Францыя хоча стварыць кааліцыю для адпраўкі інструктараў ва Украіну


Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон плануе стварыць кааліцыю заходніх краінаў для адпраўкі вайсковых інструктараў ва Украіну. Аб гэтым паведамляе DW са спасылкай на газету «Welt am Sonntag».

wojna na Ukrainie, zbrojenia, co z dostawami broni dla Ukrainy, Emmanuel Macron, pomoc dla Ukrainy, broń
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі разам з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам.
Фота: Emmanuel Macron / Twitter

Паводле інфармацыі выдання, на мінулым тыдні начальнік Галоўнага штабу УС Францыі Т’еры Буркхард накіраваў ліст ва ўрады ЗША і шэрагу еўрапейскіх краінаў з запрашэннем прыняць удзел у навучальнай місіі ва Украіне ў рамках шматнацыянальнай «кааліцыі ахвотных». Адпаведную прапанову, піша «Welt am Sonntag», атрымалі ў тым ліку Вялікая Брытанія, Польшча, Нідэрланды, краіны Балтыі, Данія і Швецыя.

Пры гэтым Парыж не стаў адпраўляць запрашэнне Нямеччыне. Улады Нямеччыны за апошнія тыдні неаднаразова давалі зразумець, што нямецкія вайскоўцы не будуць прымаць удзел у навучальнай місіі для падрыхтавання ўкраінскіх салдатаў. Адначасова аб адмове ўдзельнічаць у гэтай ініцыятыве загадзя папярэдзілі і ў Белым доме, тым не менш запрашэнне ў Вашынгтон усё ж было адпраўленае, зазначае «Welt am Sonntag».

Як паведамляе выданне са спасылкай на дыпламатаў у Бруселі, прэзідэнт Эманюэль Макрон плануе рэалізаваць ініцыятыву пад эгідай ужо існай навучальнай місіі ЕЗ ва Украіне (EUMAM). Для гэтага неабходна змяніць мандат місіі, аднак, як паказвае «Welt», такое цалкам магчыма: гэтым летам місія ўсё роўна будзе перагледжаная, а ў лістападзе яе давядзецца прадоўжыць.

Пры гэтым у Бруселі існуе супраціўленне ідэям Парыжу, адзначаюць дыпламаты: паводле іх звестак, большасць краінаў ЕЗ былі б супраць удзелу ў місіі на тэрыторыі Украіны. Гэтак, урады Нямеччыны, Італіі і Іспаніі асцерагаюцца, што навучанне ўкраінскіх вайскоўцаў на тэрыторыі краіны, дзе вядуцца баявыя дзеянні, магло б стварыць значную рызыку эскалацыі і ўцягнуць заходнія краіны ў вайну РФ супраць Украіны.

Паводле інфармацыі «Welt am Sonntag», у дыпламатычных колах ЕЗ таксама распаўсюджанае меркаванне, што з ваеннага пункту гледжання ёсць важкія прычыны навучаць украінскіх салдатаў на іх тэрыторыі. Тады трэнаванні будуць больш адаптаваныя да патрэбаў ЗСУ і вайскоўцам не давядзецца пакідаць сваю краіну для навучання.

Аналітыка
Ці гатовы Захад павышаць стаўкі, каб спыніць расейскую агрэсію ва Украіне?
2024.05.30 07:07

Нагадаем, апошнім часам на Захадзе абвастрыліся дыскусіі наконт таго, ці варта краінам NATO размесціць сваіх вайскоўцаў ва Украіне. Табу на публічнае абмеркаванне гэтай тэмы зняў Эманюэль Макрон, які ў лютым 2024 года заявіў: нельга выключаць, што заходнія краіны ўсё ж накіруюць свае войскі ва Украіну.

Ніхто пры гэтым не дапускае, што еўрапейскія краіны адправяць сваіх жаўнераў непасрэдна на лінію фронту. У асноўным кажуць пра трэнаванне навабранцаў і абслугоўванне тэхнікі на ўкраінскай тэрыторыі ў глыбокім тыле. Акрамя таго, медыі раней паведамлялі, што Францыя можа пайсці на размяшчэнне значнага кантынгенту на мяжы з Беларуссю і (або) на Дняпры, каб абараніць правабярэжную Украіну.

Hавiны
«Der Spiegel» апавёў, пры якіх умовах Польшча і краіны Балтыі скіруюць войскі ва Украіну
2024.05.26 19:27

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў