Амбасадары краінаў Еўразвязу абмяркоўваюць новыя санкцыі супраць Беларусі


Новыя абмежавальныя захады ў дачыненні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі абмяркоўваюць амбасадары краінаў ЕЗ у Бруселі 26 чэрвеня. Пра гэта паведамляе «DW».

Сцяг Еўразвязу. Брусель, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Пытанне было тэрмінова вынесенае на парадак дня, бо гэта апошняе пасяджэнне сталых прадстаўнікоў пад кіраўніцтвам Бельгіі, што старшынствуе ў Радзе ЕЗ. З 1 ліпеня старшынства паводле ратацыі пяройдзе да Вугоршчыны.

«За апошнія месяцы зрабілася відавочным, што асноўны абыход санкцыяў (у дачыненні РФ. – Заўвага рэд.) адбываецца праз Беларусь, – зазначыла дыпламатычная крыніца «DW» у Бруселі. – Калі мы вялі перамовы наконт 14-га пакету, мы засяродзіліся толькі на Расеі, але застаецца шчыліна, якую неабходна закрыць».

Паводле крыніцы «DW», апошнія дні Еўракамісія распрацоўвала пакет санкцыяў у дачыненні Беларусі, каб прывесці яго ў адпаведнасць з санкцыйнымі захадамі супраць Расеі.

«Мы разумеем, што гэта вельмі кароткі тэрмін, бо звычайна на тое патрабуецца некалькі тыдняў, – падкрэсліў суразмоўца «DW». – Але са зразумелых прычынаў пераважная большасць дзяржаваў-чальцоў палічыла, што мы мусім паспрабаваць паспець да 30 чэрвеня».

Увядзенне новых санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі актыўна прасоўвае Бельгія. Калі яны будуць прынятыя на ўзроўні амбасадараў 26 чэрвеня, іх могуць зацвердзіць на саміце ЕЗ у Бруселі 27–28 чэрвеня.

Hавiны
«Politico»: Францыя і Нямеччына не хочуць перакрываць канал паставак аўтаў у РФ праз Беларусь
2024.06.07 11:10

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў