«Politico»: Францыя і Нямеччына не хочуць перакрываць канал паставак аўтаў у РФ праз Беларусь


Выданне «Politico« паведамляе са спасылкай на еўрапейскіх дыпламатаў, што пазіцыя Берліну і Парыжу не дазваляе ЕЗ перакрыць канал паставак люксавых аўтамабіляў у РФ праз Беларусь.

Ілюстрацыйнае фота. Аўтамабіль «Mercedes-Maybach».
Фота: sales.mercedes-autoforum.ru

Артыкул «Politico» выйшаў пад назвай «Нямеччына і Францыя змагаюцца за тое, каб пуцінскія алігархі атрымалі свае “BMW” і “Mercedes”».

Выданне зазначае, што экспарт аўтамабіляў з ЕЗ у Беларусь у 2023 годзе павялічыўся ў параўнанні з даваенным узроўнем у чатыры разы і дасягнуў $ 2,6 млрд. Дзве траціны экспарту складаюць люксавыя аўтамабілі ($ 1,4 млрд). З увагі на тое, што ўсплёск супярэчыць развіццю ўнутранага аўтамабільнага рынку Беларусі, такая дынаміка, відаць, звязаная з рээкспартам у Расею.

«Прынцып зразумелы: пасля зацвярджэння санкцыяў трэба ліквідаваць усе шчыліны. Калі экспарт прадметаў раскошы ў Расею забаронены, такім таварам нельга трапляць у Расею праз трэція краіны», – зазначыў у каментары выданню Жолт Дарвас, старэйшы навуковы працаўнік аналітычнага цэнтру «Bruegel».

«Калі мы прымаем слабыя захады ў дачыненні Беларусі, калі мы ведаем, што тавары паступаюць у Маскву праз Менск, гэта крыху смешна», – канстатуе адзін з дыпламатаў ЕЗ.

Аднак Берлін і Парыж выступаюць супраць закрыцця гэтай шчыліны ў санкцыях. Яны лічаць, што Еўразвяз мусіць засяродзіцца на таварах, якія могуць выкарыстоўвацца ў вайсковых мэтах.

Супрацьдзеянне Францыі і Нямеччыне прымушае ЕЗ задумацца над тым, каб аддзяліць новы пакет санкцыяў у дачыненні Расеі ад аналагічных захадаў у дачыненні Беларусі.

Агляд
«Якія шэрыя схемы?!» Як Беларусь дапамагае Расеі абыходзіць санкцыі на люксавыя аўты
2023.12.11 08:10

Нагадаем, у снежні 2023 года праект «Бюро» выпусціў расследаванне пра экспарт люксавых аўтамабіляў з ЕЗ у Расею праз Беларусь у абыход санкцыяў.

Hавiны
ЕЗ хоча пашыраць санкцыі супраць Беларусі за абыход антырасейскіх абмежаванняў – FT
2024.05.23 12:46

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў