Навошта Лукашэнку эскалацыя міграцыйнага крызісу на мяжы з Польшчай? Маем дзве версіі


Міграцыйны крызіс на межах Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй трывае амаль тры гады. Ён не прынёс Беларусі нічога акрамя закрыцця памежных пераходаў, але не толькі не спыняецца, а яшчэ больш разгортваецца на адным з напрамкаў. «Белсат» спытаў экспертаў, навошта гэта рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, і атрымаў дзве версіі.

Польскі памежнік
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскі памежнік на мяжы з Беларуссю. 8 траўня 2024 года.
Фота: Straż Graniczna / X

З вясны 2024 года Польшча стала фіксаваць рост спробаў нелегальнага пераходу мяжы з боку Беларусі. Так, вясной 2022 года за месяц у Польшчы фіксавалі 1000–1700 спробаў на месяц, вясной 2023-га – 2400–3000 спробаў на месяц, у красавіку 2024-га – каля 3500, а ў красавіку – пад 5500. Такіх лічбаў не было аж з 2021 года.

Аб’яднанне былых беларускіх сілавікоў «BYPOL» 9 траўня папярэдзіла: спецслужбы Аляксандра Лукашэнкі рыхтуюць масавы прарыў мігрантаў, да 700–800 чалавек, праз польскую мяжу.



Разам з тым, у Польшчы абмяркоўваюць магчымасць адкрыць адзін з памежных пераходаў на мяжы з Беларуссю: у канцы красавіка віцэ-маршалак Сенату Польшчы (намеснік старшыні верхняй палаты парламенту) Мацей Жыўна расказаў, што будзе звяртацца ў Міністэрства ўнутраных справаў з прапановай адкрыць хоць бы адзін дадатковы пераход на Падляшшы.

Ускосна пра гэта сведчыць і то, што па напрамку на Кузніцу (дзе памежны пераход закрылі якраз пасля спробы прарыву мяжы мігрантамі) з пачатку 2023 года будуюць хуткасную шашу. Ходам будаўніцтва хваліліся ў пачатку траўня.

Няўжо ж Лукашэнку патрэбная эскалацыя міграцыйнага крызісу і цяперашнія даўжэзныя чэргі на мяжы з Еўразвязам?

Hавiны
Кіраўнік МЗС Польшчы абвінаваціў асабіста Лукашэнку ў міграцыйным крызісе на мяжы
2024.05.01 21:50

Гэта трэба не Лукашэнку, а Расеі?

Рамуальд Шарамецьеў, выкладчык польскай Акадэміі ваеннага мастацтва, віцэ-міністр і выканаўца абавязкаў міністра абароны Польшчы ў пачатку 1990-х, кажа «Белсату», што ўлады Беларусі з Лукашэнкам на чале насамрэч не самастойныя, а выконваюць загады з Масквы. А Уладзімір Пуцін разыгрывае сваю гульню, звязаную з вайной ва Украіне.

«Расея стварае разнастайныя пагрозы ў розных іншых кірунках, каб аслабіць дапамогу Украіне, – тлумачыць Шарамецьеў. – На мой погляд, усё гэта падпарадкаванае гэтай мэце. Лукашэнка проста выконвае на гэтым участку тое, што Пуцін загадвае яму».

Расея, нагадвае ён, цяпер у вельмі цяжкай сітуацыі: на фронце склалася патавая сітуацыя, і хоць Украіне не ўдалося правесці контрнаступ, якога чакалі летась, Расея таксама не ў стане перамагчы Украіну. Таму каб пераламіць сітуацыю, Расея хоча распаўсюдзіць праблемы за межы Украіны гэткімі неваеннымі спосабамі, як штурмы мігрантамі межаў Польшчы і краінаў Балтыі, якія падтрымліваюць Украіну.

 Польскія памежнікі на мяжы з Беларуссю
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскія памежнікі на мяжы з Беларуссю. 15 красавіка 2024 года.
Фота: Straż Graniczna / X

Шарамецьеў дапускае, што цяперашні рост актыўнасці на мяжы можа быць скіраваны і на тое, каб не даць Польшчы і Беларусі дамовіцца аб адкрыцці якога-небудзь памежнага пераходу. Але падкрэслівае, што гэта можа быць толькі адным з элементаў «генеральнага плану» Расеі, бо дзеянні на межах Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй складваюцца ў «гарманічнае цэлае».

Заходнія спецслужбы сцвярджаюць, што Расея рыхтуе дыверсіі па ўсёй Еўропе, згадвае Шарамецьеў. Мігрантаў выкарыстоўваюць як элемент расейскай агрэсіі, упэўнены ён. Сярод мігрантаў сапраўды могуць заслаць – і, на думку Шарамецьева, засылаюць – людзей для выканання шпіёнскіх і дыверсійных задач.

Каментар
Як NATO адкажа на сабатаж расейскай выведкі ў Еўропе? Тлумачыць брытанскі эксперт у выведцы
2024.05.06 18:31

Вадзім Валавой, доктар палітычных навук з Літвы, выказвае падобныя думкі. Нядаўна з’яўляліся паведамленні, што на польскім баку абмяркоўвалі дадатковы пераход на мяжы з Беларуссю, што было б выгадна Беларусі з эканамічнага гледзішча, і ў такім кантэксце, кажа Валавой, дадатковая шуміха з мігрантамі выглядае нелагічнай.

Ён называе беларускія ўлады «вельмі эканамічна арыентаванымі»: як паказала практыка апошніх гадоў, «калі дзесьці можна штосьці зарабіць, то гэты шанец дакладна не будзе ўпушчаны». На мяжы ўжо ўвялі зборы за пераход, могуць увесці дадатковыя.  Калі адкрыецца дадатковы пераход, зборы вырастуць, але калі будзе вялікі прарыў мяжы, пераход наўрад ці адкрыюць.

«Чыста з беларускага пункту гледжання, я б сказаў, гэта нявыгадна, – лічыць Валавой. – Усё ж у гэтым выпадку, напэўна, ваенна-палітычныя інтарэсы пераважаюць эканамічныя ў больш шырокім кантэксце».

Палітолаг сумняецца, што Расея можа цалкам самастойна і без удзелу беларускіх уладаў арганізаваць такі крызіс на межах Беларусі. Маўляў, калі б беларускія ўлады паставілі задачу спыніць крызіс, маглі б перакрыць мяжу, бо маюць дастаткова сродкаў. А раз гэтага не робяць, то або з простай прычыны «раз вы такія гуманісты, то прымайце ўсіх», або з дадатковай задумай.

Палітолаг падкрэслівае, што як старонні назіральнік можа толькі ацэньваць сітуацыю па наступствах і выказваць здагадкі. Але разважае: калі сапраўды будзе маштабная спроба прарыву мяжы з Польшчай, Валавой прапануе разглядаць яе ў больш шырокім ваенна-палітычным кантэксце: цяпер напружанасць не на межах асобных краінаў, а на межах новага «Усходняга блоку» (з Беларусі і Расеі) і дзяржаваў NATO.

 Польскія памежнікі прынялі роды ў мігранткі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскія памежнікі прынялі роды ў мігранткі з Эфіопіі на мяжы з Беларуссю. 16 красавіка 2024 года.
Фота: Straż Graniczna / X

«Самае простае – гэта аказанне ціску на Польшчу, якая з’яўляецца вельмі важным звяном ва ўкраінскім канфлікце, – кажа Валавой пра магчымыя тлумачэнні зацікаўленасці Расеі ў міграцыйным крызісе. – Чаму б не паднаціснуць „партнёраў“, каб ім жыццё мёдам не здавалася?

Другі аспект – праверка, як працуюць самі памежныя службы. Гэта з практычнага гледзішча для спецслужбаў супрацьлеглага боку важны аспект. Як важна ведаць, як працуе сістэма супрацьпаветранай абароны, так важна ведаць, як працуе сістэма памежнага кантролю ў экстраных выпадках.

Таксама нельга выключаць, што ў выпадку прарыву ці проста праходу мігрантаў на тэрыторыю Польшчы сярод іх могуць быць нейкія спецыяльныя людзі, у пранікненні якіх на сумежную тэрыторыю зацікаўленыя спецслужбы. То бок, спектр гэтых інтарэсаў можа быць самы розны».

Hавiны
«З Беларусі не можа быць агрэсіі». Кіраўнік МЗС «не заўважыў» нападу войскаў РФ на Украіну з нашай тэрыторыі
2024.05.06 09:33

Ці гэта трэба самому Лукашэнку?

Палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч лічыць іначай: сам факт закрыцця памежных пераходаў сведчыць пра тое, што міграцыйны крызіс – балючы для Польшчы, Літвы і Латвіі. А раз балюча, то, паводле логікі Лукашэнкі, варта націскаць на балявую кропку далей. Суседзі ж «ворагі», і чым больш нашкодзіш ворагу, тым лепш. Тое, што ад гэтага цярпіць эканоміка, транзіт, гэта для сённяшняга рэжыму зусім няважна.

«Тут палітыка пераважае ўсе астатнія рэчы, у тым ліку эканоміку, – упэўнены Карбалевіч. – Гэта мы можам назіраць па шмат якіх паказніках: тая ж самая палітычная эміграцыя з Беларусі шкодзіць эканоміцы, але ў палітычным сэнсе яна выгадная ўладам: усе незадаволеныя з’язджаюць. Так і тут: перыядычная міграцыйная атака шкодзіць эканоміцы, транзіту, але дае пэўныя чыста псіхалагічныя дывідэнды кіроўнаму рэжыму. І да таго ж, дае пажыву для прапаганды».

Ён нагадвае, што і беларуская дзяржаўная прапаганда, і асабіста Лукашэнка распавядалі, як заходнія краіны кажуць пра правы чалавека, а пры гэтым не пускаюць мігрантаў і нават нібы забіваюць іх, нібы перакідваюць у Беларусь праз плот дзясяткі трупаў.

Ролю Расеі ён раіць не перабольшваць. Расеі міграцыйны крызіс сапраўды выгадны: чым горш стасункі Беларусі з астатнімі суседзямі, тым лепш Расеі. Чым больш злаваць тых суседзяў Беларусі то мігрантамі, то ядравай зброяй, тым лепш Крамлю. Але ў тым, што Расея ёсць ініцыятарам і галоўным архітэктарам міграцыйнага крызісу, Карбалевіч не ўпэўнены: для Крамлю гэта даволі дробная справа, «камарыныя ўкусы» на тле глабальнай праблемы вайны ва Украіне. Таму наўрад ці Пуцін прымушае Лукашэнку ладзіць гэты крызіс: хутчэй «хай сабе будзе, калі ён ёсць і калі Лукашэнка гатовы гэта рэалізаваць».

Hавiны
У Польшчы створаць камісію па расследаванні расейскага і беларускага ўплыву ў краіне
2024.05.10 12:31

Але ці не складваецца ў сістэмную карціну абвастрэнне міграцыйнага крызісу, анансаваныя вучэнні па выкарыстанні ядравай зброі і ўцёкі ў Беларусь польскага суддзі? Карбалевіч адказвае: хутчэй, проста выпадкова сышліся розныя плыні і эпізоды.

Ядравыя вучэнні ў Беларусі – гэта хутчэй ініцыятыва Расеі, каб адказаць на апошнія дзеянні Захаду, як то размарожванне амерыканскай дапамогі Украіне, разважанні пра магчымы ўдзел войскаў NATO у вайне і мірны саміт у Швейцарыі без удзелу Расеі. У адказ на такое «махаць ядравай дубінай» – у стылі Крамлю.

Міграцыйны крызіс адбываецца хвалямі. Карбалевіч тлумачыць гэта тым, што мігрантаў трэба аднекуль узяць, давезці, зарганізаваць, накіраваць… Важна, што сам трэнд не мяняецца, але адсутнічае пастаянная плынь. Таму чарговы ўсплёск міграцыйнага крызісу Карбалевіч лічыць асобным элементам ад тых жа ядравых вучэнняў.

Hавiны
Памежная ахова Польшчы: грошы ад нелегальнай міграцыі праз Беларусь ішлі на «Хізбулу» і «Ісламскі джыхад»
2024.05.07 13:52

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў