«Пакуль ніякіх планаў няма». Валер Кавалеўскі пра адыход з Аб’яднанага пераходнага кабінету


Валер Кавалеўскі абвясціў, што ідзе з Абʼяднанага пераходнага кабінету, дзе ён займаў пасаду намесніка кіраўніцы і прадстаўніка ў замежных справах. Сітуацыю ён асабліва не каментуе, але некаторыя падрабязнасці паведаміў «Белсату».

Валерий Ковалевский, Объединенный переходный кабинет
Прадстаўнік Офісу Святланы Ціханоўскай і Аб’яднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі. Варшава, Польшча. 29 студзеня 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У сваім допісе на Facebook Валер Кавалеўскі паведамляе, што ў Кабінеце з’явіліся «разыходжанні ў стратэгічным бачанні шляхоў дасягнення мэтаў дэмакратычнага руху, у арганізацыі і тактыцы вядзення працы, а таксама ў падыходах да ўнутранай палітыкі».

Больш распавядаць пра адыход з Кабінету і сутнасць разыходжанняў ён не стаў:

«Даруйце, ніякіх дадатковых каментароў у мяне няма на гэты конт».

Пра тое, чым ён будзе займацца далей, кажа, што «пакуль ніякіх планаў няма».

Асоба Валера Кавалеўскага ў Кабінеце была моцна звязаная з праектам пашпарту «Новай Беларусі». Што з ім будзе цяпер?

«Праект сам па сабе народны. Ім займаюцца многія людзі – і Офіс Святланы Ціханоўскай, і ў Кабінеце. Таму, думаю, знойдуцца людзі, якія працягнуць гэтую працу», – адзначае былы прадстаўнік Кабінету.

Валер Кавалеўскі адпрацаваў у Аб’яднаным пераходным кабінеце 3,5 года, дзе адказваў за міжнародныя сувязі з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

«Перакананы, што міжнародная дзейнасць мусіць быць толькі дадаткам да працы ў дасягненні зменаў у Беларусі. Менавіта праца з беларускімі грамадзянамі, з беларускім бізнесам, з беларускімі палітычнымі структурамі і грамадскімі ініцыятывамі ёсць найскладанейшым, але і найбольш абгрунтаваным і перспектыўным шляхам дасягнення мэтаў руху: абароны незалежнасці Беларусі, аднаўлення дзяржаўнага суверэнітэту, усталявання канстытуцыйнага парадку ў нашай краіне і пераходу да дэмакратычнай формы кіравання», – напісаў ён на развітанне з Кабінетам.

Валер Кавалеўскі працаваў у Міністэрстве замежных справаў Беларусі з 1998 да 2006 года. Да таго, як далучыўся да каманды Святланы Ціханоўскай у канцы 2020 года, ён працаваў у Групе Сусветнага банку ў Вашынгтоне.

Інтэрв’ю
«Я не стаўленік Дзярждэпу ЗША – я стаўленік Святланы Ціханоўскай». Шчырая размова з Валерам Кавалеўскім
2024.02.13 07:10

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў