Лукашэнка зрабіў перастаноўкі ў КДБ, раскрытыкаваў за «мышкование типа крышевания»


Аляксандр Лукашэнка 20 траўня прыняў нейкія «кадравыя пастановы ў структуры органаў дзяржаўнай бяспекі». Каго зняў і прызначыў, не паведамляюць. Але прэс-служба Лукашэнкі перадае ягоную крытыку ў бок КДБ за незаконныя паборы з неназваных бізнесоўцаў.

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе са старшынём КДБ Іванам Церцелем і невядомымі людзьмі ў форме. Менск, Беларусь. 20 траўня 2024 года.
Фота: president.gov.by

На нарадзе са старшынём КДБ Іванам Церцелем і яшчэ прынамсі двума непаказанымі і неназванымі людзьмі ў форме Аляксандр Лукашэнка расказаў пра кадравыя перастаноўкі неназваных людзей у органах дзяржаўнай бяспекі.

Лукашэнка распавядаў Церцелю і ананімам, што Беларусі пагражаюць «палякі, літоўцы і латышы», якія не цэняць бязвізавага рэжыму, адказваюць на гасціннасць інфармацыйнымі войнамі і закідваннем дыверсійных групаў, рыхтаваннем «рознага роду ўзброеных атрадаў і ледзь не палкоў» з мэтай уварвання ў Беларусь, а таксама ўводам санкцыяў, якія ёсць «эканамічнай дыверсіяй і вайной супраць Беларусі».

Агляд
Чортаў тузін справаў, «сенсацыйна раскрытых» Лукашэнкам
2023.03.09 13:48

Але галоўнай прычынай сустрэчы Лукашэнка назваў пытанні недапушчэння карупцыі і «крышевания» з боку органаў дзяржаўнай бяспекі, праваахоўных органаў і контрвыведкі. «Крышевание» – расейская назва крымінальнай практыкі забеспячэння абароны бізнесу за рэгулярную плату.

Лукашэнка казаў, што такое «мышкование типа крышевания» прынятае ў іншых дзяржавах, пра што ён ведае з фільмаў на тэлевізіі, але ў Беларусі такога быць не мусіць. Ён заклікаў КДБ і іншыя ведамствы, звязаныя з выведкай і контрвыведкай, не забываць пра барацьбу з унутранымі праблемамі.

Хто і каго прымушаў плаціць за прыкрыццё і ад каго трэба было бараніць, Лукашэнка не расказаў. Магчыма, ён некарэктна ўжывае гэтае слова: тлумачыў, што мае на ўвазе паслугі накшталт «я табе патроху, ты там нешта мне дасі, ты мне, я табе».

Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў пачатку 1990-х з лозунгамі барацьбы з карупцыяй. За 30 гадоў на пасадзе кіраўніка дзяржавы ён так і не перамог той карупцыі, пры тым сам узбагачаецца сумнеўнымі метадамі, будуе сабе раскошныя палацы.

У Індэксе ўсведамлення карупцыі Беларусь займае 98-е месца са 180, апускаецца ніжэй ужо тры гады запар. Суседзі ў рэйтынгу – Албанія і Эфіопія. Горшыя за Беларусь у гэтым рэйтынгу Украіна (104) і Расея (141), але астатнія суседзі стаяць вышэй – Польшча (41), Латвія (36) і Літва (34).

Гісторыі
Як у «Беларускіх латарэяў» прасілі фінансаваць бульбасховішча Лукашэнкі, самбістаў і Талая
2024.04.14 20:03

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў