«Belarus ID» прапусціў падробку


Прадстаўнічая рада дэмакратычных сілаў патрэбная, але ці зможам яе легітымна абраць? Галасаванне будуць праводзіць не па выбарчых спісах і не ў Народных амбасадах… Ахвочыя будуць галасаваць дыстанцыйна праз прыкладанне «Belarus ID». Электронны бюлетэнь даступны пасля ананімнай верыфікацыі асобы і стварэння лічбавага пашпарту. На просьбу распрацоўнікаў платформы мы выпрабавалі яе ў тэставым рэжыме і зараз разам пабачым, што атрымалася.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: myfin.by

Стваральнікі платформы «Голас» і «Новая Беларусь» зрабілі і ўжо тэстуюць мабільную праграму «Belarus ID», праз якую можна прагаласаваць за новы склад Каардынацыйнай рады… Але найперш трэба будзе пацвердзіць, што вы – гэта вы. Таму, апроч смартфона з доступам да інтэрнэту (і VPN, калі вы ў Беларусі), спатрэбіцца пашпарт. Дзейны ці пратэрмінаваны – для тых, хто не можа атрымаць новага. Іншыя дакументы – не прымаюцца.

«Гэта абмяжоўвае правы людзей, у якіх няма пашпарту, бо яны беглі ад ціску рэжыму, альбо людзей, якія падаліся на ўцякацтва і не заўжды могуць атрымаць свой пашпарт», – акцэнтуе ўвагу каардынатар «Нашае візіі» Вадзім Мажэйка.

З гэтай прычыны не прагаласуе частка беларусаў у замежжы. А наколькі актыўна будуць галасаваць тыя, хто можа і хоча, залежыць ад некалькіх фактараў. Праграма мае быць зразумелай. Карыстальнікі – упэўненымі, што галасуюць ананімна і іхныя звесткі ніхто не збірае. Галоўнае для беларусаў, якія жывуць у краіне, каб на смартфоне не засталося слядоў праграмы пасля яе выдалення. Перш чым праграма трапіць у агульны доступ, яе правяраюць «Беларускія кіберпартызаны». Часу на паўнавартасны аўдыт ім не пакінулі.

«Але бегла кіберпартызаны абавязкова паглядзяць, наколькі бяспечнае гэтае прыкладанне. На гэты момант яны кажуць, што немагчыма цалкам бяспечна спампаваць і выдаліць прыкладанне, калі пампуеш з iOS на Apstore. Тое самае, хутчэй за ўсё, можна сказаць пра сістэмы Android. Таму кіберпартызаны вельмі раяць, каб зрабілі вэб-версію», – паведаміла афіцыйная прадстаўніца «Беларускіх кіберпартызанаў» Юліяна Шэметавец.

Кандыдаты ў Каардынацыйную раду і журналісты атрымалі магчымасць прагаласаваць у тэставым рэжыме. Спрабуем. Першы варыянт – заінсталяваць праграму «Proofspace ID» амерыканскай кампаніі «ZAKA Group». У гэтым выпадку аўтарызуемся і праходзім верыфікацыю Proofspace, пад час якой ствараем лічбавую версію пашпарту. Пасля гэтага вяртаемся на крок аўтарызацыі галасавання ў прыкладанні «Belarus ID». Прагаласаваць атрымалася.

Другі варыянт – спампаваць мабільную праграму ад «Новай Беларусі». Робім гэта на іншым смартфоне і спрабуем прагаласаваць яшчэ раз – тым самым пашпартам. Каб праверыць, ці дазволіць сістэма галасаваць двойчы… Не дазволіла!

Засталося пераканацца, што « Belarus ID» якасна верыфікуе асабістыя звесткі. У прыкладанне ўбудаваная сістэма «Veriff» шанаванай у свеце кампаніі, праз якую аўтаматычна правяраюць праўдзівасць дакументаў такія стартапы і кампаніі, як «Bolt», «Starship», «Visa»…

«Такія фірмы, як «Veriff», узніклі, каб пацвердзіць, з аднаго боку, асобу, ці адпавядае ёй чалавек, а з іншага боку, каб пазбавіць буйныя бізнесы ад неабходнасці працаваць з сур’ёзнымі персанальнымі дадзенымі тыпу пашпартных і біяметрычных дадзеных. Такія фірмы правяраюць дакументы. Пераконваюцца, што такі чалавек сапраўды існуе, і фірмы-кліенты маюць адпаведную рэпутацыю, што ў іх няма падробных людзей», – распавёў расейскі IT-эксперт Аляксандр Ісаўнін.

Рэпутацыя «Veriff» узмацняе давер да «Belarus ID», але ці спраўдзіць праграма нашыя дакументы не горш, чым сябра выбарчай камісіі на ўчастку ў беларускай школе?

Праверым, ці можна падмануць дадатак «Belarus ID». Дзеля гэтага, на згоду ўладальніцы, я адсканую апошнія старонкі пашпарта, закіну ў «Фоташоп» і змяню фота на сваё… Калі праграма падчас верыфікацыі папросіць і фота пашпарта, і сэлфі, выявы твару супадуць, але звесткі застануцца чужымі. У выніку Belarus ID прыняў аматарскую падробку, вырабленую пры дапамозе «Фоташопу», офіснай паперы і хатняга прынтара. Знішчаем падробку, выкарыстаную толькі дзеля эксперыменту, і пытаемся ў распрацоўніка, чым абумоўленая нізкая якасць верыфікацыі, якая можа стацца прычынаю масавых фальсіфікацыяў?

Павел Лібер
Сузаснавальнік праекта «Новая Беларусь» Павел Лібер. Варшава, Польшча. 1 снежня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«У нас цяпер тэставая версія, хутчэй для таго, каб паказаць працэс, таму там, па-першае, адключаная частка праверак, а па-другое, вельмі важна, што нават тыя праверкі, якія ў нас цяпер «падcвятляюцца» як праверкі з высокаю рызыкай, мы прапускаем. Самі глядзім, які ў нас адсотак такіх рызыкоўных трансакцыяў», – кажа Павел Лібер.

У мэтах бяспекі выбарцаў трансакцыі ананімныя. Гэтак выглядае на дэшбордзе запіс аб маіх дзеяннях. « Veriff» і сапраўды падсвятліў «Знак рызыкі», але «адобрыў» падроблены дакумент. На рэальных выбарах верыфікацыю настрояць на аптымальны ўзровень, адзначае Павел Лібер.

«Першы варыянт – мы блакуем усе трансакцыі, якія падаюцца падазронымі. Вельмі просты варыянт, не разбіраючыся. Другі варыянт – мы аддаем гэта на водкуп сістэмы. Я цалкам дапускаю, што нехта можа прайсці з суперякасным дакументам, таму што ва ўсіх гэтых сістэмаў ёсць калідор хібнасці. Яны даюць некалькі адсоткаў на тое, што нешта прапусцяць. Трэці варыянт – што падазроныя трансакцыі будуць асобна аўдытавацца, дзеля таго каб вырашыць, што з гэтага падазронае, а што не падазронае», – кажа Павел Лібер.

Якім шляхам пойдзе верыфікацыя людзей – выбарчы камітэт Каардынацыйнай рады яшчэ не вырашыў.

«На дэбаты часу хапіла, а на тое, каб абкатаць сістэму, зрэшты, як будуць людзі галасаваць і заўчасна, нармальна яе прадставіць – вось на гэта, на жаль, часу не хапіла. Каардынацыйная рада ўзяла на сябе адказнасць. Моцна абараняла сваю незалежнасць, каб ім ніхто не ўказваў, як выбары праводзіць. То цяперака гэтая самастойнасць цалкам увязваецца з адказнасцю за вынік», – настойвае Вадзім Мажэйка.

Альтэрнатыўныя выбары патрэбныя і беларускай, і расейскай апазіцыі. Але чаму апошняя іх не ініцыюе?

«Я з цікавасцю чакаю, што прапануе апазіцыя ў Расеі. Даўно не было альтэрнатыўных выбараў менавіта таму, што амаль не магчыма якасна верыфікаваць», – заўважыў расейскі IT-эксперт Аляксандр Ісаўнін.

Бяспека выбарнікаў у Беларусі, даступнасць волевыяўлення для кожнага ахвочага і ўрэшце магчымасць фальсіфікацыяў – арганізатары выбараў мусілі б развязаць гэтыя праблемы цягам шасці дзён. Беларусы тры дзесяцігоддзі жывуць без усеагульных і свабодных выбараў. Галасаванне за трэці склад Каардынацыйнае рады мелася перарваць гэтую чорную паласу.

Юлія Цяльпук belsat.eu

Стужка навінаў