«Белыя халаты»: У Беларусі моцны рост захворвання дзяцей на коклюш. Шпіталі перапоўненыя


У Беларусі адзначаецца моцны рост захворванняў на пнеўманію сярод дзяцей. Гэта можа быць звязана з надзвычайным ростам фіксаваных выпадкаў на коклюш, паведамляюць «Белыя халаты».

Здымае мае ілюстрацыйны характар. Фота: АК / БелсатАдным з першых пра рост захворванняў паведаміў гомельскі «Флагшток». Згодна з ім, у мазырскіх пабліках абмяркоўваюць тое, што «ўся дзіцячая больніца перапоўненая» ў сувязі з захворваннямі на пнеўманію. Як паведамляецца, «хварэюць дзеці сем’ямі». Некаторых дзяцей праз перапоўненасць нават не клалі на лекаванне ў больніцу, даводзіцца лекавацца ўдома або дамагацца накіравання ў дарослую інфекцыйную больніцу.

Такая ж сітуацыя назіралася і ў суседніх Калінкавічах і ў Гомлі, дзе таксама «перапоўненыя аддзяленні».

Улады кажуць, што ўсё пад кантролем

26 чэрвеня рост захворванняў фактычна пацвердзіў цяпер ужо былы першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Максім Рыжанкоў. Падчас паездкі ў Чачэрскі раён ён заявіў, што «сітуацыя пад кантролем», а Лукашэнкам «пастаўленыя канкрэтныя задачы, дадзена даручэнне міністру аховы здароўя». Паводле Рыжанкова, «у прыватнасці, у Чачэрску месцаў для магчымай шпіталізацыі хапае, усімі лекамі, самымі патрэбнымі і запатрабаванымі, усе забяспечаны», перадае БелТА.

Максім Рыжанкоў наведвае дзіцячы шпіталь у Чачэрску.
Фота: belta.by

Таксама і ў Міністэрстве аховы здароўя заявілі 25 чэрвеня заявілі, што «афіцыйна: у Беларусі самае нізкае за тры гады захворванне на рэспіраторныя інфекцыі». І паказалі пустыя ложкі.

Як паведаміла намесніца міністра Святлана Нячай, «больш як 50% выпадкаў пнеўманіяў, якія зараз рэгіструюцца ў Беларусі, выклікаюцца мікраарганізмамі роду мікаплазма. Гэты ўзбуджальнік у Беларусі, у асноўным, рэгіструецца ў дзяцей, старэйшых за 5 гадоў і падлеткаў».

Нагода моцна ўстрывожыцца

Аднак аб’яднанне лекараў «Белыя халаты» адзначае, што «гэтая інфармацыя – нагода моцна ўстрывожыцца».

«Мікаплазменная пнеўманія ў дзяцей і падлеткаў – гэта вельмі верагодна другасная інфекцыя на фоне коклюшу. Міністэрства аховы здароўя пацвярджала вясной, што ў краіне назіраецца рост коклюшу, агаворваючыся пры гэтым, што прычына збольшага ў тым, што частка беларусаў стала грэбаваць вакцынацыяй ад гэтай небяспечнай хваробы. Апроч гэтага наракалі на рост захворвання ва ўсім свеце і пры гэтым, чамусьці, не прыводзячы дакладныя звесткі па Беларусі», – заявілі «Белыя халаты».

Паводле іх звестак, на ўнутраных нарадах Міністэрства аховы здароўя былі агучаныя наступныя лічбы: за чатыры месяцы 2024 года ў Беларусі афіцыйна зарэгістраваны 1531 выпадак коклюшу, у той час як за ўвесь 2023 год – толькі 881 выпадак.

Што такое коклюш

Коклюш (або кохлік) – вострая паветрана-кропельная бактэрыяльная інфекцыя, найбольш характэрнай прыкметай якой зʼяўляецца прыступападобны спазматычны кашаль. Небяспечнае інфекцыйнае захворванне дыхальных шляхоў. Вельмі небяспечны для дзяцей да 2 гадоў.

Часцей хварэюць дзеці дашкольнага веку. Інкубацыйны перыяд доўжыцца ад 7 да 14 дзён. Заражэнне адбываецца паветрана-кропельным шляхам. Хворы заразны з першага да 25-га дня захворвання. Працягласць заразнага перыяду можа скараціцца пры своечасовым правядзенні антыбактэрыяльнай тэрапіі.

Паводле «Белых халатаў», павышэнне ўзроўню захворвання коклюшам можна звязаць з шэрагам фактараў, у тым ліку эпідэмічныя пікі сярод невакцыянаваных людзей і зніжэнне калектыўнага імунітэту ў агульнай папуляцыі падчас пандэміі COVID-19.

Hавiны
Навукоўцы пацвердзілі, што пасля COVID людзі сталі часцей хварэць. Вось як тлумачаць
2024.06.15 12:58

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў