Уступная кампанія, новыя бальнічныя і тарыфы на стаматалогію. Змены ліпеня для беларусаў


У ліпені 2024 года беларусаў чакае шэраг зменаў заканадаўства. Гэтак, плануюцца змены ў Крымінальным кодэксе, выплаце бальнічных і пенсіяў, працы індывідуальных прадпрымальнікаў. Ну і, вядома, нешта падаражэе, нешта кудысьці паедзе і паляціць, а таксама пройдзе асноўны этап уступнай кампаніі ў ВНУ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: sb.by

У пачатку ліпеня можа быць апублікаваная новая рэдакцыя рэгламенту Каардынацыйнай рады. Пасля гэтага трэцяе скліканне КР зможа абраць спікера, віцэ-спікера, вызначыцца са складам камісіяў і спецпрадстаўніком у ЗША.

Даражэюць цыгарэты і бензін

З 1 ліпеня падаражэюць некаторыя маркі цыгарэт. На 10 капеек вырастуць кошты на Lucky Strike Aroma Ruby, на 15 – на Карона Slims Green, на 20 капеек – некаторыя віды цыгарэт Pall Mall, Kent і Rothmans. На 30 капеек стануць даражэйшымі Kent Crystal Blue, Rothmans Blue ды некаторыя віды Lucky Strike і Pall Mall.

У ліпені працягнецца рост коштаў на аўтамабільнае паліва. З 21 траўня паліву дазволілі восем тыдняў запар даражэць на 1 капейку. У выніку да 9 ліпеня паліва будзе каштаваць: АІ-92 – 2,34 рубля, АІ-95 – 2,44 рубля, АІ-98 – 2,66 рубля, ДТ – 2,44 рубля.

Вырастуць заробкі ў сацыяльнай сферы

З 1 ліпеня на 25% павялічваецца надбаўка за працу ў сферы сацыяльнага абслугоўвання. Гэта датычыць сацыяльных работнікаў, сядзелак, малодшых медсясцёр, што даглядаюць хворых, нянек, санітарак, сясцёр-гаспадынь, кухараў, прыбіральнікаў і дворнікаў. Штомесячнае павелічэнне іх заробку складзе каля Br 63, яно будзе павялічвацца разам з ростам базавай стаўкі.

Новыя тарыфы ў стаматалогіі

З 1 ліпеня набудуць моц пастановы Міністэрства аховы здароўя, якія зніжаюць тарыфы на платныя стаматалагічныя паслугі, а таксама змяняюць нормы часу і расходу матэрыялаў. У выніку гэтага, заяўляюць у ведамстве, павінна знізіцца кошт платных стаматалагічных паслуг.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: sb.by

Змены ў выплаце бальнічных

З 1 ліпеня зменіцца парадак прызначэння выплаты бальнічных. У формулу налічэння аплаты ўключаць усе выплаты, на якія налічваюцца абавязковыя страхавыя ўнёскі на сацыяльнае страхаванне ад усіх працадаўцаў за разліковы перыяд. Акрамя таго, тым, у каго стаж працы 10 гадоў і больш, бальнічны з першага дня будзе аплачвацца ў памеры 100% заробку. Для супрацоўнікаў са стажам менш за 10 гадоў – 80% заробку. Пакуль жа першыя 12 дзён бальнічнага пакрывалі 80% заробку, за астатнія – 100%. Мінімальны памер бальнічных будзе залежаць ад памеру мінімальнага заробку. Самі бальнічныя будуць прызначаць паводле асноўнага месца працы, але з улікам заробку ўсіх працадаўцаў. І права на бальнічны супрацоўнік атрымае толькі тады, калі не будзе працаваць на ўсіх месцах працы.

Сацыяльныя выплаты па-новаму

З 1 ліпеня зменіцца парадак выплаты пенсіяў, дапамог асобам, якія выхоўваюць дзяцей, даглядаюць інвалідаў I групы або асобаў, старэйшых за 80 гадоў. Гэта датычыць Менску, абласных і раённых цэнтраў. Перавесці выплаты з пошты ў банк трэба было да 21 чэрвеня. Шэрагу атрымальнікаў пенсіяў і выплат дазволяць надалей атрымліваць іх праз пошту, у тым ліку з дастаўкай на дом.

Змены ў Крымінальны кодэкс

12 ліпеня пачнуць дзеяць змены ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Беларусі. Галоўнае новаўвядзенне ў кодэксах, на думку беларускіх праваабаронцаў, – павелічэнне аднаразовага максімальнага тэрміну пакарання асуджанага штрафным ізалятарам з 10 да 15 дзён максімальна.

«Вязням, асабліва палітычным, сядзець будзе горш, а аператыўнікам і кантралёрам калоніяў будзе лягчэй караць людзей», – ацэньвае новаўвядзенне праваабаронца Леанід Судаленка.

Таксама вызначаны парадак прымусовага лячэння людзей, якія ўчынілі сексуальны гвалт у дачыненні да непаўналетніх. Для іх уводзяцца дадатковыя патрабаванні кантролю, як то прэвентыўны нагляд, абавязак паступіць на працу або вучобу, з’яўляцца ў арганізацыю аховы здароўя для праходжання лячэння. У выпадку невыканання такіх патрабаванняў будзе наступаць адказнасць за парушэнне правілаў прэвентыўнага нагляду.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: sb.by

Змены ў падачы на апастыль

З 1 ліпеня прыём на апастыль на дакументах установаў адукацыі і выдача аформленых дакументаў будзе ажыццяўляцца па-новаму. Ведамства ўвяло для гэтага папярэдні запіс, для якога трэба з’явіцца асабіста ў Дэпартамент кантролю якасці адукацыі ў працоўныя дні (акрамя серады) з 09:00 да 10:00. Пры гэтым падаваць дакументы зможа толькі зацікаўленая асоба асабіста або праз прадстаўніка на падставе даверанасці, аформленай у Беларусі. Запіс праз тэлефон ці электронную пошту ў ІТ-краіне не ажыццяўляецца.

Электронныя дэкларацыі для ІП

З 1 ліпеня ўсе індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаныя падаваць падатковыя дэкларацыі ў электронным выглядзе. Для гэтага ім неабходна атрымаць сертыфікат адкрытага ключа, выдадзены дзяржаўнай сістэмай кіравання адкрытымі ключамі праверкі электроннага лічбавага подпісу Беларусі. Праўда, Міністэрства падаткаў і збораў паведаміла, што папяровыя дэкларацыі ўсё ж такі будуць прымацца і пасля 1 ліпеня, бо рэгістрацыйныя цэнтры, якія выдаюць гэтыя ключы, перагружаныя.

Уступная кампанія

Беларускія ВНУ па 2 ліпеня прымаюць дакументы ў абітурыентаў-мэтавікоў. Уступныя іспыты для іх пройдуць з 4 па 10 ліпеня, а залічэнне мусіць скончыцца 12 ліпеня. З 1 па 2 ліпеня адбудзецца афіцыйнае залічэнне ў шэрагі студэнтаў пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд.

Прыём дакументаў ад выпускнікоў профільных класаў педагагічнай і спартыўна-педагагічнай накіраванасці, а таксама тых, хто вучыўся ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, пройдзе з 12 па 14 ліпеня. З імі намечана правесці сумоўе прыблізна 15 ліпеня.

Агляд
Што новага ва ўступнай кампаніі ў беларускія ВНУ і колькі месцаў пакінулі «простым смяротным»
2024.06.28 12:30

Прыём дакументаў на бюджэт на вочную і завочную форму навучання ў рэшты абітурыентаў запланаваны з 12 па 17 ліпеня – у дзяржаўных ВНУ, з 12 па 19 ліпеня – на вочнай форме ў напрамках адукацыі «Сельская гаспадарка», «Ветэрынарыя», «Рыбная гаспадарка» і «Ахова працы» і па ўсіх спецыяльнасцях у Ваеннай акадэміі, Акадэміі МУС, Магілёўскім інстытуце МУС, і Інстытуце памежнай службы, а таксама на ваенных факультэтах. У большасці ВНУ ўнутраныя ўступныя іспыты пройдуць з 18 па 25 ліпеня. Вынікі залічэння на бюджэт будуць вядомыя да 27 ліпеня.

Для навучання на платнай аснове прыём дакументаў ад тых, хто здае ўступныя іспыты, будзе ажыццяўляецца з 12 па 17 ліпеня, у тых, хто іх не здае – з 12 ліпеня па 1 жніўня.

Уступная кампанія для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі пачнецца 20 ліпеня.

Дазволеная рэклама алкаголю

З 12 ліпеня змяняецца закон пра рэкламу. Ён дазволіць рэкламаваць на радыё і тэлебачанні забароненую пакуль рэклама алкагольных напояў з 22:00 да 07:00, а рэкламаваць піва і слабаалкагольныя напоі можна будзе на адну гадзіну больш (з 21:00). Таксама на адну гадзіну павялічыцца час рэкламы ігральных устаноў і азартных гульняў (з 21:00 да 07:00). Разам з тым забараняецца рэклама працаўладкавання і навучання за межамі краіны. Частка зменаў закране і блогераў: ім трэба будзе трапіць у рэестр рэкламараспаўсюджвальнікаў.

Змены ва ўвозе тавараў

11 ліпеня набудзе моц рашэнне Савету Еўразійскай эканамічнай камісіі аб некаторых пытаннях ужывання мытнай працэдуры часовага ўвозу. Для гэтага сфармаваны адзіны пералік тавараў, у якім вызначаныя як тэрміны і ўмовы часовага знаходжання і выкарыстання тавараў без выплаты мытаў і падаткаў, гэтак і тэрміны дзеяння мытнай працэдуры часовага ўвозу.

Змены ў інвестыцыях

11 ліпеня набудзе моц рашэнне ўраду «Аб прыярытэтных відах дзейнасці для ажыццяўлення інвестыцыяў». Акрамя саміх відаў дзейнасці, дакумент вызначае таксама мінімальны абʼём гэтых інвестыцыяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Змены ў выплаце ўтылізацыйнага збору

З 1 ліпеня ў Беларусі ўвядуць змены ва ўтылізацыйным зборы на аўтамабілі, увезеныя з краінаў Еўразійскага эканамічнага саюзу і выпушчаных менш як год таму. Вызначаць стаўку збору будуць на падставе заключэння незалежнай ацэнкі. Таксама адкарэктаваны спіс дакументаў, што вызваляе транспартныя сродкі ад збору.

Абмежаванні на пошце

З 3 ліпеня ў ЕАЭС уводзіцца пералік тавараў, перасылка якіх у міжнародных паштовых адпраўленнях забароненая. Забарона датычыць як фізічных, так і юрыдычных асобаў. Да тавараў, на якія яна распаўсюджваецца, адносяцца: алкагольная прадукцыя, піва, этылавы спірт, тытунёвыя вырабы, курыльныя сумесі, бестытунёвыя курыльныя вырабы, нікацінавая прадукцыя, выбуховыя рэчывы і прылады, феерверкі, зброя, патроны да яго, падобныя да зброі вырабы, азонаразбуральныя і атрутныя рэчывы, небяспечныя адходы, прыродныя алмазы, каштоўныя камяні і металы; наркотыкі, псіхатропы і іх прэкурсоры.

Этыка ў натарыусаў

З 11 ліпеня запрацуюць новыя правілы прафесійнай этыкі натарыуса, што датычаць асобы натарыуса і яго паводзінаў, у тым ліку ва стасунках з кліентамі, калегамі, органамі натарыяльнага самакіравання, дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі і службовымі асобамі. Прытрымлівацца ім павінны не толькі дзейныя натарыусы, але і тыя, хто прыпыніў дзейнасць.

Новы цэнтр заканадаўства

З 1 ліпеня пачне функцыянаваць Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававой інфармацыі. Ён ствараецца ў выніку зліцця Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых даследаванняў і Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: sb.by

Бязвіз на «Славянскі базар»

Фестываль «Славянскі базар» сёлета пройдзе з 11 па 14 ліпеня. Для яго ўдзельнікаў і гасцей будзе дзейнічаць бязвізавы рэжым з 4 па 21 ліпеня. Для ўезду ў Беларусь без візы неабходна прадʼявіць запрашэнне цэнтру культуры «Віцебск», Міністэрства культуры або квіток на падзею фэсту.

Змены ў працы чыгункі і самалётаў

Беларуская чыгунка прызначыла 14 дадатковых цягнікоў на свята на радзіме Аляксандра Лукашэнкі «Александрыя збірае сяброў», што пройдзе 6-7 ліпеня ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёну. Таксама з 8 па 16 ліпеня прызначаныя дадатковыя цягнікі Віцебск – Масква і Менск – Віцебск з нагоды «Славянскага базару».

У сувязі з рамонтамі 16 і 17 ліпеня зменіцца расклад асобных цягнікоў на ўчастках Маладзечна – Ліда і Баранавічы – Ваўкавыск, 31 ліпеня – на ўчастку Магілёў – Асіповічы, а 22, 23, 24, 25, 29, 30 і 31 ліпеня – маршрут і расклад руху пасажырскага цягніка №680 Горадня – Віцебск.

«Белавія» з 1 ліпеня будзе лятаць па маршруце Масква – Берасце – Масква тры разы на тыдзень. Да рэйсаў у сераду і суботу дадасца рэйс у панядзелак.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў