Усе паехалі на разварот, але шукаюць шчыліны ў правілах. Што з пропускам аўто праз мяжу Літвы


Улады Літвы ўслед за Польшчай і Латвіяй з 4 чэрвеня абмежавалі правоз аўтамабіляў праз мяжу ў Беларусь. Гэтак яны імкнуцца рэалізаваць санкцыйную палітыку ў дачыненні Расеі, куды вельмі часта і скіроўваліся аўтамабілі. Пасля гэтых новаўвядзенняў чэргі на мяжы сталіся меншымі, але перавознікі спадзяюцца, што гэта не надоўга.

Чарга перад уездам у памежную зону на памежным пераходзе “Каменны Лог”.
Фота: Каменный Лог – Мядининкай 🇱🇹 / Telegram

Літва абвесціла пра новыя правілы вывазу ў Беларусь аўтамабіляў увечары 3 чэрвеня. Працаваць яны пачалі праз некалькі гадзін – ад 00:00 наступнага дня. Галоўная мэта абмежаванняў – ускладніць абыход санкцыяў супраць Расеі. У канцы сакавіка падобныя захады ўвялі Польшча і Латвія.

Новыя літоўскія правілы датычаць аўтамабіляў, не старэйшых за 5 гадоў ад моманту выпуску. Пры іх экспарце літоўскія мытнікі патрабуюць дамову куплі-продажу, выпіску з банку, звесткі аб канчатковым атрымальніку тавару і тлумачэнне, дзе будзе ўжывацца тавар, абавязанне або пацверджанне экспарцёра і грузаатрымальніка, што тавар не трапіць у Расею і гэтак далей. Калі машыны вязе фізічная асоба, то рабіць гэта можа толькі ўладальнік – асоба, якая набыла аўта. Сваякоў з даверанасцямі не пускаюць.

«Дэ-факта, [Літва. – рэд. belsat.eu] перакрывае ўвесь экспарт, акрамя санкцыянаванага заводам-вытворцам», – адзначыў адзін з каментатараў у тэматычным тэлеграм-канале «Большой автоблог/Sweet Car».

У памежных чатах пасля з’яўлення навіны пра ўведзеныя абмежаванні пачалі з’яўляцца прапановы купіць месца ў чарзе на мяжы бліжэй да выезду з Літву ў Беларусь, каб паспець вывезці аўтамабілі да 4 чэрвеня.

Але з надыходам апоўначы правоз машынаў спыніўся.

«Усе аўтавозы – на разварот. Абсалютна ўсе. Усе паехалі ў зваротны бок», – распавядаў карыстальнік тэлеграм-чату «BMW F3x Family :)», публікуючы відэа гэтага.

Пры гэтым пад абмежаванні траплялі не толькі еўрапейскія аўтамабілі, як гэта адбывалася на польскай мяжы, але і амерыканскія.

«Амерыка аўтавозы разварот 100%», «На лафеце ўсіх разгортваюць», – пісалі карыстальнікі памежных чатаў.

Паводле іх, пад забарону транзіту трапляюць і аўтамабілі з аб’ёмам рухавіка больш як 1,9, хоць такога абмежавання і няма ў тлумачэнні літоўскай мытні.

Што будзе цяпер?

Адначасова ў чатах пачалі з’яўляцца ідэі скіроўваць машыны ў Расею транзітам праз Турэччыну. А хтосьці нават стаў прапаноўваць «дапамагчы» выехаць транзітам праз Грузію.

На раніцу 4 чэрвеня легкавых аўтамабіляў на мяжы стала істотна меншай, «чарга са звычайных машын ужо не такая і вялікая».

Праўда, людзі, якія займаюцца дастаўкай люксавых аўтамабіляў, абяцаюць, што хутка ўсё нармалізуецца і атрымаецца знайсці «шчыліну».

«Проста павінна мінуць некалькі дзён, зразумець, што рабіць. Зразумець, у чым шчыліна. Бо, як паказала практыка, самыя літоўцы гатовыя прапускаць, калі вы выконваеце нейкую фармальнасць чыноўнікаў. Памежнікі не супраць прапускаць. Яны дзейнічаюць проста па ўказцы. З’явіцца проста дадатковая бюракратыя ў выглядзе нейкай новай паперкі, праз якую будзе магчымы праезд», – паведаміў аўтар тэлеграм-каналу «Купи Авто•Подбор BMW».

Паводле яго, усе кліенты атрымаюць свае аўтамабілі, але можа павялічыцца час.

«Таксама ёсць у нас альтэрнатыўныя маршруты. Гэта праз Турэччыну, праз Грузію. Проста ўжо стамляешся ад гэтых еўрапейскіх незразумелых новаўвядзенняў», – дадаў ён.

Каментар
Мінфін Польшчы растлумачыў, што адбываецца з абмежаваннямі на вываз аўтаў у Беларусь
2024.04.11 12:32

З 23 сакавіка Польшча перастала выпускаць у Беларусь транзітныя аўтамабілі з аб’ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, або даражэйшыя за 50 000 еўраў незалежна ад аб’ёму рухавіка. Ад кіроўцаў аўтамабіляў патрабуюць дакумент ад вытворцы, які пацвярджаў бы права на экспарт машыны за межы Еўразвязу. Там мусіць быць указана, што вытворца ведае, хто прадае і хто купляе аўтамабіль, а ўгода не выклікае перасцярог датычна магчымага абыходу санкцыяў. Акрамя таго, вытворца мусіць пацвердзіць, што ведае канчатковага ўласніка аўтамабіля і ўпэўнены, што машына не будзе перапрададзеная. Таксама кіроўца мусіць падпісаць заяву, што ведае пра крымінальную адказнасць за фальшаванне такога дакументу. Услед за Польшчай падобныя абмежаванні ўвяла і Латвія.

Літва сталася апошняй краінай Еўразвязу, што мяжуе з Беларуссю, якая ўвяла новыя правілы. Праўда, перавознікі і так адзначалі, што Літва строга сачыла за тым, каб машына накіроўвалася менавіта ў Беларусь, а не ў Расею.

З 2022 года, пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны, імпарт згаданых аўтамабіляў з Еўразвязу ў РФ забаронены. Аднак у дачыненні вывазу абмежаванняў не ўводзілі, чым і карысталіся пасярэднікі, якія куплялі такія аўты ў краінах ЕЗ, завозілі іх у Беларусь, а адтуль – у Расею.

Разбор
Лавачка закрылася. ЕЗ узяўся за пастаўкі аўто праз Беларусь у РФ. Што ад таго беларусам?
2024.03.27 19:40

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў