Прасоўванні расейцаў і контратакі ЗСУ. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 854-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 26 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец рыхтуе беспілотнік мадэлі DJI Enterprise, які выкарыстоўваецца ў якасці антэны для ўзмацнення сігналу беспілотнікаў FPV, загружаных выбухоўкай. Харкаўская вобласць, Украіна. 18 чэрвеня 2024 года.
Фота: Pablo Miranzo / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Сумскі і харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах аднайменных вобласцяў)

На поўначы Харкаўскай вобласці ініцыятыва захоўваецца за Збройнымі сіламі Украіны, якія контратакуюць у ваколіцах сяла Глыбокае, а таксама на тэрыторыі гораду Ваўчанск і ў ягоных ваколіцах, імкнучыся выбіць праціўніка да дзяржаўнай мяжы з РФ. Адначасова з гэтым ЗСУ сцягваюць рэзервы на кірунак, якія маюць быць задзейнічаныя ў выпадку прарыву фронту.

Выданне BILD звяртае ўвагу на тое, што акрамя гэтага ўкраінцы працягваюць наносіць удары па тэрыторыі Расеі, што сведчыць аб правале намеру апошняй стварыць так званую буферную зону паміж краінамі.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім і ліманскім кірунках цягам апошніх содняў Сілы абароны краіны адбілі шэраг атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Бераставое, Стэльмахаўка, Грэкаўка, Капанкі, Церны, Торскае, Макееўка і Неўскае. Баі на гэтых участках фронту працягваюцца.

Між тым у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што іхныя вайскоўцы занялі больш выгадныя рубяжы каля сёлаў Сынькоўка, Платонаўка, Макееўка і Дзіброва.

Тым часам прарасейскі тэлеграм-канал «Военкор Котенок» сцвярджае, што войскі РФ прасунуліся з поўначы ад сяла Стэльмахаўка і завязалі баі на ўскрайках населенага пункту. Адначасова з гэтым ажыццяўляецца ціск на абарону ўкраінцаў з поўдня ад Стэльмахаўкі.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай вобласці і на паўднёвым захадзе Луганскай)

З поўдня ад ракі Сівэрскі Данец Узброеныя сілы РФ ціснуць у ваколіцах населеных пунктаў Белагораўка, Спірнае і Раздолаўка.

Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што ў апошнім сяле ідуць актыўныя баі: тут расейцы наступаюць, маючы значную перавагу ў жывой сіле, якая падтрымліваецца цяжкай тэхнікай.

«Военкор Котенок» фіксуе кантроль расейцаў над двума трацінамі населенага пункту.

У гэты ж час прарасейскі тэлеграм-канал «НгП раZVедка» сцвярджае, што УС РФ цалкам занялі Раздолаўку, вымусіўшы праціўніка адысці на поўнач. Цяпер, паводле крыніцы, у сяле праводзіцца зачыстка.

Ніжэй па фронце працягваюцца баі ва ўсходняй частцы гораду Часаў Яр і ў ягоных ваколіцах. Паводле прарасейскіх крыніцаў, пакуль войскам РФ не ўдаецца цалкам выціснуць праціўніка за канал Сівэрскі Данец – Данбас.

Між тым BILD паведамляе, што ЗСУ паспяхова контратакавалі ў мікрараёне «Канал» і выбілі адтуль праціўніка.

На тарэцкім кірунку расейцы атакуюць на ўсходзе ад аднайменнага гораду. Генштаб ЗСУ фіксуе няўдалыя штурмавыя дзеянні расейцаў у бок сяла Паўночнае.

Тым часам прарасейскі канал «Два майора» адзначае рух УС РФ па ўсёй лініі сутыкнення з усходу ад Тарэцку.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

Ініцыятыва Узброеных сілаў РФ захоўваецца на пакроўскім кірунку, дзе яны наступаюць з захаду ад раней занятага гораду Аўдзееўка. На дадзены момант асноўныя намаганні расейцаў засяроджаныя на спробах выйсці да трасы Пакроўск – Канстанцінаўка, што істотна пагоршыць становішча ЗСУ на ўсім усходнім фронце. Тэлеграм-канал канал «Говорять Снайпер» піша, што ўкраінскі бок паспеў падрыхтаваць пазіцыі на подступах да дарогі, і цяпер, пры граматнай расстаноўцы сілаў і сродкаў, ЗСУ маюць добрыя шанцы ўтрымаць трасу, якая знаходзіцца на ўзвышшы адносна наваколля.

Іншая праўкраінская крыніца – канал «Офіцер» – фіксуе актыўнасць расейцаў і на паўднёвым фланзе кірунку, дзе яны прасоўваюцца ў сяле Карлаўка, а таксама шчыльна абстрэльваць горад Сэлідава, рыхтуючыся да далейшага руху на захад.

На курахаўскім кірунку працягваюцца баі за Краснагораўку. Прарасейскі «Рыбарь» піша, што расейцы атакуюць у цэнтры гораду, а таксама прасоўваюцца з паўночнага ўсходу ўздоўж ракі Лазавая.

Ніжэй па фронце ідуць баі ў ваколіцах сяла Канстанцінаўка, але істотных зменаў не фіксуецца.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (поўдзень Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На поўдні Данецкай вобласці ідуць сустрэчныя баі на так званым урэмаўскім выступе ў ваколіцах сяла Ураджайнае, але пакуль ніводнаму з праціўнікаў не ўдаецца істотна змяніць сітуацыю.

У Запарожскай вобласці баявыя дзеянні па-ранейшаму лакалізуюцца на выступе па фронце каля гораду Арэхаў. Прарасейскі тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» сцвярджае, што войскі РФ цягам содняў прасунуліся на некалькі сотняў метраў у ваколіцах сёлаў Вэрбовае і Работына.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

 

Стужка навінаў