Беларусь як інструмент у чужой гульні. Навошта ў Менск прыехаў кіраўнік МЗС Вугоршчыны?


29 траўня ў Менск завітаў міністр замежных справаў Вугоршчыны Петэр Сіярта. Ён паабяцаў развіваць супрацу з цяперашнімі ўладамі Беларусі «ва ўсіх галінах, якіх не датычаць санкцыі». Дзяржаўная прапаганда звяртае ўвагу, што ў ліпені пачнецца паўгадавое старшынства Вугоршчыны ў ЕЗ. Кіраўнік беларускага МЗС Сяргей Алейнік спадзяецца, што гэта дапаможа «узмацніць здаровыя тэндэнцыі ў еўрапейскіх сталіцах». Ці варта на гэта разлічваць?

Міністр замежных справаў Вугоршчыны Петэр Сіярта ў Менску, Беларусь. 29 траўня 2024 года.
Фота: Надзея Касцецкая/ БелТА

Кіраўнік МЗС Вугоршчыны апошні раз быў у Беларусі ў кастрычніку летась, тады Петэр Сіярта ўзяў удзел у канферэнцыі «Еўразійская бяспека: рэальнасць і перспектывы ў свеце, што трансфармуецца», а таксама правёў сустрэчы з беларускім калегам Сяргеем Алейнікам і Аляксандрам Лукашэнка.

Падчас цяперашняга візіту Сіярта паразмаўляў з Алейнікам і паўдзельнічаў у пасяджэнні міжурадавай камісіі ў эканамічнай супрацы. Сустрэчы з Лукашэнкам гэтым разам не было, ён паехаў у Воршу.

«Нашая рашучасць і наш пункт гледжання адназначныя: ва ўсіх галінах, якіх не датычаць санкцыі, Вугоршчына зацікаўленая ў развіцці супрацы. А для развіцця супрацы мы дамо любое падтрыманне. Мы пра гэта кажам адкрыта, не хаваем нічога», – цытуе замежнага дыпламата агенцтва БелТА.

Сярод такіх кірункаў, дзе санкцыі не перашкода, міністр назваў сельскую гаспадарку, прамысловасць, фармацэўтыку і харчовую бяспеку.

Сіярта запэўніў, што Будапэшт «не будзе падтрымоўваць пастановы ў ЕЗ, што адмоўна адбіваюцца на нацыянальных інтарэсах краіны, яе эканоміцы і развіцці кантактаў з Беларуссю».

Ён таксама апавёў, што Вугоршчына плануе падрыхтаваць «яшчэ аднаго» касманаўта, таму чакае бліжэйшым часам «новы віток нашай касмічнай супрацы».

Міністры замежных справаў Вугоршчыны і Беларусі Петэр Сіярта і Сяргей Алейнік на пасяджэнні міжурадавай камісіі ў эканамічнай супрацы. Менск, Беларусь. 29 траўня 2024 года.
Фота: Надзея Касцецкая/ БелТА

Вынікам пасяджэння міжурадавай камісіі сталася падпісанне некалькіх дакументаў, у тым ліку мемарандума аб паглыбленні супрацы ў сферы ядравай энергетыкі.

Пасля міністры «спеліся», адказваючы на пытанні журналістаў. Петэр Сіярта назваў адзіным магчымым варыянтам спынення вайны ва Украіне спыненне агню і перамовы. Сяргей Алейнік з гэтым пагадзіўся і тут жа дадаў, што мірныя перамовы гатовыя зладзіць у Беларусі.

«Мы, вугорцы, супраць таго, каб спорт змешвалі з палітыкаю», – таксама сказаў Сіярта. Пра гэта неаднаразова казалі раней і ў Менску.

Акрамя таго, дыпламат падзякаваў за надзейны транзіт нафты, падкрэсліўшы, што каля 80% сыравіны ягоная краіна атрымоўвае праз Беларусь нафтаправодам «Дружба».

Беларускі міністр, у сваю чаргу, заявіў, што «і Будапэшт, і Менск выбудоўваюць сваю палітыку на падставе пажаданняў і інтарэсаў бальшыні свайго насельніцтва, а не па ўказцы звонку або ў рэчышчы нечых вонкавых чаканняў».

Алейнік таксама выказаў спадзеў, што дзякуючы старшынству Вугоршчыны ў ЕЗ «у еўрапейскіх сталіцах узмацняцца здаровыя тэндэнцыі».

Міністры замежных справаў Вугоршчыны і Беларусі Петэр Сіярта і Сяргей Алейнік адказваюць на пытанні журналістаў. Менск, Беларусь. 29 траўня 2024 года.
Фота: БелТА

Віцэ-прэзідэнт даследчага інстытуту GLOBSEC Алена Кудзько ў каментары «Белсату» адзначыла, што Вугоршчына выкарыстоўвае Беларусь у сваіх мэтах. Такія візіты дазваляюць паказваць Бруселю, што, нягледзячы на ціск еўрапейскіх партнёраў, Будапэшт будзе працягваць «сваю палітыку безлімітнай усебаковасці»:

«Сіярта зараз акцэнтуе, што вугорскія інтарэсы для Будапэшту значна важнейшыя, чымся агульнаеўрапейскія. Для іх гэта інструмент, з дапамогаю якога можа гандлявацца на еўрапейскім узроўні».

Паводле эксперткі, цяперашні візіт Сіярта ў Менск – частка стратэгіі Будапэшту. Вугоршчына «бадаецца» з Бруселем за размарожванне грошай, якія ЕЗ блакуе ў адказ на парушэнні вяршэнства права ў краіне.

Hавiны
Еўрапарламент заклікаў пакараць Віктара Орбана за нанясенне шкоды дэмакратыі ўнутры краіны
2024.01.18 21:00

Акрамя таго, рэспубліка пад кіраўніцтвам прэм’ера Віктара Орбана паслядоўна выступае за працяг перамоваў як з Менскам, гэтак і з Масквою, адзначыла Кудзько.

«Лукашэнка даўно кажа, што трэба спрабаваць аднавіць стасункі і з іншымі краінамі, у тым ліку з Захадам. Таму гэты візіт не выбіваецца з агульнай тэндэнцыі. І Будапэшт, і Менск пагаджаюцца, што акно магчымасцяў для гэтага можа прыйсці даволі хутка. Усё-ткі адбываецца шэраг выбараў, і ў краінах ЕЗ, і ў ЗША. І разлік на тое, што будзе больш і больш ахвочых размаўляць з Менскам», – кажа суразмоўніца «Белсату».

Плюс Будапэшт можа ўперціся, калі супраць Беларусі будуць планавацца новыя санкцыі: Вугоршчына з задавальненнем карыстаецца правілам аднагалоснага падтрымання.

«Дастаткова адной краіны, каб заблакаваць увесь пакет. Будапэшт гэта рабіў і ў мінулым, і вельмі паспяхова. Любая краіна таксама можа дамагацца, каб санкцыі мадыфікавалі, напрыклад, патрабаваць, каб канкрэтнае прадпрыемства ці канкрэтная асоба былі выкрасленыя са спісу», – канстатавала Алена Кудзько.

Аб’ектыў
Урад Віктара Орбана блакуе антываенныя санкцыі
2023.04.24 21:43

«Бдыщ для сбежавших вредителей – буквально через месяц Будапешт станет во главе Европейского Союза», – з запалам паведаміў Telegram-канал беларускага МЗС.

«Гэта прапагандысцкія гульні перш за ўсё», – парыраваў палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у каментары «Белсату». Аналітык прызнаў, што ўлады Вугоршчыны ў сваёй краіне сапраўды могуць неяк ускладніць жыццё беларусам у эміграцыі, аднак у агульнаеўрапейскім маштабе нашкодзіць не ўдасца.

Разбор
Адкуль могуць дэпартаваць і экстрадаваць у Беларусь на палітычны запыт, а дзе бяспечна
2024.02.04 13:00

«Вугоршчына, натуральна, можа паўплываць на пэўныя тэндэнцыі працэдурнага характару. Аднак такія рашэнні прымаюцца на еўрапейскім узроўні, і тут нават пры ўсім сваім жаданні Вугоршчына нічога дамагчыся не зможа. Дый не будзе асабліва нічога рабіць, не патрэбна ім гэта. Яны паводзяцца вельмі асцярожна», – падкрэсліў Фрыдман.

Ён таксама не чакае, што Будапэшту давядзецца ратаваць Беларусь ад новых санкцыяў, бо іх і не абмяркоўваюць.

«Мы маем такі статус-кво. Стасункі застылі на вельмі нізкім узроўні. Новыя санкцыі супраць лукашэнкаўскага рэжыму не ўводзяцца і нават асабліва не абмяркоўваюцца, такія прынцыповыя санкцыі. Калі Беларусь не будзе больш актыўна задзейнічаная ў вайне супраць Украіны, гэтых санкцыяў, хутчэй за ўсё, не будзе. Паслаблення таксама чакаць не выпадае», – сказаў эксперт.

У любым выпадку Вугоршчына ніколі не будзе абараняць Беларусь, калі не пабачыць выгоды для сябе:

«Калі можна паспрабаваць спыніць нейкія санкцыі, бо з гэтага можна будзе нешта атрымаць, то яны імкнуцца гэта зрабіць. Калі ціск на іх вельмі моцны, і яны разумеюць, што калі яны будуць гэта працягваць, то ў іх могуць з’явіцца праблемы альбо, наадварот, нейкія бонусы, якія яны атрымаюць за падтрыманне санкцыяў, – гэта перавысіць усе іх спробы гэтыя санкцыі перадухіліць».

Аляксандр Фрыдман сумняецца, што праз Вугоршчыну ЕЗ вядзе закулісныя перамовы з Менскам: «Гэты варыянт мне не падаецца рэалістычным з прычыны іміджу Вугоршчыны ў ЕЗ. Мне падаецца, гэта апошняя краіна, якую яны выкарысталі б для перамоваў з Лукашэнкам».

Такім чынам, падсумаваў суразмоўца «Белсату», сённяшні візіт Сіярта – звычайны працоўны. Вугоршчына – невялікая краіна, шукае, дзе б зарабіць грошай, і не цураецца такіх таксічных партнёраў, як цяперашняя Беларусь.

«Сіярта падкрэсліваў, што яны гатовыя да вельмі шчыльнай супрацы, але адначасова – і гэта быў галоўным чынам сігнал заходнім партнёрам, – што яны не збіраюцца абыходзіць санкцыі. То бок усё, што паміж намі можна легальна зрабіць, мы зробім. Аднак стасункі з Беларуссю для кіраўніцтва Вугоршчыны не з’яўляюцца прыярытэтам», – упэўнены аналітык.

Аналітыка
«Захад – ён розны». Вугоршчына ўсё больш адхіляецца ад курсу ЕЗ адносна Пуціна і Лукашэнкі
2023.10.25 18:40

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў