Польшча збіраецца пабудаваць спадарожнікавы кампанент еўрапейскага «жалезнага купала»


Польшча плануе атрымаць ад Еўрапейскага інвестыцыйнага банка крэдыт у памеры паўмільярда злотых (каля 130 млн долараў) на стварэнне еўрапейскага «жалезнага купала», уключаючы яго спадарожнікавы кампанент.

«Жалезны купал». Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: gov.il

З такой заявай выступіў кіраўнік польскага ўрада Дональд Туск. Ён адзначыў, што Польшча разам з іншымі краінамі Еўразвязу хоча будаваць еўрапейскі «жалезны купал» для гарантавання бяспекі паветранай прасторы. Туск падкрэсліў, што вопыт Украіны і Ізраіля паказвае, што адна краіна не ў стане самастойна гарантаваць бяспеку паветранай прасторы. Таму неабходна стварыць «жалезны купал» для ўсяго рэгіёна і кантынента. Туск таксама паведаміў, што Варшава прыняла рашэнне аб будаўніцтве спадарожнікавага кампанента ў рамках гэтай праграмы.

«У панядзелак я буду весці перамовы з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам аб завяршэнні працэсу фінансавання гэтага спадарожнікавага кампанента, і мы атрымаем крэдыт у памеры паўмільярда злотых, што павысіць нашу бяспеку», – сказаў Туск, адзначыўшы пры гэтым, што ў панядзелак, 20 траўня, зможа паінфармаваць пра паспяховае завяршэнне працэсу атрымання крэдыту.

У красавіку 2024 года Туск паведаміў пра гатовасць Польшчы далучыцца да праекту еўрапейскага «жалезнага купалу».

Ініцыятыва «Еўрапейскі нябесны шчыт» з’яўляецца праектам па стварэнні наземнай інтэграванай еўрапейскай сістэмы супрацьракетнай абароны, якая ўключае ў сябе сродкі барацьбы з балістычнымі ракетамі. Па стане на студзень 2024 года ў ініцыятыве ўдзельнічаюць 19 еўрапейскіх дзяржаваў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў