У Нямеччыне расследуюць нелегальны экспарт люксавых аўтаў у Расею праз Беларусь


26 чэрвеня ў нямецкім Гермэрсгайме прайшлі ператрусы ў больш як сямі камерцыйных і прыватных памяшканнях у сувязі з падазрэннямі ў парушэнні незалежнымі аўтадылерамі эмбарга на пастаўкі люксавых аўтамабіляў у Расею.

Чарга на польска-беларускай мяжы з легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў каля пераходу «Тэрэспаль» («Берасце»). Тэрэспаль, Польшча. 14 траўня 2024 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Паводле пракуратуры федэральнай зямлі Райнлянд-Пфальц, падазраваныя вывезлі з Нямеччыны значную колькасць у асноўным дарагіх аўтамабіляў і прывезлі іх у Расею ў абыход эмбарга Еўразвязу. Агулам вядзецца прыблізна пра 190 аўтамабіляў на мільёны еўраў.

Падазраваныя паведамлялі нямецкім уладам, што экспарт ішоў у суседнія з Расеяй дзяржавы, такія як Казахстан, Кыргызстан, Беларусь і Турцыя. Але фактычна машыны былі прададзеныя ў Расею.

Разбор
Усе паехалі на разварот, але шукаюць шчыліны ў правілах. Што з пропускам аўто праз мяжу Літвы
2024.06.04 21:46

З 23 сакавіка Польшча перастала выпускаць у Беларусь транзітныя аўтамабілі з аб’ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, або даражэйшыя за 50 000 еўраў незалежна ад аб’ёму рухавіка. Ад кіроўцаў аўтамабіляў патрабуюць дакумент ад вытворцы, які пацвярджаў бы права на экспарт машыны за межы Еўразвязу. Там мусіць быць указана, што вытворца ведае, хто прадае і хто купляе аўтамабіль, а ўгода не выклікае перасцярог датычна магчымага абыходу санкцыяў. Акрамя таго, вытворца мусіць пацвердзіць, што ведае канчатковага ўласніка аўтамабіля і ўпэўнены, што машына не будзе перапрададзеная. Таксама кіроўца мусіць падпісаць заяву, што ведае пра крымінальную адказнасць за фальшаванне такога дакументу. Услед за Польшчай падобныя абмежаванні ўвяла і Латвія.

Літва сталася апошняй краінай Еўразвязу, што мяжуе з Беларуссю, якая ўвяла новыя правілы. Адбылося гэта 3 чэрвеня. Праўда, перавознікі і так адзначалі, што Літва строга сачыла за тым, каб машына накіроўвалася менавіта ў Беларусь, а не ў Расею.

З 2022 года, пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны, імпарт згаданых аўтамабіляў з Еўразвязу ў РФ забаронены. Аднак у дачыненні вывазу ў Беларусь абмежаванняў не ўводзілі, чым і карысталіся пасярэднікі, якія куплялі такія аўты ў краінах ЕЗ, завозілі іх у Беларусь, а адтуль – у Расею.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў