Літва ўскладняе вываз аўтаў у Беларусь, каб перадухіліць іх рээкспарт у Расею


Літва абвесціла пра новыя правілы вывазу ў Беларусь аўтамабіляў, не старэйшых за 5 гадоў. Ад экспарцёра і грузаатрымальніка будуць патрабаваць гарантыі, што машына не будзе прададзеная ў Расею, паведамляе літоўская мытня.

Літоўскі памежны пункт пропуску «Твярачус» (з беларускага боку – «Відзы») на мяжы з Беларуссю за дзень да закрыцця на нявызначаны тэрмін. 17 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Гэтыя захады, як чакаецца, дапамогуць ускладніць абыход санкцыяў супраць Расеі і пачнуць дзеяць з 4 чэрвеня. Правілы датычаць аўтамабіляў, не старэйшых за 5 гадоў ад моманту выпуску. Пры іх экспарце літоўскія мытнікі будуць патрабаваць:

  • Дамову куплі-продажу;
  • Дакумент, што сведчыць атрыманне грошай ад пакупніка (выпіску з банку);
  • Даведка аб канчатковым атрымальніку тавару і тлумачэнне, дзе будзе ўжывацца тавар;
  • Абавязанне або пацверджанне экспарцёра і грузаатрымальніка, што тавар не прызначаны для Расеі і не будзе прададзены або іншым чынам перададзены для выкарыстання ў Расеі;
  • Цягам 40 дзён пасля мінання мяжы патрэбна перадаць копію мытнай дэкларацыі або іншага дакументу, які будзе сведчыць, што аўтамабіль размытнілі не ў Расеі.

Акрамя таго, пры вывазе легкавых аўтаў, не старэйшых за 5 гадоў, будзе патрабавацца дэкларацыя вытворцы.

Каментар
Мінфін Польшчы растлумачыў, што адбываецца з абмежаваннямі на вываз аўтаў у Беларусь
2024.04.11 12:32

Што датычыць фізічных асобаў, то купленую ў ЕЗ машыну вывезці ў Беларусь зможа толькі ўладальнік – асоба, якая набыла аўта. Сваякоў з даверанасцямі цяпер не пусцяць.

Літоўская мытня папярэджвае, што калі машыну, якую вывезуць з Літвы, усё ж зарэгіструюць у Расеі, то гэта будзе лічыцца парушэннем санкцыяў. У такім выпадку будзе праведзенае правяранне, пра што паведамяць экспарцёру. Да высвятлення ўсіх акалічнасцяў такому экспарцёру забароняць вывозіць іншыя аўтамабілі.

Раней Польшча, Літва і Латвія ўвялі абмежаванні на пропуск транзітных аўтамабіляў праз беларускую мяжу. У нашую краіну перасталі выпускаць транзітныя машыны з аб’ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, або даражэйшыя за 50 000 еўраў незалежна ад аб’ёму рухавіка.

Разбор
Лавачка закрылася. ЕЗ узяўся за пастаўкі аўто праз Беларусь у РФ. Што ад таго беларусам?
2024.03.27 19:40

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў