Еўрабачанне без Беларусі, вясна без цяпла і актыўны «дзвіж» на мяжы. Галоўныя падзеі ў малюнках


У Швецыі прайшло «Еўрабачанне» – яшчэ зусім нядаўна любімы беларусамі конкурс зараз праходзіць без прадстаўнікоў нашай краіны і яго не паказваюць па мясцоваму тэлебачанню. Доўгія халодныя выходныя не вельмі падыходзілі для выездаў на шашлыкі і многія нашыя суайчыннікі вырашылі правесці іх у суседніх краінах, але з-за доўгіх чэргаў частку адпачынку давялося змарнаваць на чаканне на мяжы. Там наогул веснавое абвастрэнне – актывізаваліся і нелегальныя мігранты, жадаючы прарвацца ў Еўропу. За гэтымі і іншымі гучнымі падзеямі разам з «Белсатам» сочыць мастак Дэ Лёс.

Еўрабачанне без Беларусі

У гэтым годзе конкурс «Еўрабачанне» прайшоў у шведскім Мальмё. Галасаванне нацыянальных журы і гледачоў прынесла перамогу Швейцарыі.  Адметнасцю сёлетняга конкурсу стала вялікая колькасць скандалаў.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Частка з іх была звязаная прадстаўніцай Ізраілю Эдэн Галян. Спачатку ўдзел гэтай краіны ў «Еўрабачанні-2024» быў пад пытаннем праз вайсковыя дзеянні краіны ў сектары Газа.  Потым прэтэнзіі да яе мела Украіна: медыі падкрэслівалі, што спявачка жыла ў Расеі і выступала ў акупаваным Крыме. І, хоць з’ехала з Расеі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, нападу не асудзіла. Падчас паўфінала прысутныя на «Мальмё-Арэне» асвісталі яе проста перад выступам, што не перашкодзіла ёй трапіць у фінал.

Акрамя таго ўпершыню ў гісторыі конкурсу аднаго з удзельнікаў адхілілі ад фіналу – арганізатары абвінавацілі прадстаўніка Нідэрландаў Ёўста Клейна ў канфлікце з жанчынаю са здымачнай групы.

Агляд
«Еўрабачанне-2024» – ізноў без Беларусі і нечакана змрочна. Хто ад суседзяў і на каго ставяць
2024.05.07 09:00

Беларусь не ўдзельнічае ў конкурсе ўжо пяты год. У 2020-м Беларусь меўся прадстаўляць дуэт «VAL» з песняю «Да відна», але конкурс скасавалі праз пандэмію, а потым Белтэлерадыёкампанія разарвала з дуэтам пагадненне праз занадта «несумленнае» інтэрв’ю, а дуэт казаў, што хацеў бы «рэпрэзентаваць свабодную краіну».

У 2021 годзе БТ збіралася паслаць праўладны гурт «Галасы ЗМеста», але дзве іхныя песні адхілілі арганізатары конкурсу. Этна-электронны гурт «Shuma» тады запісаў «эмігранцкую песню для «Еўрабачання», але на конкурсе не выступаў. БТ «замарозілі» удзел у Еўрапейскім трансляцыйным звязе, які ладзіць «Еўрабачанне». Правілы конкурсу сканструяваныя так, што ў ім могуць браць удзел толькі прадстаўнікі тых тэлерадыёкампаніяў, якія ёсць чальцамі Еўрапейскага трансляцыйнага звязу. А ў гэты звяз цяпер не ўваходзяць ніякія беларускія каналы, у тым ліку «Белсат».

Паглядзець  трансляцыю «Еўрабачання» беларусы маглі толькі праз «Youtube» – афіцыйны акаўнт конкурсу «Eurovision Song Contest» веў жывую трансляцыю. Прагаласаваць можна было праз сайт «Esc.vote».

Вялікія выходныя і чэргі на мяжы

З суботы 11 траўня па аўторак 14 траўня ў беларусаў былі традыцыйныя майскія вялікія выходныя. Многія нашыя суайчыннікі вырашылі правесці іх за мяжой, і сітуацыя на памежных пераходах, якая і без таго апошнім часам была напружанаю, яшчэ больш ускладнілася.

Агляд
У Польшчу з Беларусі за шэсць гадзін. Ёсць варыянты не стаяць у чэргах на мяжы
2024.04.28 07:00

Па стане на 9-е траўня чарга на выезд з Беларусі ў напрамку Польшчы (пункт «Берасце») складала 400 легкавых аўтамабіляў і 70 аўтобусаў. У напрамку Літвы – 170 легкавых аўтамабіляў на «Каменным Логу» і 180 легкавікоў у «Беняконях», але аўтобусаў у абодвух пунктах не было. У адмысловых чатах людзі пісалі, што дзеля таго, каб выехаць з Беларусі, даводзіцца стаяць не менш за содні. Напрыклад, тыя пасажыры, якія прыехалі і сталі ў чаргу ў напрамку Польшчы раніцай 8 траўня, цалкам прайшлі беларускі і польскі бок толькі праз 27 гадзінаў. «Пажыць» у чарзе на мяжы даводзілася і пры вяртанні ў Беларусь.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Такая сумная сітуацыя склалася з-за таго, што беларускія улады перасварыліся з усімі суседзямі, даўшы магчымаць нелегальным мігрантам праз нашу краіну прарывацца ў Еўразвяз, і тыя пазачынялі большасць памежных пераходаў.

Беглы суддзя

У Беларусь збег польскі суддзя Томаш Шмыт. У Менску ён даў прэс-канферэнцыю, дзе абвясціў, што папрасіў абароны ва ўладаў Беларусі, бо на радзіме зазнаў «пераслед і пагрозы за самастойную палітычную пазіцыю».

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Як пішуць польскія медыі, Томаш Шмыт некалькі гадоў таму разам са сваімі калегамі-суддзямі, лаяльнымі да мінулага ўраду партыі PIS, зарганізавалі ананімную кампанію хэйту супраць сваіх калегаў, якія крытычна ставіліся да ўладаў. Яны стварылі групу ў мэсэнджары WhatsApp, дзе публікавалі кампрамат на суддзяў-апазіцыянераў.

У Польшчы ў дачыненні Шмыта распачалі справу аб удзеле ў шпіянажы і дзейнасці замежнай выведкі, а ён тым часам гуляе па менскіх крамах, абедае ў Драздах і раздае інтэрв’ю прапагандыстам.

Дачнікам не пашанцавала

Пачатак траўня выдаўся досыць цёплым, але чым бліжэй было да вялікіх выходных, тым больш цягнула халодным подыхам. На тыдні з 6 па 12 траўня цёплае паветра змянілася на прахалоднае. Былі нават замаразкі, што ўскладніць жыццё агароднікам і садоўнікам, а таксама тым, хто планаваў выехаць на прыроду на майскія шашлыкі.

Да таго ж ранкам 10 траўня на Сонцы адбылася ўспышка наймагутнейшага класу X: гіганцкі кластар плямін, у 15 разоў шырэйшы за Зямлю, даў вывяржэнне, часцінкі якога даляцелі да зямлі ў ноч на 11 траўня. На Зямлі адзначылі геамагнітную буру максімальнага класу G5. У выніку беларусы маглі назіраць нетыповую з’яву – палярнае ззянне.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Хлопчыкі асобна, дзяўчынкі асобна

Тым часам улады працягваюць эксперыменты над беларусамі. Цяпер эксперымент абяцаюць беларускім школьнікам – асобнае навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак па методыцы расейскага вучонага Уладзіміра Базарнага. Яно будзе ўведзена ў Беларусі з новага навучальнага года ў 14-ці школах. Гаворка ідзе пра як мінімум 28 першых класаў.

 

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Гэтая тэхналогія падаецца як «здароўезберагальная» і больш эфектыўная, але адмыслоўцы не пагаджаюцца з такой ацэнкай. Асобнае навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак неактуальна для сучаснага грамадства і можа стаць крыніцай сацыяльных праблемаў для дзяцей, якія будуць удзельнічаць у гэтым эксперыменце, лічыць акадэмічны дырэктар Інстытуту развіцця сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы Андрэй Лаўрухін. 

Андрэй Лаўрухін лічыць, што гэта крок назад. Прычым нават не ў СССР, а далей, кудысьці ў глыбіні расейскай імперыі і сівую мінуўшчыну.

Каментар
«Давайце вернемся ў 16-е стагоддзе. Ну давайце». Эксперт пра асобнае навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак
2024.05.10 18:38

Дэ Лёс belsat.eu

Стужка навінаў