Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда запытаў ордар на арышт лідараў Ізраілю і «Хамасу»


Пракурор Карым Хан папрасіў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаць ордар на арышт прэм’ер-міністра Ізраілю Бэньяміна Нэтаньягу, ізраільскага міністра абароны, а таксама трох лідараў тэрарыстычнай групоўкі «Хамас». Пра гэта гаворыцца ў паведамленні на сайце суда.

Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Карым Хан.
Фота: icc-cpi.int

Пракурор Карым Хан сцвярджае, што лідар «Хамасу» ў Газе Яхʼя Сінўар, кіраўнік палітычнага крыла групоўкі Ісмаіл Ганія і кіраўнік яе баявых падраздзяленняў Мухамэд Дыяб аль-Масры вінаватыя ў злачынствах супраць чалавецтва, а таксама ў ваенных злачынствах, учыненых на тэрыторыі Ізраілю і сектару Газа пачынаючы з 7 кастрычніка 2023 года.

Хан падкрэслівае, што інкрымінаваныя тэрарыстам злачынствы былі «часткай шырокамаштабных і сістэматычных нападаў на цывільнае насельніцтва Ізраілю», якія працягваюцца і дасюль.

Разам з тым, пракурор выставіў абвінавачанне ў злачынствах супраць чалавецтва і ваенных злачынствах прэмʼер-міністру Ізраілю Бэньяміну Нэтаньягу і міністру абароны Ёаву Галянту. Паводле Хана, Нэтаньягу і Галянт нясуць адказнасць за напады на цывільнае насельніцтва, забойства мірных жыхароў і голад у сектары Газа падчас ваеннай аперацыі, якую Ізраіль праводзіць у адказ на напад «Хамасу». Пракурор лічыць, што дзеянні Ізраілю маюць сістэматычны характар і разлічаныя на тое, каб калектыўна пакараць палестынскае насельніцтва.

«Ізраіль, як і ўсе дзяржавы, мае права прымаць захады для абароны свайго насельніцтва. Аднак гэтае права не вызваляе Ізраіль ці любую іншую дзяржаву ад абавязку выконваць міжнароднае гуманітарнае права», – падкрэслівае Хан.

Нэтаньягу назваў рашэнне пракурора лжывым і абсурдным. Прэмʼер Ізраілю выказаў абурэнне спробай параўнаць салдатаў Цагалю і тэрарыстаў «Хамасу», назваўшы гэта праявай новага антысемітызму.

«Як вы адважыліся з такой дзёрзкасцю параўноўваць монстраў «Хамасу» з салдатамі Цагалю, самай маральнай арміі ў свеце?! Якую дзёрзкасць трэба мець для параўнання «Хамасу», які забіваў, спальваў, абезгалоўліваў, гвалтаваў і выкрадаў нашых братоў і сясцёр, з салдатамі Цагалю, якія вядуць справядлівую вайну, якая не мае аналагаў у маральнасці!» – цытуе ізраільскага прэм’ера «7 канал».

Нэтаньягу дадаў, што ніякі ціск не перашкодзіць Ізраілю нанесці ўдар «па тых, хто імкнецца нас знішчыць».

Гісторыі
«Падумайце пра гэта на секунду. Больш не трэба, бо гэта вельмі страшна». Вайна ў Ізраілі – вачыма яго жыхароў
2023.10.11 08:00

На бок Ізраілю стаў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Ён заявіў, што нельга параўноўваць Ізраіль і «Хамас» ды што ЗША не лічаць дзеянні Ізраілю ў сектары Газа генацыдам. Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што існуюць сумневы ў легітымнасці і дакладнасці расследавання пракурора Хана.

«Мы не прымаем таго, што пракурор прыраўноўвае Ізраіль да «Хамасу». Гэта ганьба. «Хамас» – жорсткая тэрарыстычная арганізацыя, якая ўчыніла самае страшнае знішчэнне габрэяў з часоў Галакосту і дагэтуль утрымлівае ў закладніках дзясяткі ні ў чым не вінаватых людзей, у тым ліку амерыканцаў», – заявіў Блінкен.

Урад Вялікай Брытаніі таксама выступіў супраць рашэння пракурора МКС.

Аналітыка
«Сізіфава задача» для Ізраілю. Тлумачым, чаму вайне ў сектары Газа не бачна канца
2024.05.16 18:15

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў