Навукоўцы пацвердзілі, што пасля COVID людзі сталі часцей хварэць. Вось як тлумачаць


Пасля пандэміі каронавіруса людзі ва ўсім свеце сталі хварэць часцей, чым да пандэміі. Пра гэта гаворыцца ў даследаванні Bloomberg і лонданскай кампаніі прагназавання захворванняў Airfinity.

Аптэка ў Менску.
Фота: ІА /«Белсат»

Вынікі даследавання, заснаванага на звестках, сабраных больш як 60 арганізацыямі і ўстановамі аховы здароўя, паказваюць, што ў 44 краінах і тэрыторыях было зарэгістравана прынамсі адно аднаўленне інфекцыйнага захворвання, якое працякае сама меней у дзесяць разоў горш, чым да пандэміі.

Гэтак, за два пасляковідныя сезоны колькасць выпадкаў захворвання на грып у ЗША ўзрасла прыкладна на 40 % у параўнанні з гадамі, якія папярэднічалі пандэміі. За першыя чатыры месяцы 2024 года колькасць выпадкаў захворвання на коклюш у Кітаі вырасла ў 45 разоў у параўнанні з мінулым годам. А ў некаторых частках Аўстраліі, дзе сезон грыпу толькі пачынаецца, колькасць выпадкаў рэспіраторна-сінцытыяльнага віруса, або RSV, амаль падвоілася ў параўнанні з мінулым годам.

Аргенціна змагаецца з самай маштабнай у гісторыі краіны ўспышкай ліхаманкі дэнге. У Японіі назіраецца ўсплёск распаўсюджвання стрэптакокавай інфекцыі А, таксама вядомай як востры фарынгіт. Адзёр вяртаецца ў палове амерыканскіх штатаў і ў некаторых частках Еўропы. У 2022 годзе ва ўсім свеце ў 7,5 мільёнаў чалавек былі ўпершыню дыягнаставаныя сухоты – гэта найгоршы вынік з сярэдзіны 1990-х гадоў, калі Сусветная арганізацыя здароўя пачала глабальны маніторынг захворвання.

Каранцін і дэзынфармацыя

Адной з версіяў, якая тлумачыць прычыны гэтага, ёсць тэорыя дэфіцыту імунітэту. Паводле яе, каранцін падчас пандэміі забяспечыў штучную абарону ад звычайных патагенаў, але зрабіў людзей больш уразлівымі ў посткаранцінныя часы. Гэты эфект яшчэ мацней адбіваецца на маленькіх дзецях, чыю слабую імунную сістэму яшчэ больш аслабілі сацыяльным дыстанцыяваннем, онлайн-заняткамі і маскамі. Гэтым у асноўным тлумачыцца рост наведвальнасці педыятрычных больніц у свеце пасля сезона грыпу 2022 года.

Аднак эксперты ў галіне аховы здароўя адзначаюць, што дэфіцыт імунітэту не можа быць прычынай некаторага ўсяго ўсплёску захворванняў. На іх думку, калі б праблема была толькі з гэтым, то за два-тры гады пасля пандэміі праблемы аслабленага імунітэту ўжо б мусілі развязацца. Але новыя хвалі захворванняў працягваюць прыбываць.

Аб’ектыў
У Беларусі расце колькасць хворых на адзёр і коклюш
2024.04.23 21:01

Павялічваецца і колькасць смяротных выпадкаў. Гэта падмацоўвае іншую тэорыю, згодна з якой каранцін у сувязі з пандэміяй дазволіў выжыць некаторым асобам, што маглі памерці ў нармальных умовах ад звычайных вірусаў і бактэрыяў, распаўсюд якіх таксама спыняў каранцін. Рост смяротнасці цяпер фіксуецца менавіта ў тых краінах, дзе найбольш паспяхова атрымлівалася стрымліваць распаўсюд COVID (Канада, Японія, Сінгапур, Нямеччына) і дзе «нямоглыя пажылыя людзі засталіся жывымі». Там, дзе гэтага не атрымалася зрабіць (Расея, Румынія, Балгарыя), паказнікі смяротнасці вярнуліся да дапандэмічнага ўзроўню.

Дадатковай прычынай росту захворвання называецца павелічэнне беднасці і сацыяльнай няроўнасці ў выніку пандэміі. У выніку перанаселенасць і абмежаваны доступ да высакаякаснага харчаванню пагаршаюць захворванні, павялічваючы колькасць вірусных і бактэрыяльных патагенаў у грамадстве. А нагрузка на сістэмы грамадскага аховы здароўя ў выніку гэтага зніжае якасць медычнай дапамогі для ўсіх.

Усплёскі захворванняў на адзёр, поліяміэліт і коклюш тлумачацца тым, што ўзровень вакцынацыі рэзка знізіўся падчас пандэміі праз парушэнні ланцужкоў паставак, адцягнення рэсурсаў і абмежавання паслуг імунізацыі. А дэзынфармацыя падмацоўвае рост недаверу да вакцын у цэлым. Як вынік, адсотак дзяцей, якія атрымалі ўсе тры дозы вакцыны супраць дыфтэрыі, слупняка і коклюшу, знізіўся да 81 %, што з’яўляецца самым нізкім паказнікам за 13 гадоў. У Еўропе з 2020 па 2022 год больш як 1,8 мільёна немаўлятаў не былі прышчэплены ад адру, а летась колькасць выпадкаў захворвання ў рэгіёне ўзрасла ў 30 разоў.

Каментар
Чаму ў Беларусь вярнуўся адзёр – і як праверыць, ці маеш імунітэт
2024.01.31 10:21

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў