю беларускага кіно «Bulbamovie». Варшава, Польшча. 20 лістапада 2022 года.
Фота: Зоркастая / Белсат

– Як ты дала рады з мікрабюджэтам, ці давялося табе, робячы фільм, адмовіцца ад чагосьці істотнага?

– Калі ўсведамляеш, што ў цябе бюджэт адзін мільён злотых і паводле ўмоваў фінансавання дадатковыя грошы шукаць нельга, працаваць можна толькі з вялікім самакантролем і самаабмежаваннем. Я пісала сцэнар і разумела, што кожнае маё слова на гэтай паперы каштуе. Давялося стварыць складаную камбінацыю, як за гэтыя сродкі зрабіць візуальна неманатонную гісторыю, што трымае ўвагу. Калі казаць пра сцэнаграфію, лакацыі, пераезды паміж лакацыямі ў межах пятнаццаці дзён здымкі – з такім бюджэтам творчы працэс наўпрост звязаны з тэхнічнымі магчымасцямі. Мільён рэчаў мы хацелі, але не маглі мець. Мы не маглі сабе дазволіць лавэты – машыны, на якую заязджае аўта, каб здымаць сцэны за стырном. Мы маглі толькі прычапіць камеру на машыну, але раптам высветлілася, што ніводзін з актораў не водзіць. Андрэй Бардухаеў-Арол, які меў правы, але даўно не ездзіў, месяц з адным з прадзюсараў вучыўся вадзіць наноў, каб даць рады заехаць у кадр, праехаць кавалак і выехаць з кадру. У нас была цікавая гісторыя з формамі – міліцэйскай, амапаўскай, з усімі. Іх арэнда вельмі дарагая, касцюмерка палічыла, што калі рэшту касцюмаў мы зробім бясплатна – дастанем са сваіх шафаў або возьмем у крамах, каб потым вярнуць, – то ў нас ёсць грошы на чатыры ўніформы на два дні. А потым яна знайшла чалавека, які робіць уніформы, у Латвіі, і той, паслухаўшы пра ўсё гэта, даў камплект суперпатрэбных касцюмаў на ўсе здымкі.

– То бок пятнаццаць дзён здымкі трэба было распланаваць паводле ўсіх фактараў?

– Абсалютна. Дадаем яшчэ даступнасць актораў, таму што Валя (Валянцін Навапольскі. – Заўв. аўт.), які граў ролю Іллі, мог атрымаць у тэатры толькі два вольныя тыдні. Мы былі моцна абмежаваныя ягоным графікам, да такой ступені, што сядзелі і пралічвалі, якія начныя сцэны можам зрабіць удзень, таму што пасля даўгіх начных зменаў мусіць быць выходны, а ў актора не было столькі дзён, каб у нас мог быць выходны.

Рэжысёрка Мара Тамковіч у Варшаўскай школе фільмаграфіі. Варшава, Польшча. 19 красавіка 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

– А чаму небеларус іграе галоўную ролю? Ты ўвогуле шукала беларускага актора?

– Я шукала беларуса, так, але гэта вельмі cкладаны запыт. Ты шукаеш чалавека, які будзе гатовы ўзяць удзел у такім фільме, бо так ці інакш гэта палітычная гісторыя, а таксама захоча працаваць з табой і будзе мець час. З гэтага пулу ты мусіш выбраць актора ў адпаведным узросце, з адпаведным тыпажам і такога, які будзе арганічна супрацоўнічаць з акторкай. Звычайна выканаўца галоўнай ролі выбіраецца з сотняў, калі не тысячаў, прапановаў – у мяне ж беларускіх актораў быў з дзясятак. І я не знайшла сярод іх таго, хто б падыходзіў паводле ўсіх пунктаў. Пра Валю я ўзгадала ў момант адчаю, калі ў мяне вычарпаліся ўсе сродкі. Я прыгадала, што некалькі гадоў таму на фестывалі, куды ездзіла з «Дачкой», пазнаёмілася з акторам фільму, які я там пабачыла і які спадабаўся мне акурат акторскай ігрою. Я напісала Валю ў «Фэйсбуку»: «Прывет, ты мяне яшчэ памятаеш?» – гэта была абсалютная авантура. Ён прапанаваў стэлефанавацца і падчас званка з такой цяжкай, уласцівай сабе мінай кажа: «Мара, ты разумееш, што сцэнар так сабе?» Я адказала, што разумею, і мне прыемна, што ён гатовы сказаць мне гэта ў твар. У мяне не было такога камфорту дарабіць сцэнар перад тым, як размаўляць з акторамі, таму я папрасіла проста паверыць, што тое, чаго няма на гэтым этапе, у сцэнары з’явіцца.

– Такія сціслыя тэрміны былі ўмовай фінансавання?

– Ідэя зрабіць поўны метр з’явілася ў верасні, а дэдлайн для падачы пакету дакументаў быў у лістападзе, так што ў нас было толькі два месяцы, каб напісаць драфт і сабраць паперы. Калі мы атрымалі грошы, у мяне быў выбар – або я дакладна здыму фільм, але ў шалёным тэмпе, рызыкуючы не даць рады і штосьці зрабіць хранова, або я не ведаю, ці ўвогуле зраблю яго калі-небудзь.

Рэжысёрка Мара Тамковіч у Варшаўскай школе фільмаграфіі. Варшава, Польшча. 19 красавіка 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

– У які момант ты зразумела, што зрабіла правільны выбар?

– Часткова, калі мы змантавалі фільм – я паглядзела і зразумела, што мне не будзе за яго сорамна, хай ён і не будзе самым геніяльным фільмам у гісторыі кіно. Я аддала з сябе ўсё, што ў мяне было, і крыху больш, і ў гэтым сэнсе не маю да сябе прэтэнзіяў. А другі раз, калі з’явілася «Tribeca». Я доўга жыла з адчуваннем адказнасці – перад Ігарам і Кацяй і перад усімі, хто ўклаўся ў фільм і зрабіў гэта абсалютна не за грошы, таму што ніхто на ім не зарабіў столькі, колькі мог зарабіць на камерцыйных праектах. Да таго ж я адчувала адказнасць за беларускія гісторыі – мне далі шанец зрабіць беларускую тэму за замежныя грошы, трэба было гэтага не сапсаваць, каб польскія прадзюсары маглі паглядзець, маўляў, беларуская тэма спрацавала, гэта быў поспех.

– З навіною пра «Tribeca Festival» ты выдыхнула?

– Так, выдыхнула, у мясцовай індустрыі трапіць на «Tribeca» – гэта крута, а трапіць на «Tribeca» з мікрабюджэтам – вельмі крута.

– Які ўнёсак у фільм зрабіў Ігар Ільяш?

– Размовы з Ігарам былі для мяне шляхам да зразумення постацяў, якія я спрабавала стварыць, да драматургічных акцэнтаў. Гэта вельмі істотная частка працы. Дарэчы, як і размовы з Дашай Чульцовай. Адзін з яе адказаў падштурхнуў мяне да таго, вакол чаго будуецца ўся гісторыя. Я вельмі паважаю тое, як Ігар ставіўся да майго працэсу, хаця разумею, што яму было цяжка аддзяліць сябе ад персанажа. Я шукала ў фільме не фасадных герояў, а чалавечы кошт, штодзённую цану прынятых рашэнняў. Мы, шырокая публіка, звяртаем увагу на гісторыі палітзняволеных у моманты іх усплёску і жывем сабе далей. А некаторым даводзіцца жыць з гэтым штодня, і кожны наступны дзень усё менш падсілкоўваецца энергіяй геройства. Гэта мы назіраем у Беларусі агулам: у нас быў рывок, калі рашэнні прымаліся на гэтай хвалі, а цяпер на яе паклалі бетонную пліту і прыціснулі – і як вытрываць пад гэтай плітой?

Рэжысёрка Мара Тамковіч у Варшаўскай школе фільмаграфіі. Варшава, Польшча. 19 красавіка 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

– Пытанне палітзняволеных у грамадстве зазнае трансфармацыі, мы ўсё больш цярпіма, напрыклад, ставімся да маральных саступак дзеля іх вызвалення. У цябе мяняўся падыход да тэмы так, каб гэта паўплывала на фільм?

– Мой фільм не палітычны маніфест. Я абсалютна ніхто, каб раіць, што трэба рабіць з палітвязнямі, а тым больш – што рабіць самім палітвязням. Я спрабую зразумець канкрэтных герояў, якія зрабілі канкрэтны выбар, і чаго гэты выбар ім каштаваў – і ўсё.

– Ты кажаш, што табе вельмі хацелася зняць гэты фільм. Гучыць, быццам у цябе ёсць пэўны сантымент да тэмы. Чаму ты ўзялася за гэтую здымку нават з рызыкамі для сябе?

– Гэта ўсё ў маёй галаве, я ніколі асабіста не сустракалася з Кацяй, а толькі глядзела яе стрымы. Штосьці ў гэтай гераіні – я мэтанакіравана кажу пра гераіню, а не пра Кацю – ува мне адгукалася, я ўяўляю сабе момант выбару, за які ты потым мусіш заплаціць і з якім губляеш кантроль над тым, што з табой адбываецца. Гэтая гісторыя таксама паказвае дэканструкцыю беларускай рэчаіснасці. Каця была першай журналісткай, якую пасадзілі так надоўга, тады ніхто не верыў, што гэта ўвогуле адбываецца. Думалі, што пасадзяць на содні, а пачалася крымінальная справа. Думалі, што крымінальная справа скончыцца «хіміяй», але правілы, паводле якіх мы нешта прагназавалі, кожны раз рассыпаліся. Потым аказалася, што выйсці з турмы – ужо поспех, а два гады – яшчэ пашанцавала. Фільмы да цябе прыходзяць. Калі ўжо ён да цябе прыйшоў, ты нічога не можаш зрабіць, апроч як ствараць гэтае кіно. Кадр з майго наступнага праекту літаральна выплыў у мяне перад вачыма, калі я аднойчы лягла ў ложак.

Рэжысёрка Мара Тамковіч у Варшаўскай школе фільмаграфіі. Варшава, Польшча. 19 красавіка 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

– Якія ў цябе планы на Нью-Ёрк?

– Хочацца адпрацаваць фестываль з максімальнаю карысцю для будучыні фільму і для наступных праектаў. У астатнім я буду прымітыўным турыстам, які будзе фоткацца на Таймз-Скўэр.

Размаўляла Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў