Дзяржаўны сакратар ЗША павіншаваў беларусаў з афіцыйным Днём Незалежнасці, нагадаў пра палітвязняў


Дзяржаўны дэпартамент Злучаных Штатаў апублікаваў 3 ліпеня віншаванне ад імя дзяржаўнага сакратара Энтані Блінкена з афіцыйным Днём Незалежнасці Беларусі. У віншаванні – заклік да вызвалення палітвязняў.

Тэкст паведамлення наступны:

«Ад імя Злучаных Штатаў Амерыкі я дасылаю свае сардэчныя віншаванні народу Беларусі з афіцыйным Днём Незалежнасці.

Тыя, хто жыве ў Беларусі, і тыя, хто вымушаны да выгнання, вымушаны пакінуць свае жыцці і блізкіх, заслугоўваюць магчымасці выбіраць сваю будучыню. Вашая адданасць справе забеспячэння лепшага жыцця для вашага народу служыць натхненнем для ўсяго свету, для тых, хто імкнецца дапамагчы вашым супольнасцям стварыць грамадства, свабоднае ад гвалту і рэпрэсіяў.

Мы шануем адвагу 1500 беларускіх палітвязняў, якія застаюцца ў палоне толькі за спробы скарыстацца свабодамі, што мусіла б даць незалежнасць. Мы заклікаем да іх безумоўнага вызвалення, і ў гэты дзень мы застаемся думкамі найперш з іхнымі блізкімі.

Мы падтрымліваем тых, хто асвятляе шлях да незалежнай, дэмакратычнай і суверэннай Беларусі, і будзем працягваць узмацняць іхныя галасы, пакуль яны адважна працягваюць сваю працу ў гэтыя цяжкія часы».

За дзень да гэтага Аляксандр Лукашэнка анансаваў вызваленне цяжкахворых палітвязняў – як казаў, у асноўным, з ракавымі захворваннямі. Але асноўная маса палітвязняў не трапляе пад амністыю, бо ў адпаведным законе ёсць шмат выключэнняў для асуджаных паводле палітычных артыкулаў. Тым не менш Лукашэнка можа падпісаць асобныя ўказы аб памілаванні па-за амністыяй.

Дзяржаўны дэпартамент ЗША віншаваў беларусаў не толькі з афіцыйным Днём Незалежнасці (што адзначаюць у дату, не звязаную з незалежнасцю Беларусі). Напрыклад, летась Дзярждэп ЗША накіраваў беларусам віншаванне з Днём Волі, у якім таксама заклікаў вызваліць палітвязняў і  нагадваў пра санкцыі.

Тым часам Уладзімір Пуцін у віншаванні з афіцыйным Днём Незалежнасці Беларусі выказаў надзею на далейшую інтэграцыю Беларусі ў «саюзную дзяржаву».

Hавiны
Лукашэнка падпісаў закон «Аб амністыі». Каго не вызваляць – спіс выключэнняў доўгі
2024.07.03 10:06

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў