Каталіцкіх святароў, затрыманых 8 траўня, вінавацяць у «дыверсійнай дзейнасці»


Кіраўніцтва Місіянераў Аблатаў пацвердзіла затрыманне двух каталіцкіх святароў, Анджэя Юхневіча і Паўла Лемеха, апублікаваўшы афіцыйны камунікат з гэтай нагоды. Ёсць звесткі, што святароў абвінавачваюць у «дыверсійнай дзейнасці на шкоду беларускай дзяржаве», паведамляе «Хрысціянская візія».

Затрыманыя святары Анджэй Юхневіч і Павел Лемех.
Фота: Хрысціянская візія: НЕ ВАЙНЕ! / Telegram

Вядома, што святары цяпер чакаюць суда, пасяджэнне мае адбыцца сёння, 10 траўня, у Віцебску.

Прэсавы сакратар польскай правінцыі Місіянераў Аблатаў а. Павел Гамуляк паведамляе, што прычынай затрымання стала «dywersyjna działalność», піша «Хрысціянская візія». Гэты тэрмін можна перакласці з польскай як непасрэдна «дыверсійная дзейнасць», але таксама і «падрыўная» ці «экстрэмісцкая».

Нагадаем, што міліцыя затрымала каталіцкіх святароў Анджэя Юхневіча і Паўла Лемеха 8 траўня ў Шуміліне. Затрыманне адбылося пасля сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі, у касцёл прыехалі тры машыны з міліцыяй у цывільным, дзе і затрымалі айца Паўла. Айца Анджэя затрымалі дарогаю на сустрэчу.

Анджэй Юхневіч і Павел Лемех – грамадзяне Беларусі. Яны не першыя святары, якія трапілі пад рэпрэсіі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў