news
Разбор
Правыя перамагаюць левых? Ці адбываюцца ў сусветнай палітыцы тэктанічныя змены
Імігранты вінаватыя ў тым, што цяпер паўсюль будзе, як у Нідэрландах?
07.12.202307:20

Калі не ва ўсім свеце, то прынамсі на Захадзе зноў загаварылі пра «ссоўванне ўправа» пасля вынікаў выбараў у Нідэрландах. «Белсат» тлумачыць, ці сапраўды правыя глабальна перамагаюць левых.

Хто такія левыя і правыя

Дзяліць палітыкаў на левых і правых пачалі ў часы Вялікай французскай рэвалюцыі. Тады, у 1789 годзе, прыхільнікі розных ідэяў без усялякага падтэксту выбралі сабе бакі, па якія сядзелі ў Нацыянальнай канстытуцыйнай асамблеі: хто за караля, селі справа ад старшыні асамблеі, хто за радыкальныя змены, селі злева.

Нацыянальны сход Францыі, гравюра 1790 года. Выява: Archives nationales de France / Wikimedia

З таго часу пайшло падзяленне на правых і левых. Правыя – гэта звычайна кансерватары, нацыяналісты, манархісты, фашысты. Левыя – прагрэсівісты, сацыялісты, зялёныя, камуністы. З лібераламі і лібертарыянцамі цяжэй: імі з розных прычынаў могуць называць сябе левыя і правыя. Анархістаў часам адносяць да левых, хоць многія анархісты з гэтым не пагодзяцца.

У Беларусі фармальна ліквідавалі ўсе партыі акрамя чатырох праўладных, ды апазіцыйныя партыі выжылі і могуць адрадзіцца ў эміграцыі, чакаюць выбараў у Каардынацыйную раду. З іх да правацэнтрыстаў адносяцца АГП і рух «За свабоду», да правых або правацэнтрыстаў – БНФ, БХД і КХП БНФ, да левых – «Справядлівы свет» і «Зялёныя», да левацэнтрыстаў – тры «Грамады»: БСДГ, БСДП(Г), БСДП («Народная грамада»), а рух «Гавары праўду» хацеў стварыць цэнтрысцкую партыю. Прыхільнікі Віктара Бабарыкі не давалі азначэнняў ідэалогіі праекту сваёй партыі «Разам» і яшчэ не напісалі ейнай праграмы.

Hавiны
Ціханоўская прыдумала слова для лукашэнкаўскіх выбараў: «бязвыбары»
2023.11.24 20:31

Гэтае падзяленне вельмі ўмоўнае. Левыя могуць браць на ўзбраенне некаторыя правыя ідэі і наадварот, ніхто не забараняе правым падтрымліваць легалізацыю аднаполых шлюбаў, а левым – выступаць за абмежаванне міграцыі. Партыі могуць ператварацца з правых у левых і наадварот, як адбылося з рэспубліканцамі і дэмакратамі ў Злучаных Штатах. Палітыка еўрапейскіх правых можа здавацца амерыканскім правым «надта левай». А электарат левых Скандынавіі наўрад ці хацеў бы жыць пад уладай такіх левых, як у Лацінскай Амерыцы.

Скрайне левыя і скрайне правыя дык наогул могуць быць бліжэй адно да аднаго, чым да ўмерана левых і ўмерана правых. А могуць змяшацца ў адно – як, напрыклад, у некалі актыўнай у Беларусі расейскай Нацыянал-бальшавісцкай партыі, якая нават у сімволіцы змешвала СССР і Трэці рэйх. Горш за тое, прыхільнікі дыктатуры могуць называць сябе «ліберальнымі дэмакратамі», як беларуская ЛДПБ і расейская ЛДПР.

Папулісты і аўтакраты – асобная праблема. Гэты папуліст выказвае левыя ідэі таму, што верыць у іх, ці таму, што хоча заваяваць электарат, а ў выпадку чаго павярнецца, як флюгер? А гэтых правых называюць папулістамі па справе ці проста каб абразіць? Аляксандр Лукашэнка – скрайне левы, а Уладзімір Пуцін – ультраправы? Ці ім усё роўна, што там за ідэі ў левых і правых, а галоўнае – захаваць асабістую ўладу?

Што здарылася ў Нідэрляндах

22 лістапада 2023 года ў Нідэрландах прайшлі выбары ў Палату прадстаўнікоў Генеральных штатаў, ніжнюю палату парламенту. Партыі з мінулага ўраду (правацэнтрысты ў кааліцыі з цэнтрыстамі і левацэнтрыстамі) страцілі шмат крэслаў у парламенце.

Першае месца з 23,6 % галасоў заняла Партыя за свабоду (PVV) – перамагла партыя, якую называюць права-папулісцкай, ультраправай і нацыяналістычнай. Нават амерыканскі тэлеканал «Fox News» (які лічыцца правым выданнем) называе ейнага лідара Хээрта Вілдэрса папулістам і «галандскім Трампам».

Хээрт Вілдэрс
Хээрт Вілдэрс галасуе на парламенцкіх выбарах. Нідэрланды. 22 лістапада 2023 года.
Фота: Geert Wilders / Facebook

Гэта было нечакана: у апытаннях перад выбарамі PVV доўгі час былі на чацвёртым месцы, хіба ў апошнія дні выскачылі на другое, і тое мелі каля 17 % падтрымкі.

Брытанскі часопіс «The Observer» (які лічыцца левым) піша, што перамога PVV – гэта папярэджанне астатняй Еўропе, якое паказвае небяспеку ігнаравання праблемаў міграцыі і кошту жыцця. PVV праславілася ісламафобіяй (заклікала нават закрыць мячэці і забараніць Каран) і выступала за выхад з Еўразвязу, але ў час выбараў змякчыла тон і засяродзілася на эканамічных праблемах выбарнікаў, ды і да выбараў мела неўласцівыя ўльтраправым ідэі кшталту барацьбы з гамафобіяй і абароны права на аборт, расказвае «Agence France-Presse» (яго лічаць бесстароннім, але некаторыя падазраюць у левым ухіле). Але, як адзначае іспанская газета «El Confidencial» (лічыцца правай), лідар PVV казаў, што пакіне ісламафобскія і еўраскептычныя ідэі на потым, бо пакуль «ёсць іншыя, больш важныя праблемы».

Новы прэм’ер-міністр у Нідэрландах дакладна будзе (мінулы яшчэ да выбараў хацеў у адстаўку), але зусім не гарантавана, што гэта будзе Вілдэрс. Ягонай партыі не сфармаваць урад адной – галасы размеркаваліся так, што патрэбная падтрымка яшчэ прынамсі трох партыяў. А іншыя партыі, нагадвае амерыканскі «The Washington Post» (які больш чытаюць левыя), выбудоўвалі адносна PVV тое, што французы называюць «санітарным кардонам»: не супрацоўнічалі з ёй і не запрашалі ва ўрад. На момант публікацыі незразумела, ці атрымаецца ў PVV знайсці саюзнікаў – або ці атрымаецца ў іншых партыяў скласці кааліцыю, каб сабраць урад без PVV.

Выбарнікі пасунуліся ўправа?

Толькі ў 2023 годзе ў свеце прайшло больш за сотню выбараў. Вось вынікі некаторых з іх. Стрэлкамі ўлева і ўправа пазначым зрух на карысць левых ці правых, знак роўнасці – без істотных зрухаў.

  • ← У Чэхіі выбралі прэзідэнтам правацэнтрыста – мінулага прэзідэнта лічылі спачатку левым папулістам, ды пазней сталі называць правым папулістам, а то і скрайне правым.
  • = На Кіпры выбралі прэзідэнтам правацэнтрыстаў – мінулы прэзідэнт таксама быў правацэнтрыстам.
  • ← У Эстоніі правацэнтрысты зноў сфармавалі ўрад, але ў кааліцыі ўжо не з правымі, а з цэнтрыстамі.
  • → У Чарнагорыі на прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах цэнтрысты і праеўрапейскія папулісты перамаглі папулістаў-левацэнтрыстаў.
  • → У Балгарыі па выніках пятых за два гады парламенцкіх выбарах правацэнтрысты-папулісты вярнуліся да ўлады, сфармавалі кааліцыю з цэнтрыстамі.
  • → У Фінляндыі правацэнтрысты перамаглі левацэнтрыстаў, узялі ва ўрад скрайне правых.
  • → У Грэцыі парламенцкія выбары спачатку не выявілі пераможцу, але па выніках перавыбараў уладу захавалі правацэнтрысты, а ў парламент прайшлі невялікія ўльтраправыя партыі.
  • = У Турэччыне правыя папулісты зноў перамаглі на парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах.
  • → У Іспаніі левацэнтрысты здолелі сфармаваць кааліцыйны ўрад і захаваць уладу, хоць правая партыя і заняла першае месца, набраўшы на палову больш месцаў, чым на мінулых выбарах.
  • → У Славаччыне левыя вярнулі ўладу, але сфармавалі ўрад з удзелам ультраправых пуцінафілаў.
  • → У Новай Зеландыі левацэнтрысты моцна прайгралі парламенцкія выбары правацэнтрыстам, якія сфармавалі ўрад з правымі і папулістамі.
  • → У Эквадоры на парламенцкіх выбарах левыя разгромна прайгралі, урад сфармавалі разам правыя, цэнтрысты і іншыя левыя, на прэзідэнцкіх выбарах (пасля імпічменту прэзідэнта-правацэнтрыста) цэнтрыст перамог кандыдата тых другіх левых, якія трапілі ва ўрад.
  • ← У Польшчы па выніках парламенцкіх выбараў правыя страцілі бальшыню, перамогу святкавалі разам правацэнтрысты, цэнтрысты і левыя. Правыя сфармавалі ўрад, але цалкам імаверна, што парламент выкажа яму недавер у бліжэйшыя тыдні.
  • → У Аргентыне на прэзідэнцкіх выбарах нечакана перамог правы папуліст і анарха-капітаіст – мінулы прэзідэнт быў левым папулістам. Што з вынікамі парламенцкіх выбараў, на момант публікацыі незразумела: правыя папулісты адабралі шмат галасоў у левацэнтрыстаў і правацэнтрыстаў, але самі не сфармуюць урад, іншыя могуць аб’яднацца супраць іх.
  • → У Швейцарыі правыя палепшылі вынікі на парламенцкіх выбарах і вырашылі, што «атрымалі выразны мандат» на «менш паліткарэктнасці».
  • → У згаданыя вышэй Нідэрландах, перамаглі скрайне правыя, але ўрад пакуль не сфармаваны.
Агляд
Праізраільскі і праўкраінскі «вар’ят». Хто такі Хавіер Мілей, які выйграў выбары ў Аргентыне
2023.11.20 19:32

Зрухаў управа істотна больш, чым зрухаў улева. Ды ў бліжэйшай будучыні могуць адбывацца не толькі зрухі ўправа.

  • У Партугаліі ўрад левых разваліўся, але ў апытаннях дзве левыя партыі яшчэ маюць разам палову галасоў, парламенцкія выбары чакаюцца ў сакавіку-2024.
  • У Літве левыя ў апытаннях павялічваюць адрыў ад канкурэнтаў, парламенцкія выбары чакаюцца ў кастрычніку-2024, прэзідэнцкія – у траўні-2024.
  • У ЗША, як звычайна, вельмі непрадказальныя выбары прэзідэнцкіх выбараў – гэтыя выбары маюць адбыцца 5 лістапада 2024 года.
  • У Нямеччыне скрайне правыя набіраюць у апытаннях столькі ж, колькі тры партыі ўрадавай кааліцыі – але не тры разам узятыя, як можа здавацца з тону некаторых навінаў, а толькі траціну галасоў ад сумы за тры партыі кааліцыі. Ды выбары маюць адбыцца толькі восенню 2025 года, шмат што можа змяніцца.
  • У Злучаным Каралеўстве, мяркуючы па цяперашніх апытаннях, на парламенцкіх выбарах 2025 года правых чакае правал – пытанне ў тым, ці проста параза, ці зусім ганебны разгром, ці нейкі цуд і перамога.

Еўропа «правее» з-за імігрантаў ці з іншых прычынаў?

Яшчэ да выбараў у Нідэрландах еўрапейскія медыі шмат казалі пра «ссоўванне ўправа» і рост папулярнасці скрайне правых, прыводзілі ў прыклад ранейшыя выбары ў Італіі і Швецыі. Амерыканскае выданне «Politico» (лічыцца нейтральным, але ў ім часам бачаць левы ўхіл) пісала, што за апошнія дзесяць гадоў у Еўропе адбылося збліжэнне правых, традыцыйных кансерватараў, са скрайне правымі, і хоць у некаторых краінах левыя трымаюць уладу, «левы брыз не параўнаецца з правай рэактыўнай плынню».

Брытанскае выданне «TLDR News» (некаторыя гледачы якога бачаць у ім левы ўхіл) адзначала, што ў Еўропе правыя маюць папулярнасць у моладзі, хоць у англамоўных краінах лічыцца, што моладзь схіляецца ўлева. Маладыя еўрапейцы маюць не толькі больш правыя эканамічныя погляды, але таксама больш антыімігранцкія (і лічаць іміграцыю найважнейшай праблемай), і галасуюць не за правых ці левых, а «супраць істэблішменту». У падкасце рэдактары «TLDR News»  разважалі: у еўрапейскіх элітах узнікае кансэнсус наконт абмежавання іміграцыі, ды праблема ў тым, што без росту нараджальнасці і без іміграцыі Еўропа будзе губляць працоўную сілу, «старэць».

Ды «The Guardian» заўважае, што нават скрайне правыя выбарнікі галасуюць у асноўным не па міграцыйных пытаннях, а па сацыяльна-эканамічных, і левыя могуць пераканаць выбарнікаў, што абароняць іх ад «сацыяльнага дэмпінгу» з боку імігрантаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Літоўскія вайскоўцы і памежнікі на мяжы з Беларуссю.
Фота: Valstybės sienos apsaugos tarnyba / Facebook

Дырэктар Еўрапейскай рады міжнародных адносінаў Марк Леанард расказвае пра парадокс: з аднаго боку, асноўныя палітычныя партыі ў апошнія гады пазычылі слоганы ў скрайне правых, каб перацягнуць іхны электарат, а з другога боку, скрайне правыя ссунуліся да палітычнага цэнтру ў надзеі знайсці там новыя галасы.

Цытуючы французскую даследчыцу, ён кажа, што традыцыйныя партыі, у адрозненне ад скрайне правых, пакуль не даюць пераканаўчых адказаў на тры пытанні: пра страх перад эрозіяй нацыянальнай ідэнтычнасці, пра эканоміку і лепшую будучыню для дзяцей і ўнукаў, пра сацыяльную справядлівасць і адсутнасць кантролю нацыянальных урадаў над праваламі, якія тычацца жыцця грамадзянаў.

Алесь Наваборскі belsat.eu