Доналд Трамп можа зрабіцца прэзідэнтам за кратамі?


Вінаваты паводле ўсіх 34 пунктаў! Гэткі вердыкт аднагалосна вынеслі дванаццаць прысяжных у крымінальнай справе супраць Доналда Трампа.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Трамп стаўся першым былым амерыканскім прэзідэнтам, якога прызналі вінаватым у крымінальным злачынстве. А менавіта – у фальсіфікацыі дакументаў, што дазволіла схаваць выплату грошай порнаакторцы Стормі Дэньелз. Адвакат Трампа перадаў ёй 130 тысяч долараў за маўчанне пра сексуальную сувязь з палітыкам яшчэ падчас прэзідэнцкай кампаніі 2016 года.

Доналд Трамп не прызнаў віны ні паводле аднаго з 34 пунктаў. Пасля абвяшчэння вердыкту прысяжных у каментары журналістам ён назваў гэты працэс сфальсіфікаваным, а суддзю – карумпаваным. Сябе ж палітык ужо лічыць палітычным вязнем:

«Мы не зрабілі нічога дрэннага. Я вельмі нявінны чалавек. Усё ў парадку, я змагаюся за нашую краіну. Я змагаюся за нашую Канстытуцыю. Цяпер уся нашая краіна сфальсіфікаваная. Гэта было зроблена Адміністрацыяй Байдэна, каб пакрыўдзіць палітычнага суперніка або нашкодзіць яму. І я лічу, што гэта проста ганьба. Мы будзем працягваць змагацца, мы будзем змагацца да канца, і мы пераможам».

У Адміністрацыі прэзідэнта Джо Байдэна пасля рашэння прысяжных заявілі, што “паважаюць вяршэнства закону”. Сам жа галоўны апанент Трампа на будучых выбарах адрэагаваў на ягоны абвінаваўчы вердыкт публікацыяй у сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы «Экс»:

«Ёсць толькі адзін спосаб не дапусціць Доналда Трампа ў Авальны кабінет – ля выбарчай скрыні. Ахвяруйце на нашую кампанію сёння».

«Трэба адзначыць, што ў абодвух кандыдатаў рэйтынг не вельмі высокі, не вельмі добры. І таму барацьба па факце будзе за кожны голас, за дзясяткі галасоў», – распавяла амерыканістка Аляксандра Філіпенка.

Патэнцыйны электарат таксама адрэагаваў на вердыкт прысяжных у справе Трампа. Каля будынку суда ў Нью-Ёрку, дзе праходзіў працэс, сабраліся дзясяткі прыхільнікаў і праціўнікаў былога прэзідэнта ЗША. Вось, што казалі некаторыя з іх:

«Я ведаю, што ён вінаваты, я змірылася з гэтым. Я не чакаю, што Трампа пасадзяць у турму, бо ён заможны белы чалавек у Амерыцы. Але хлусня ёсць хлуснёй, вырак ёсць выракам».

«Калі ў вас ёсць грошы, і калі ў вас дастаткова ўлады, і калі ў вас дастаткова людзей за плячыма, вы можаце рабіць усё, што захочаце. І я плакала, бо, магчыма, гэта не так. Вядома, ён падасць апеляцыю, вядома, гэта яшчэ не канец. Мы мусім святкаваць, пакуль можам».

«Тое, што тут адбылося, – гэта ганьба. Я карэнны жыхар Нью-Ёрку. Мы падтрымліваем Трампа. Я не галасаваў за яго першым разам, але мы зробім гэта цяпер».

«Нават калі Трамп сядзе ў турму, выйдзе з яе, выйдзе пад заклад ці неяк яшчэ, мы ўсё роўна будзем галасаваць за Трампа. Як маё меркаванне зменіць тое, што ў яго проста непрыемнасці?»

Доналд Трамп.
Фота: Авторство: Gage Skidmore / commons.wikimedia.org, CC BY-SA 3.0

Вырак Доналду Трампу агучаць адзінаццатага ліпеня. Максімальны тэрмін зняволення паводле кожнага з 34 пунктаў абвінавачання – 4 гады. І тэарэтычна як найменей столькі гадоў Трамп можа правесці за кратамі. Як найболей яму пагражае 136 гадоў турмы.

«Я думаю, што суддзі давядзецца нялёгка, каб збалансаваць справядлівае рашэнне з улікам сур’ёзнасці гэтага злачынства. Я думаю, што мы ўбачым пэўны тэрмін пазбаўлення волі, але я думаю, што ён будзе вельмі абмежаваны. Пазбаўленне волі будзе хутчэй сімвалічным, чым карным. Але я буду здзіўлены, калі гэта будзе ўмоўны тэрмін», – кажа былы федэральны пракурор Робэрт Мінц.

Аднак нават калі суд пакарае Доналда Трампа пазбаўленнем волі, гэта не перашкодзіць яму балатавацца на выбарах. Больш за тое, у выпадку перамогі фармальна ён зможа кіраваць краінаю з-за кратаў.

«У амерыканскім заканадаўстве няма нічога, што звязана з крымінальным абвінавачаннем для кандыдата ў прэзідэнты. Так, Трамп зараз, напрыклад, не можа купляць зброю, ён не можа галасаваць сам за сябе. Ён не можа атрымаць доступ да сакрэтных дадзеных. Вось гэтыя абмежаванні ёсць. Але ніякіх абмежаванняў у тым, каб стаць прэзідэнтам ЗША ў яго няма», – дадала Аляксандра Філіпенка.

Выбары прэзідэнта ЗША пройдуць пятага лістапада. Яны будуць шасцідзясятымі ў гісторыі краіны.

Ірына Юр’ева, «Белсат»