Францыя: правыя перамаглі на выбарах у Еўрапарламент, Макрон распускае Нацыянальны сход


У сувязі з упэўненай перамогай ультраправых на выбарах у Еўрапарламент у Францыі прэзідэнт Эманюэль Макрон абвясціў роспуск Нацыянальнага сходу – ніжняй палаты французскага парламенту. Пра гэта паведамляе RFI.

Эманюэль Макрон на саміце Рады Еўропы. Рэйк’явік, Ісландыя. 16 траўня 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Паводле звестак экзітполаў, у Францыі на выбарах у Еўрапарламент перамагае ўльтраправае «Нацыянальнае аб’яднанне» (RN), якое набірае ад 31,5 да 33,3 %. На другім месцы са значным адставаннем – спіс прэзідэнцкай партыі «Адраджэнне» і яе саюзнікаў-цэнтрыстаў. Ён атрымлівае 15,1–15,2 % галасоў.

Трэцюю пазіцыю займае спіс Сацыялістычнай партыі і партыі «Супольны пляц» – яны атрымліваюць каля 14 %. За ім – ультралевая «Мяцежная Францыя» з 8,3–8,7 %. На пятым месцы – правыя «Рэспубліканцы» з 7 % галасоў.

«Нацыянальнае абʼяднанне» на гэтых выбарах значна ўмацавала свае пазіцыі ў параўнанні з 2019 годам, калі правыя таксама сталі першымі, але іхны адрыў ад прэзідэнцкага спісу быў невялікім. Вынік прэзідэнцкага спісу прыкладна на 7 % ніжэйшы, чым на папярэдніх еўрапейскіх выбарах.

Лідар Нацыянальнага абʼяднання Жардан Бардэля на фоне ўпэўненай перамогі свайго спісу заклікаў да пазачарговых выбараў у Нацыянальны сход – ніжнюю палату парламенту Францыі.

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон у вечаровым звароце заявіў, што пастанавіў  распусціць Нацыянальны сход і абвясціць новыя выбары. Ён зазначыў, што перамога правых на выбарах у Еўрапарламент – гэта «не вельмі добры вынік для партыяў, якія абараняюць Еўропу». «Я пачуў вашае паведамленне і не пакіну яго без адказу», – заявіў ён. Першы тур пазачарговых парламенцкіх выбараў у Францыі адбудзецца 30 чэрвеня, другі – 7 ліпеня.

«Гэтая пастанова сурʼёзная, цяжкая, але найперш гэта акт даверу», – цытуе Макрона «Le Figaro».

Французскія «Зялёныя», якія ледзь праходзяць пяціадсоткавы бар’ер на выбарах у Еўрапарламент, асудзілі пастанову Макрона. Экалагічныя актывісты заклікаюць выйсці на дэманстрацыю на плошчу Рэспублікі ў Парыжы.

Hавiны
Экзіт-полы: партыя канцлера Оляфа Шольца прайграла выбары ў Еўрапарламент
2024.06.09 21:33

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў