Польшча не будзе мяняць візавую палітыку ў дачыненні беларусаў праз праблемы на мяжы


МЗС Польшчы не прадбачыць зменаў у працэсе выдачы візаў для беларускіх грамадзянаў праз магчымае закрыццё мяжы з Беларуссю. Пра гэта ведамства расказала «Белсату».

Чарга на польска-беларускай мяжы з легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў каля пераходу «Тэрэспаль» («Берасце»). Тэрэспаль, Польшча. 14 траўня 2024 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

У сувязі з міграцыйным крызісам польскія ўлады разважаюць, ці варта закрыць мяжу з Беларуссю. «Белсат» спытаў у МЗС Польшчы, ці можа закрыццё мяжы паўплываць на выдачу візаў беларусам.

«Бесперапыннасць аказання візавых паслуг у Беларусі гарантаваная падпісаннем новых пагадненняў з замежным пастаўніком паслуг у красавіку 2024 года. Заявы на атрыманне візаў працягваюць прымацца, нягледзячы на рэзкае скарачэнне дыпламатычнага і консульскага персаналу ў польскіх прадстаўніцтвах.

На гэты момант мы не прадбачым ніякіх зменаў у працэсе выдачы візаў для беларускіх грамадзянаў», – паведамляе МЗС Польшчы.

Пры гэтым усё яшчэ незразумела, якія з пунктаў пропуску на польска-беларускай мяжы могуць быць зачыненыя і ці будуць яны зачыненыя наогул. Цяпер на беларуска-польскай мяжы засталося тры пункты пропуску. З іх толькі адзін пасажырскі – «Берасце» («Тэрэспаль»). Яшчэ адзін для грузавога аўтамабільнага транспарту – «Казловічы» («Кукурыкі»). Таксама адкрыты для грузаў чыгуначны пункт пропуску ў Кузніцы.

«Міністр Радослаў Сікорскі заявіў, што цяпер праводзіцца аналіз, каб вызначыць, ці магчыма закрыццё польска-беларускіх памежных пераходаў з пункту гледжання інтарэсаў польскай эканомікі. Як ён адзначыў, ідэя палягае ў тым, што гэтая санкцыя мусіць быць суровай для беларускай эканомікі, а не для польскай», – працягвае МЗС Польшчы.

Агляд
Дуда расказаў сябру Сі пра мігрантаў на мяжы з Беларуссю. Кітай цяпер націсне на Лукашэнку?
2024.06.25 18:02

З візамі змены заўсёды ёсць. І не ў лепшы бок

Што датычыць візаў, то з некаторымі абмежаваннямі беларусам усё ж даводзіцца сутыкацца. Напрыклад, кампанія «VFS Global», якая ў партнёрстве з краінамі займаецца выдачай візаў, абвясціла, што з 25 чэрвеня візавыя цэнтры ў Горадні і Лідзе будуць прымаць дакументы толькі ад жыхароў Гарадзенскай вобласці. Раней візавыя цэнтры ў гэтых гарадах прымалі дакументы ва ўсіх беларусаў незалежна ад месца прапіскі. Калі, напрыклад, у Менску вялікія чэргі, можна было паехаць у Горадню. Цяпер такой магчымасці няма.

Таксама скарачаецца колькасць візаў, што выдае Польшча, але датычыць гэта не толькі беларусаў. Выданне «Rzeczpospolita» са спасылкай на МЗС Польшчы паведамляе, што ўрад прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска, які прыйшоў у канцы 2023 года, «перакрыў кран выдачы візаў замежнікам». У залежнасці ад тыпу візы скарачэнне склала ад 50 % да 90 %.

«Сёлета Польшча выдала (звесткі да 14 чэрвеня гэтага года) 98 211 візаў для працы, у асноўным беларусам (32 233), украінцам (47 257) і грузінам (3659). Для параўнання, годам раней было выдадзена 284 786 такіх візаў. Больш за ўсё грамадзянам Беларусі – 114 598, Украіны – 107 354 і Турцыі – 8257», – паведамляе «Rzeczpospolita».

Скарацілася і выдача гуманітарных візаў. Грамадзянам усіх краінаў летась Польшча выдала 4539 такіх візаў, а з пачатку 2024 года да 14 чэрвеня – толькі 542.

Яшчэ з пачатку 2024 года МЗС Польшчы спыніла выдачу візаў паводле праграмы «Poland.Business Harbour», што былі даступныя не толькі беларусам. Закрыццё праграмы было звязанае з візавым скандалам.

Каментар
Злоўжывалі людзі з Усходу, а цярпяць беларусы? Наступствы візавага скандалу ў Польшчы
2024.05.14 18:08

Вялікія цяжкасці ўяўляе сабой і звычайны запіс на падачу дакументаў. З 4 красавіка візавы цэнтр Польшчы ўвёў верыфікацыю з дапамогай відэакамеры. Меркавалася, што гэта палегчыць жыццё тым, хто запісваецца самастойна, паколькі пасярэднікі звычайна перахопліваюць большую частку месцаў і знайсці акенца на запіс вельмі цяжка. Паводле задумы, без верыфікацыі з дапамогай камеры месца не забярэш, значыць, звычайнаму чалавеку будзе прасцей запісацца.

Аднак спрацавала гэта дрэнна – людзі скардзіліся на збоі на сайце і праз гэта страту слотаў.

Акрамя таго, пасярэднікі вельмі проста абышлі ўскладненне верыфікацыі. Калі трэба, каб яны знайшлі месца, то ім загадзя высылаецца сэлфі і фота пашпарту.

Журналіст «Белсату» спрабаваў сам зарэгістравацца на сайце «VFS.GLOBAL», каб знайсці акенца, аднак рахунак проста быў заблакаваны. У чатах, дзе абмяркоўваюць запіс на візу, пішуць, што такія праблемы адбываюцца рэгулярна.

Агляд
«Шэнгенскі квэст». Як беларусам атрымаць візу ў Еўразвяз?
2024.05.29 15:45

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў