Францыя: правыя «Рэспубліканцы» дапусцілі саюз з ультраправымі Ле Пэн, атрымалі раскол


У Францыі 30 чэрвеня і 7 ліпеня пройдуць пазачарговыя парламенцкія выбары, якія прэзідэнт абвясціў у выніку перамогі ўльтраправых на французскіх выбарах у Еўрапарламент. Кансерватыўная партыя «Рэспубліканцы» дапусціла, што пойдзе на стварэнне альянсу з ультраправымі, але гэта спадабалася не ўсім у партыі, расказвае «Reuters».

Архіўнае фота. Марын Ле Пэн на канферэнцыі «VIVA Europa». Мадрыд, Іспанія. 19 траўня 2024 года.
Фота: Vox España / Flickr

Старшыня французскай умерана правай партыі «Рэспубліканцы» Эрык Сьёці 11 чэрвеня заклікаў да альянсу з ультраправай партыяй «Нацыянальнае аб’яднанне», паразмаўляўшы перад тым з лідаркай ультраправых Марын Ле Пэн.

«Мы гаворым адно і тое ж, таму давайце перастанем выдумляць уяўнае супрацьстаянне, – сказаў Сьёці тэлеканалу «TF1» – Нам патрэбны альянс нейкага кшталту, гэта я і прапаноўваю. Гэта тое, чаго хоча большасць выбарнікаў».

Ле Пэн высока ацаніла «мужны выбар» і «пачуццё адказнасці» Сьёці. Адносна ўльтраправых у Францыі існаваў так званы санітарны кардон – адмова больш цэнтрысцкіх партыяў ад супрацы з радыкаламі. Сьёці ж сказаў, што фраза «санітарны кардон» цяпер «больш не пасуе».

Як сцвярджае «France 24», заклік да саюзу з Ле Пэн выклікаў хаос у партыі «Рэспубліканцы» і гнеў з боку ўраду. Больш цэнтрысцкія чальцы «Рэспубліканцаў» заявілі, што не падтрымаюць такога кроку і не пойдуць на саюз з ультраправымі. Лідар «Рэспубліканцаў» у ніжняй палаце парламенту запатрабаваў адстаўкі Сьёці, лідар верхняй палаты нагадаў, што «партыя – гэта не проста адзін чалавек», абодва сказалі, што Сьёці гаворыць толькі за сябе.

Паводле апытання «Harris Interactive-Toluna», Нацыянальнае аб’яднанне на выбарах можа падвоіць свой вынік з мінулых выбараў: ультраправых падтрымліваюць 34 % выбарнікаў. Саюз левых гатовыя падтрымаць 22 %, дзейную бальшыню прэзідэнта – толькі 19 % (яны могуць страціць палову мандатаў), «Рэспубліканцаў» – 9 %.

Французская прэса таксама прарочыць паразу дэмакратычных сілаў на будучых выбарах і заклікае да мабілізацыі, расказвае RFI. Замежныя медыі абмяркоўваюць, што прэзідэнт Эманюэль Макрон пайшоў па-банку і зрабіў стаўку на тое, што французы раптам прагаласуюць не так, як на выбарах у Еўрапарламент (дзе аддалі перавагу ўльтраправым). Найбольш імаверным брытанская «The Guardian» лічыць сцэнар, у якім партыя Ле Пэн не атрымае абсалютнай бальшыні, а Макрону давядзецца ісці на няпростыя альянсы, што прывядзе да яшчэ больш раз’яднанага парламенту і тупіку.

Аналітыка
Як вынікі выбараў у Еўрапарламент паўплываюць на Еўропу, Украіну і Беларусь?
2024.06.10 18:11

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў