news
Аналітыка

«За банкет расплацяцца беларусы». Чаму расце эканоміка і заробкі – і ці надоўга гэта?

Эканаміст Дзмітрый Крук растлумачыў «Белсату», што адбываецца і да чаго рыхтавацца.
26.06.202406:19

Цягам пяці месяцаў з пачатку года беларуская эканоміка паказвае рост. І што яшчэ больш незвычайна, растуць рэальныя прыбыткі насельніцтва. «Белсат» распытаў эканаміста Дзмітрыя Крука, адкуль такія поспехі, ці надоўга гэта і чаго чакаць далей.

Камароўскі рынак.
Фота: Белсат

У студзені – траўні ВУП Беларусі павялічыўся на 5,2 % год да года, і сёлета гэты паказнік расце з месяца ў месяц. У студзені было 2,8 %, у студзені – лютым – 4 %, у студзені – сакавіку – 4,1 %, у студзені – красавіку – 5,1 % у параўнанні з такім жа перыядам летась.

Раней эксперты казалі, што ВУПу няма куды расці, бо прадпрыемствы і без таго ўжо загружаныя амаль напоўніцу. Эканаміст даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук у размове з «Белсатам» прызнаў: аналітыкі памыліліся. Аднак эканоміка застаецца хвораю.

«У канцы мінулага года і першыя два месяцы гэтага года даволі яскрава была бачная тэндэнцыя на запавольванне росту выпуску. Гэта досыць лагічна ўкладвалася ў макраэканамічнае асяроддзе, што склалася», – кажа Крук. Ён, зрэшты, мяркуе, што цяперашні ўсплёск – гэта ненадоўга, «некалькі месяцаў, пара кварталаў – максімум». Прычына – макраэканамічныя дыспрапорцыі, што назапашваюцца.

Рухавікі эканомікі

Цяпер ВУП расце дзякуючы тром чыннікам:

  • спажывецкі попыт,
  • спецыфічныя галіновыя эфекты,
  • пэўнае аднаўленне попыту на расейскім рынку.

Спажывецкі попыт разганяецца дзякуючы хуткаму росту заробкаў, пашырэнню крэдытавання і аптымізму хатніх гаспадарак, тлумачыць суразмоўца «Белсату»:

«За ростам заробкаў стаяць праблемы на рынку працы, перш за ўсё звязаныя з вялікаю колькасцю асобаў, якія з’ехалі. Гэта прыводзіць да таго, што працадаўцы падвышаюць заробкі больш, чымся гэта дыктуе фінансавая логіка, і часам сыходзяць у фінансавыя праблемы. Прадпрыемствы часткова ахвяруюць сваім фінансавым здароўем, каб падтрымаць рост заробкаў ва ўмовах нястачы працаўнікоў. Пакуль ім дазваляе гэта ўласнае фінансавае становішча, яны на максімум гэта робяць».

На фоне вымушанай шчодрасці прадпрыемстваў грошы налева і направа раздаюць банкі:

«Гэта звязана з празмерна мяккаю манетарнаю палітыкай, і тут важна мець на ўвазе інерцыю: значная частка захадаў, што прывяла да існага становішча, была прынятыя яшчэ летась. Не заўжды імгненна імпульсы манетарнай палітыкі адлюстроўваюцца на спажывецкім попыце. Тое, што рабілі ў другім паўгоддзі манетарныя ўлады, цяпер трансфармуецца ў падвышаны попыт і падвышанае крэдытаванне».

Трэці чыннік, што штурхае спажывецкі попыт, – эканамічна-псіхалагічны. Тут ідзецца пра апытанні хатніх гаспадарак, і цяпер «адзін з найбольш прывабных перыядаў з пункту гледжання таго, як хатнія гаспадаркі ацэньваюць уласнае становішча і перспектывы».

«Коратка гэта можна ахарактарызаваць як празмерны спажывецкі аптымізм. Карані гэтага аптымізму, як мне падаецца, звязаныя з тым, што ў 2022 годзе панавалі празмерна негатыўныя настроі, яны не спраўдзіліся, і гэта прывяло да іншай крайнасці: цяперашняе становішча шмат якія гаспадаркі лічаць устойлівым і даволі прывабным. А гэта вядзе да такога кола: падрастае спажывецкі аптымізм, людзі выдаткоўваюць больш, і гэта адлюстроўваецца ў макраэканамічнай статыстыцы, падганяе рост ВУП і стварае глебу для яшчэ большага аптымізму».

Такое замкнёнае кола доўга не пражыве, упэўнены эканаміст:

«Гэта не бязмежна можа існаваць. У значнай ступені гэтае ўмоўнае кола дабрачыннасці захоўваецца дзякуючы таму, што штучна рэгулюецца рост цэнаў».

Што датычыць «спецыфічных галіновых эфектаў», што цягнуць ВУП угару, то Дзмітрый Крук звярнуў увагу на сельскую гаспадарку. На прадпрыемствах АПК вытворчасць расце дзякуючы надвор’ю, «якое сёлета лепшае за леташняе»:

«Трохі ссунуліся ў звязку з надвор’ем графікі пасяўной і іншых сельскагаспадарчых працаў. У выніку бачым, што сельская гаспадарка не праз попыт, а хутчэй менавіта з таго, як склалася вонкавая сітуацыя, расце падвышанымі тэмпамі».

Трэці складнік цяперашняга росту беларускай эканомікі – пэўнае аднаўленне попыту на расейскім рынку.

«Гэты попыт адыграў важную ролю ў 2022-м – першым паўгоддзі 2023-га, потым было яго прасяданне. Калі мы агулам глядзім фізічны аб’ём экспарту, у другой палове 2023-га было прасяданне, а з пачатку 2024 года пачалося пэўнае аднаўленне. То бок казаць, што гэта прынцыпова новы попыт, новы штуршок, не лічу слушным. Гэта вяртанне да пікаў сярэдзіны мінулага года, гэта хутчэй кампенсацыя тых стратаў, якія былі напрыканцы мінулага года», – падкрэсліў Крук.

Пошук унутраных рэзерваў

Суразмоўца «Белсату» прызнае, што пры добрым збегу акалічнасцяў эканоміцы ёсць куды расці, бо асобныя галіны не выкарысталі ўсяго патэнцыялу:

«Калі мы паглядзім на больш працяглую гісторыю аднаўленчага росту з сярэдзіны 2022 года, попыт з Расеі – база, на якой грунтавалася ўсё астатняе. Так, ён дасягнуў пэўнай столі дзесьці ў ліпені – жніўні летась, потым быў паступовы адскок уніз, а потым ізноў паступовае вяртанне да гэтай столі. І менавіта тут адыгрывае ролю інтэнсіўнае выкарыстанне вытворчых магутнасцяў, пра якія мы кажам, што так, яны амаль дасягаюць піку. Але ў асобных галінах гэтыя магутнасці выкарыстоўваюцца не цалкам».

Эксперт не выключае пазітыўных зрухаў у сельскай гаспадарцы, транспарце, будаўніцтве, інфармацыйных тэхналогіях: «Але там іншага кшталту праблемы, там праблема з тым, наколькі ўстойлівы будзе попыт».

За чый кошт банкет?

Цяперашні росквіт з высокімі заробкамі, шалёным спажываннем і ростам эканомікі фактычна аплачваюць кампаніі.

«Працадаўцы плацяць заробак, вышэйшы за эканамічна абгрунтаваны. І робяць гэта, ахвяруючы часткаю свайго фінансавага дабрабыту: калі рэнтабельнасць для нейкай галіны нармалёвая 7–8 %, працадаўцы, кампаніі, ідуць на тое, каб падтрымоўваць яе на ўзроўні 2–3 %, каб проста працягваць існаваць», – адзначае Дзмітрый Крук.

«Фундаментальнае пытанне 2024 года – наколькі блізка рэальны сектар, калі мы сярэднюю тэмпературу ў шпіталі бяром, падышоў да фінансава крытычнай рысы свайго існавання, наколькі існы ўзровень рэнтабельнасці дазваляе выжываць», – падкрэсліў суразмоўца.

Эксперт наракае, што ўлады і прадпрыемствы свядома хаваюць статыстыку, таму сапраўдны стан рэальнага сектару – таямніца:

«Праблема ў тым, што абагульненыя сярэднія звесткі, якія мы маем, не інфарматыўныя. Сітуацыя вельмі істотна можа адрознівацца ў залежнасці ад галіны і нават у адной галіне ў залежнасці ад спецыфікі прадпрыемства».

Да таго ж фінансавы стан кампаніяў ацэньваецца паводле нацыянальных стандартаў бухгалтарскай справаздачнасці, а там ёсць дзе падмаляваць рэчаіснасць. Менавіта дакладнасць такой інфармацыі прынцыпова важная, каб разважаць пра тое, як пачуваюцца прадпрыемствы. І калі гэтага не ведаць, то ў адзін цудоўны дзень усе спытаюць: ой, а што здарылася?

«Мы не можам даць адказу на фундаментальнае пытанне, наколькі блізкія фірмы да той умоўнай крытычнай мяжы фінансавага становішча, пасля якой мы можам казаць, што існуюць перадумовы для нейкай фінансавай турбуленцыі ў выглядзе, напрыклад, таго, што яны не ў стане абслугоўваць сваіх крэдытаў, ці дадатковага ціску на цэны», – кажа адмыслоўца.

Дакладна ацэньваць фінансавы стан кампаніяў важна, каб паспець неяк выкруціцца і своечасова зрабіць захады. Утрымаць прадпрыемствы дапаможа павышэнне цэнаў, зазначае Крук:

«А змякчэнне дырэктыўнага рэгулявання цэнаў пацягне за сабой інфляцыйны ўсплёск. Або мы будзем мець іншую сітуацыю: калі прадпрыемствы будуць адчуваць істотныя праблемы з абслугоўваннем крэдытаў, гэта можа перакінуцца на банкаўскі сектар».

Тэза, быццам у рэальнага сектару не ўсё добра з грашыма, якімі асыпаюць работнікаў, каб тыя не разбегліся, дазваляе рабіць выснову, што без размарожвання цэнаў расці няма куды:

«Нягледзячы на істотнае павышэнне тэмпаў росту апошнія тры месяцы, прынцыповая выснова: рост будзе запавольвацца і фактычна мы блізкія да таго, каб ізноў стала відавочнаю стагнацыя. Гэтая выснова для мяне застаецца актуальнаю, толькі з агаворкай, што яшчэ на некалькі месяцаў наперад карцінка будзе выглядаць трошкі лепей».

Жахлівы рост цэнаў

Пакуль заробкі растуць, а цэны стрымліваюцца, павелічэнне рэальных прыбыткаў беларусаў дасягнула максімуму за ўвесь час назіранняў Белстату. Адпаведную статыстыку ведамства публікуе з 2015 года. У студзені – красавіку сёлета паказнік вырас на 9,8 % год да года, і такога за дзевяць гадоў не было ніколі.

У траўні сярэдні налічаны заробак у Беларусі дасягнуў Br 2219,2, а ў Менску і наагул амаль Br 3 тысячаў.

Але, як часта бывае, ёсць адно але: цэнаў не замарозіш назаўсёды. Фармальна яны сапраўды растуць пакрысе, але насамрэч рыхтуюцца вырвацца на волю – падобна лаве ў нібыта затухлым вулкане.

«Жорсткае рэгуляванне цэнаў пагаршае становішча фірмаў. Магу зразумець, што асобны чалавек не задумваецца, у якім фінансавым становішчы фірма, але гэта ў канчатковым выніку ўплывае на яго праз заробкі. Калі фірма перакрочыць тую крытычную мяжу і будзе не ў стане далей павышаць заробкі, бо яна ўжо проста ў мінус будзе сыходзіць, то яна не будзе гэтага рабіць», – канстатаваў эканаміст цэнтру BEROC.

Эксперт мяркуе, што кампаніі ўжо падышлі да краю, і калі так, то рост заробкаў або запаволіцца, або наагул яны пачнуць сціскацца.

Выйсцем можа стацца размарожванне цэнаў, і тады нельга выключаць выбуху «інфляцыйнага вулкану»:

«Калі ўлады будуць бачыць, што ўсё, так, мы дайшлі да гэтай крытычнай мяжы, яны проста адпусцяць ціскі і дазволяць цэнам «трошкі падвысіцца». Але тут можна адчыніць скрыню Пандоры: калі інфляцыя працяглы час стрымлівалася і з’явіліся першыя імпульсы, далей працэс можа быць ці зусім некантраляваны, хаця пакуль для гэтага падставаў не бачу, ці адносна некантраляваны».

Вось тут беларусы і адчуюць «любату» папулісцкай захады ўладаў:

«Для людзей гэта небяспечна тым, што пакуль – так, з цэнамі, здаецца, усё добра, але ў нейкі момант цэны могуць зажыць сваім жыццём і скампенсаваць увесь той перыяд, калі яны не падвышаліся, вельмі бурным імклівым ростам і нават яго апярэдзіць: вырасці больш, чым яны б выраслі, калі б яны раслі натуральным чынам».

Гэтак, пакуль цяперашні банкет дабрабыту аплачваюць прадпрыемствы, а потым эканоміка выставіць рахункі і грамадзянам:

«Гэта не бясконцы механізм, пакуль ёсць магчымасць «зразаць тлушчык» з фірмаў, і гэта тое, што цяперашнія ўлады свядома робяць. Хочуць, каб фірмы аплацілі гэтую значную частку банкету. Потым усе выдаткі могуць быць перакладзеныя беспасярэдне на хатнія гаспадаркі праз падвышаную інфляцыю».

«ВУП сам сябе не стварае»

У сёлетнім красавіку Белстат налічыў 4,127 мільёна занятых у эканоміцы, і гэта амаль на 200 тысячаў меней, чымся ў красавіку 2020 года. Дзмітрый Крук адзначае, што нястача работнікаў спачатку выклікае павелічэнне заробкаў, а потым становіцца перашкодаю для росту эканомікі:

«Менавіта крытычнаю сітуацыя будзе адчувацца на больш працяглым прамежку часу. Калі не стае працоўных рук, гэта не дае магчымасці ствараць тавары і паслугі, якія ў іншым выпадку маглі б стварацца. Ёсць такі афарызм: «ВУП сам сябе не стварае, яго ствараюць людзі». Калі гэтых людзей бракуе, неяк кампенсаваць нястачу праз больш высокія заробкі, больш працяглую занятасць асобных людзей можна, але бясконца гэта рабіць немагчыма».

Аналітык называе праблему нястачы работнікаў «структурным, фундаментальным, маштабным выклікам».

Каментар
Напрошваецца павышэнне пенсійнага веку. Улады шукаюць, як заахвоціць пенсіянераў працаваць
2024.06.21 18:50

«Калі хочуць не дапусціць эміграцыі, і фактычна цяпер шмат якія галіны канкуруюць з суседнімі краінамі за працоўную сілу, адзінае, што могуць рабіць – падвышаць заробкі, і менавіта гэтае адбываецца. Калі б гэтага ненатуральнага падвышэння заробкаў за апошнія паўтара года не было, з’ехаў бы не на адзін дзясятак тысячаў людзей больш. Гэты трэнд з ростам заробкаў часткова запавольвае выключна эканамічную эміграцыю», – канстатуе суразмоўца «Белсату».

Сярод варыянтаў развязання праблемы – прыцягнуць мігрантаў, аднак «вялікае пытанне», адкуль у Беларусь могуць ехаць замежнікі і наколькі ўстойлівым будзе такі прыток.

«Важна памятаць, што пытанні міграцыі з эканамічнага пункту гледжання – гэта плюс, але яны могуць выклікаць сацыяльную напружанасць. Пытанне для Беларусі – адкуль і якія мігранты могуць прыязджаць і на якіх умовах, такое чуллівае. За апошнія паўгода гучала, што нам час падумаць аб прывабліванні мігрантаў, аднак істотных паслядоўных крокаў пакуль не відаць, але не выключаю, што гэты кірунак будзе развівацца», – сказаў Крук.

Імпарту – бой

Яшчэ адна праблема ўладаў – дэфіцыт вонкавага гандлю. У студзені – красавіку сёлета імпарт перавысіў экспарт на $ 154 млн (летась сальда было дадатнае: $ 147 млн).

Суразмоўца «Белсату» канстатаваў, што фізічныя аб’ёмы экспарту амаль дасягнулі леташніх максімумаў, але грошай за гэты экспарт краіна атрымлівае меней, бо цэнавыя ўмовы не такія раскошныя.

Ну а імпарт расце ў тым ліку з увагі на актыўнае спажыванне: калі бяруць, то бяруць усё, і тавары замежных вытворцаў.

«Мяркую, летась імпарт скараціўся штучнымі метадамі. Цяпер больш натуральны працэс яго абнаўлення. І тут пытанне – ці будуць улады глядзець на гэта скрозь пальцы або расплюшчаць вочы і паспрабуюць, як яны любяць, дырэктыўна абмяжоўваць імпарт. З вялікай імавернасцю яны будуць звяртацца да механізмаў дырэктыўнага рэгулявання імпарту, спрабаваць яго рознымі захадамі зменшыць. У іх логіцы гэта адна з патэнцыйных магчымасцяў трошкі выраўняць сітуацыю ў вонкавым гандлі і пазітыўна паўплываць на іншыя макраэканамічныя паказнікі», – разважае эканаміст.

Рублі на балоце

«Галоўная рыса апошніх больш як двух гадоў – вонкавы гандаль і наагул усё, што звязана з валютным рынкам, стала вельмі няўстойлівым», – так Дзмітрый Крук адказаў на пытанне, што будзе з рублём. Эксперт не бачыць перадумоваў, каб найбліжэйшым часам здарыўся абвал, але агулам выключаць гэтага нельга: знянацку новыя санкцыі або закрыццё шчылінаў у раней уведзеных абмежаваннях – і вось яны, курсавыя скачкі.

«Гэта вельмі няўстойлівая глеба. Як шпацыр па тарфяніку. Здаецца, усё роўна, але на кожным кроку можна праваліцца, бо пад глебаю няма нічога. Валютны рынак нагадвае такую сітуацыю. Сказаць, што заўтра ці паслязаўтра адбудзецца істотны штуршок, падставаў няма. Але што такія штуршкі будуць адбывацца рэгулярна і ў кірунку абясцэньвання беларускага рубля, для гэтага перспектываў і перадумоваў досыць шмат», – падсумаваў аналітык эканамічнага цэнтру BEROC.

Агляд
Санкцыі vs Беларусь: эксперты прызналі гнуткасць эканомікі, але ўсё можа абрынуцца ўміг
2024.05.31 11:00

Сцяпан Кубік belsat.eu