Каардынацыйная рада будзе рэпрэзентаваная ў ПАРЕ


У працы камітэтаў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) зможа ўзяць удзел дэлегацыя Каардынацыйнай рады. Пра гэта піша Павел Латушка па выніках сустрэчы з генеральным сакратаром ПАРЕ Дэспінаю Хацывасіліў-Цавіліс.

Фота: latushka / Telegram

Паводле Паўла Латушкі, генеральны сакратар ПАРЕ адзначыла важнасць выбараў у КР і «выказала падтрыманне ўсім беларусам, якія працягваюць змагацца за дэмакратыю і свабоду ў краіне». Яна таксама заявіла, што «цяпер рэалізуецца палітычнае рашэнне ПАРЕ ў забеспячэнні ўдзелу дэлегацыі КР у працы пастаянных камітэтаў» арганізацыі.

Павел Латушка таксама папрасіў Дэспіну Хацывасіліў-Цавіліс дазволіць яму выступіць і расказаць дэпутатам ПАРЕ пра злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя рэжымам Лукашэнкі, а таксама ваенныя злачынствы, звязаных з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў у Беларусь.

25 чэрвеня падчас выступу на пасяджэнні ПАРЕ ў Страсбуры міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што літоўскія ўлады «будуць радыя» размясціць у Вільні «інфармацыйны пункт Рады Еўропы ў справе Беларусі».

Паводле палітыка, такое рашэнне адпавядае палітыцы Літвы, якая стала падтрымлівае грамадзянскую супольнасць, незалежныя медыі і праваабаронцаў з Беларусі.

Аб працы над адкрыццём інфармацыйнага пункту Рады Еўропы аб Беларусі ў Вільні, што «дапаможа яшчэ больш умацаваць» супрацу дэмакратычных сілаў і арганізацыі, заявіла дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы з генеральным сакратаром Рады Еўропы Марыяй Пэйчынавіч-Бурыч 19 чэрвеня ў Вільні.

ПАРЕ – кансультатыўны орган, які складаецца з прадстаўнікоў парламентаў усіх дзяржаў-чальцоў, найстарэйшы ў Еўропе орган міжпарламенцкай супрацы.

16 верасня 1992 года асамблея прысвоіла статус «спецыяльна запрошанага» Вярхоўнаму Савету Беларусі 12-га склікання.

12 сакавіка 1993 года Менск падаў заяўку на ўступленне ў Раду Еўропы, аднак у студзені 1997-га пасля правядзення ў Беларусі рэферэндуму (24 лістапада 1996-га) аб змене Канстытуцыі бюро ПАРЕ прыпыніла статус новага двухпалатнага парламенту – Нацыянальнага сходу. Пасля гэтага разгляд заяўкі быў адкладзены.

Да развязвання Расеяй вайны ва Украіне Беларусь была адзінай еўрапейскай дзяржавай (за выключэннем Косава, незалежнасць якой прызналі 100 з 193 дзяржаваў – чальцоў ААН), якая не ўваходзіла ў склад Рады Еўропы. 28 лютага 2023 года прынялі Закон аб спыненні дзеяння ў дачыненні Расейскай Федэрацыі міжнародных дамоваў Рады Еўропы.

Нагадаем, што 12 чэрвеня адбылося першае паседжанне Каардынацыйнай рады трэцяга склікання. Ужо там выявіліся вялікія супярэчнасці паміж фракцыямі, якія засядалі ў КР і кіравалі ёю дасюль, і тымі, хто атрымаў перамогу на першых і пакуль адзіных выбарах. Месцамі дайшло нават да абвінавачванняў як у нежаданні аддаваць уладу, гэтак і ў імкненні яе ўзурпаваць.

26 чэрвеня стала вядома, што Валер Кавалеўскі складае з сябе абавязкі намесніка кіраўніцы і прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў замежных справах. Сваю пастанову палітык патлумачыў тым, што ў гэтым кірунку ў яго «з’явіліся разыходжанні ў стратэгічным бачанні шляхоў дасягнення мэтаў дэмакратычнага руху, у арганізацыі і тактыцы вядзення працы, а таксама ў падыходах да ўнутранай палітыкі».

Разбор
Якім мае быць парламент вольнай Беларусі: як яго выбіраць і колькі трэба дэпутатаў?
2024.06.17 16:00

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў