Падчас перамоваў кіраўнікоў урадаў Нямеччыны і Польшчы, што праходзяць у Варшаве, абмяркоўваўся ў тым ліку міграцыйны крызіс на мяжы з Беларуссю.
Цэнтральнай тэмай падчас перамоваў прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска і канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца сталіся праблемы бяспекі.
«Для мяне бяспека – прыярытэт, – цытуе польскага прэмʼера «Rzeczpospolita». – Уся Еўропа, у тым ліку Нямеччына, але Польшча асабліва, схільныя да пэўных рызык, што вынікаюць з геаграфіі, з таго факту, што мы маем такую доўгую мяжу. Яна застаецца пад моцным ціскам як з боку Расеі, Беларусі, так і Украіны, якая ваюе».
Туск асобна закрануў тэму міграцыйнага крызісу на мяжы з Беларуссю.
«Абедзве нашыя краіны зрабіліся ахвярамі гэтай хвалі іміграцыі, арганізаванай Пуціным і Лукашэнкам. Польшча, таму што нашую мяжу атакуюць кожны дзень, Нямеччына, таму што гэта канчатковая мэта для мігрантаў. І Польшча, і Нямеччына зацікаўленыя ў поўнай каардынацыі абароннай дзейнасці», – зазначыў кіраўнік ураду Польшчы.
Паводле «DW», Оляф Шольц зазначыў, што лічыць бяспеку дзвюх краінаў «непадзельнай», і заклікаў яшчэ больш паглыбіць партнёрства паміж Варшавай і Берлінам. Канцлер таксама заявіў пра неабходнасць «пашырыць транспартныя шляхі паміж Польшчай і Нямеччынай, што важна і для вайскоўцаў».
Гэта першыя міжурадавыя перамовы Варшавы і Берліна з 2018 года.
Глеб Нержын belsat.eu