«Кантралёрам калоніяў будзе лягчэй караць людзей». Як новы закон пагоршыць умовы беларускіх вязняў


Змены ў кодэксах датычаць тых, хто адбывае пакаранне ў калоніях і на «хіміі», піша радыё «Свабода».

Сцены і вышка калоніі № 5 у Івацэвічах.
Фота: postalovsky-a.livejournal.com

12 ліпеня пачнуць дзеяць змены ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Беларусі, прадугледжаныя прынятым у снежні 2023 года Законам аб зменах Кодэксаў у пытаннях крымінальнай адказнасці.

Галоўнае новаўвядзенне ў кодэксах, на думку беларускіх праваабаронцаў, – павелічэнне аднаразовага максімальнага тэрміну пакарання асуджанага штрафным ізалятарам з 10 да 15 дзён максімальна.

«Вязням, асабліва палітычным, сядзець будзе горш, а аператыўнікам і кантралёрам калоніяў будзе лягчэй караць людзей», – гэтак ацэньвае новаўвядзенне праваабаронца «Вясны», былы палітычны вязень Леанід Судаленка.

Пакаранні за парушэнне вызначаных парадкаў адбыцця пакарання ў месцах зняволення пералічаныя ў п. 1 арт. 112 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Сярод іх вымова, пазачарговае дзяжурства ў прыбіральні, пазбаўленне перадачы альбо спаткання. Пад нумарам 6 у гэтым пункце пазначана ШІЗА – змяшчэнне асуджаных у штрафны ізалятар з вывядзеннем альбо без вывядзення на працу альбо вучобу. У ранейшай рэдакцыі кодэксу было напісана, што тэрмін гэтага пакарання – да 10 дзён. Цяпер – да 15.

«Слова «дзесяць» замяніць словам «пятнаццаць», – сказана ў новым законе, што азначае павелічэнне максімальнага аднаразовага тэрміну пакарання ШІЗА ў паўтара разу – да 15 дзён.

Праваабаронца Леанід Судаленка, які падчас зняволення адбываў у ШІЗА 10 дзён, каментуе новаўвядзенне:

«Здаецца, усяго на 5 дзён больш, але гэта сур’ёзна. Будзе цяжка вытрымаць. Мне ўжо на 7-ы – 8-ы дзень стала псіхалагічна вельмі цяжка, бо сядзеў у адзіночцы і марыў, каб хутчэй закончыліся тыя 10 дзён.

І фізічна гэта складана. Але ёсць і другі бок праблемы: калі хочуць пакараць больш жорстка, дык за адным тэрмінам даюць новы, і цяпер усяго адно такое падаўжэнне ператворыцца ў месяц ШІЗА. А месяц у тых умовах – гэта моцны ўдар як па здароўі, так і па псіхіцы вязня. То бок адназначна гэтае павелічэнне дасць турэмнікам новыя магчымасці для захадаў, якія я лічу фактычна катаваннем», – кажа Леанід Судаленка.

Праваабаронца мяркуе, што павелічэнне тэрміну ў ШІЗА з 10 да 15 дзён пралабіявалі прадстаўнікі Дэпартаменту выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных справаў, бо менавіта гэтая структура кантралюе і карае больш за тысячу беларускіх палітвязняў.

«Гэтак Дэпартамент выканання пакаранняў аблягчае працу сваім супрацоўнікам. Неяк я назіраў, як ім складана прыдумляць парушэнні, каб на загад скласці на палітвязня пратакол. Мне такія рапарты складалі за незашпілены гузік, за выпадкова няўлічаную зубачыстку, за тое, што не ўбачыў кантралёра, калі той падышоў за спінаю. Бачыў, як некаторыя ахоўнікі адводзілі вочы, калі складалі тыя рапарты, ім было сорамна. Дык цяпер рапартаў будзе менш, адпаведна, і менш маральных пакутаў. У паўтара разу! Яўна гэта Дэпартамент праціснуў той закон, каб мець яшчэ большую ўладу над палітвязнямі. У маім атрадзе, калі вызваляўся, да траціны былі палітвязні, над імі ахоўнікам быў патрэбен жорсткі кантроль. У тым ліку праз ШІЗА ці пагрозу ШІЗА. Цяпер ім будзе лягчэй», – кажа Леанід Судаленка.

Аб’ектыў
У якіх умовах утрымліваюць беларускіх палітвязняў?
2024.01.30 21:10

Змены ў пакараннях для асуджаных на «хімію»

Змена ў 55 артыкуле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу з 10 да 15 содняў павялічвае і пакаранне «дысцыплінарнай ізаляцыяй» гэтак званых хімікаў – асуджаных на абмежаванне волі з накіраваннем ва ўстановы адкрытага тыпу.

Былы палітвязень Лявон Халатран, які адбываў пакаранне «хіміяй» у Камянецкім раёне, згадаў пра ўмовы, у якіх апыналіся пакараныя «дысцыплінарнай ізаляцыяй».

«Падчас «хіміі» пры парушэнні ў нас адпраўлялі ў райцэнтр, пасядзець у мясцовым ізалятары часовага ўтрымання. Ці быў гэта асобны карцар, не ведаю. Хлопцы, якія там пабывалі, расказвалі пра звычайную камеру».

Паводле былога «хіміка», ізаляцыяй каралі за парушэнні на працы, адсутнасць у інтэрнаце ў належны час альбо за ўжыванне алкаголю. Лявон Халатран мяркуе, што павелічэнне для «хімікаў» тэрміну пакарання ізаляцыяй звязана з тым, каб аблегчыць працу ахоўнікам:

«Гэта каб аблегчыць ім справаводства, бо падаўжэнне з аднаго тэрміну да двух – таксама праца. А тут адразу далі 15 содняў ізалятару – і галава не баліць!»

Пасылкі і спатканні

Праўкі ў іншыя артыкулы Крымінальна-працэсуальнага кодэксу зменяць яшчэ некаторыя парадкі ў месцах зняволення. Гэтак, вязні змогуць атрымліваць не адну, а дзеве рэчавыя пасылкі за год, альбо па ўласнай заяве замяніць кароткачасовае спатканне на відэазванок працягласцю 60 хвілінаў. Таксама даецца магчымасць адмовіцца ад доўгатэрміновага спаткання на карысць кароткатэрміновага.

Праваабаронца Леанід Судаленка мяркуе, што такія новаўвядзенні не зробяць парадкаў у калоніях і турмах больш ліберальнымі:

«Гэта не палёгка, а паказуха для правяральнікаў і гасцей. Маўляў, глядзіце, у нас вязень сам вырашае, на які час яму лепш сустракацца са сваякамі. Але ў рэальнасці адміністрацыя можа ўвогуле пазбавіць вязня спатканняў, гэты від пакарання не адменены, адносна палітычных ён часта ўжываецца. Мяне дык усіх доўгатэрміновых спатканняў пазбавілі, відэазванкоў зусім не было. Ведаю выпадкі, калі палітвязень падаваў заяву на спатканне і неўзабаве адпраўляўся ў ШІЗА нібыта за парушэнне формы адзення».

Аб’ектыў
Ці магчыма захаваць здароўе за кратамі?
2024.05.02 22:33

belsat.eu

Стужка навінаў