Медыі анансавалі першы з пачатку вайны візіт Віктара Орбана ва Украіну


Прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан прыездзе ў Кіеў з нечаканым візітам, пішуць брытанскія выданні «The Guardian» і «The Financial Times». Паводле медыяў, палітык пастанавіў наведаць Украіну пасля саступак у пытанні правоў вугорскай меншасці ў Закарпацці.

Прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на саміце ЕЗ у Бруселі, Бельгія. 27 чэрвеня 2024 года.
Фота: ABACA / Abaca Press / Forum

Чакаецца, што прэм’ер-міністр Вугоршчыны прыедзе ў Кіеў 2 ліпеня. Гэта будзе першы візіт Віктара Орбана ва Украіну з пачатку вайны.

«Ён прыедзе, калі нічога не зменіцца ў апошнюю хвіліну», – кажуць крыніцы ў Кіеве.

Плануецца сустрэча Орбана з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, палітык пастанавіў здзейсніць візіт пасля саступак у пытанні правоў вугорскай меншасці ў Закарпацці. «За апошнія тыдні была дасягнутая дамоўленасць. Гэта можна будзе назваць поспехам», – адзначаюць крыніцы ў Будапэшце.

Афіцыйна візіт Обрана не анансаваўся.

«The Guardian» называе прэм’ера Вугоршчыны «адным з найбольш прарасейскіх лідараў Еўропы» і адзначае, што ён наведае Украіну на наступны дзень пасля пачатку старшынёўства краіны ў ЕЗ.

Будапэшт рэгулярна блакуе дапамогу Еўразвязу Украіне і падтрымоўвае кантакты з Расеяй і Беларуссю. Як казаў раней міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс, Вугоршчына блакавала або працягвае блакаваць больш за 40 % пастановаў ЕЗ, што датычаць Украіны.

Пры гэтым кіраўнік МЗС краіны Петэр Сіярта як мінімум пяць разоў наведаў Расею з пачатку вайны, у Менску апошні раз ён быў 29 траўня і абяцаў развіваць стасункі з Беларуссю ва ўсіх сферах, якіх «не датычаць санкцыі».

Аналітыка
Беларусь як інструмент у чужой гульні. Навошта ў Менск прыехаў кіраўнік МЗС Вугоршчыны?
2024.05.29 22:24

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў