У ЗША прайшлі першыя дэбаты Джо Байдэна і Доналда Трампа


Увечары 27 чэрвеня ў амерыканскім штаце Джорджыя прайшоў першы раўнд перадвыбарных дэбатаў дзейнага прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і ягонага папярэдніка Доналда Трампа.

Дэбаты Джо Байдэна і Доналда Трампа.
Фота: CNN

Дэбаты ў прамым эфіры трансляваў тэлеканал CNN. Яны доўжыліся паўтары гадзіны.

Першая частка дэбатаў была прысвечаная эканамічным праблемам, міграцыі, абортам і іншым пытанням унутрыамерыканскага парадку дня. Байдэн настойваў на тым, што пад ягоным кіраўніцтвам краіна паспяхова адолела наступствы рэцэсіі, справакаванай пандэміяй COVID-19, а таксама што дзякуючы палітыцы ягонай адміністрацыі зніжаецца інфляцыя, што яму ўдалося знізіць кошт лекаў для амерыканцаў у сталым узросце.

Джо Байдэн паабяцаў у выпадку пераабрання падвысіць падаткі для грамадзянаў ЗША з высокімі даходамі, каб падтрымаць фінансаванне сацыяльных праграмаў.

Трамп у адказ на гэта заявіў, што насамрэч цяперашні эканамічны рост быў закладзены яшчэ падчас ягонага прэзідэнцтва, дзякуючы зніжэнню падаткаў і скарачэнню дзяржаўнага рэгулявання эканомікі. Былы прэзідэнт абвінаваціў Байдэна ў спрыянні незаконнай міграцыі, што балючае б’е па малазабяспечаных амерыканцах.

Эмацыйна абмяркоўваліся міжнародныя тэмы. Спачатку гаворка ішла пра вывад амерыканскіх войскаў з Афганістану – Трамп назваў яго «самым ганебным момантам у гісторыі краіны» і заявіў, што гэта ў тым ліку падштурхнула Расею да ўварвання ва Украіну.

«Я ніколі ў жыцці не чуў столькі хлусні», – сказаў у адказ Байдэн.

Аб’ектыў
Доналд Трамп можа зрабіцца прэзідэнтам за кратамі?
2024.05.31 22:40

Трамп у чарговы раз заявіў, што ў выпадку сваёй перамогі ўрэгулюе расейска-ўкраінскі канфлікт яшчэ да афіцыйнага заняцця пасады, а таксама сказаў, што не лічыць высунутыя Уладзімірам Пуціным умовы міру ва Украіне прымальнымі.

Удзельнікі дэбатаў увесь час абвінавачвалі адзін аднаго ў хлусні. Джо Байдэн назваў былога прэзідэнта няўдачнікам. Трамп заявіў, што Байдэн – горшы прэзідэнт у гісторыі, а ягоная палітыка вядзе справу да трэцяй сусветнай вайны.

Байдэн адказаў, што гэта акурат Трамп можа давесці сітуацыю да трэцяй сусветнай вайны праз нежаданне дапамагаць Украіне, што можа падштурхнуць Пуціна да ўварвання ў краіну NATO.

«Пуцін хоча ўзяць усю Украіну. Вы думаеце, ён там спыніцца? Што, вы думаеце, адбудзецца з Польшчай, калі ён возьме Украіну, што адбудзецца з Беларуссю, што адбудзецца з краінамі NATO?» – звяртаўся Байдэн да Трампа з пытаннямі.

Выбары прэзідэнта ЗША пройдуць 5 лістапада 2024 года.

Аналітыка
Суды, невядомасць і патэнцыйны хаос. Чаго эксперты чакаюць ад спаборніцтва Байдэна і Трампа
2024.04.19 08:10

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў