У гомельскай жаночай калоніі з асабістых рахункаў асуджаных спісваюць грошы на «гаспадарчы інвентар і рамонт», сумы даходзяць да 200 рублёў. Як паведамляе канал «MAYDAY.TEAM», адміністрацыя ўстановы прымушае пісаць заявы пра «добраахвотны» ўнёсак.
Праваабаронцы адзначаюць, што ва ўсіх беларускіх калоніях існуе практыка «падарункаў» у выглядзе будаўнічых матэрыялаў, інвентару або бытавой тэхнікі ад бацькоў зняволеных. За такія ахвяраванні абяцаюць паблажлівае стаўленне адміністрацыі да асуджаных. Пры гэтым у гомельскай жаночай калоніі пайшлі далей:
«Там проста пастанавілі спісаць з асабістых рахункаў частку грошай, што дасылаюць сваякі асуджаным на атаварванне. Дзеля гэтага зняволеных змушаюць пісаць заявы пра добраахвотнасць унёску».
За дапамогу на «гаспадарчы інвентар і рамонт» нібыта абяцаюць дазволіць узяць больш харчоў пасля працяглага спаткання, а за адмову – дадуць толькі адзін дзень спаткання замест трох.
Як піша «MAYDAY.TEAM», грошы з рахункаў (да 200 рублёў) спісваюць прыкладна раз на тры месяцы. Паборы найчасцей зазнаюць тыя, у каго назапасіліся значныя сумы.
Раней паведамлялася, што ў бабруйскай папраўчай калоніі № 2 перасталі прымаць кніжныя перадачы. Праваабаронцы не выключалі, што такая ж праблема ўзнікла і ў іншых папраўчых установах Беларусі.
Сцяпан Кубік belsat.eu