Як галасаваць на выбарах у Каардынацыйную раду. Праверылі бэта-версію праграмы


Выбары новага складу Каардынацыйнай рады пройдуць 25–27 траўня. Іх зладзяць праз інтэрнэт і мабільную праграму для «Android» і «iOS». Арганізатары галасавання падзяліліся з «Белсатам» чарнавою версіяй праграмы – расказваем, як яна працуе.

Праграма для выбараў у Каардынацыйную раду
Праграма для выбараў у Каардынацыйную раду. Варшава, Польшча. 17 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

У выбарах у Каардынацыйную раду змогуць узяць удзел усе ўладальнікі беларускага пашпарта, незалежна ад краіны перабывання. Галасаваць можна будзе і з тэрыторыі Беларусі, і з-за мяжы.

Праграму для галасавання апублікуюць у «App Store» і «Play Store» 20 траўня. За абнаўленнямі варта сачыць на сайце Каардынацыйнай рады (з Беларусі – праз VPN) і ў яе сацыяльных сетках. Калі праграму апублікуюць, мы дадамо спасылку на яе ў гэты матэрыял.

На галасаванне адводзяць тры дні: з 00:00 25 траўня да 23:59 27 траўня паводле менскага часу. Вынікі выбараў маюць абвясціць 8 чэрвеня, першае паседжанне новага склікання КР плануюць правесці 15 чэрвеня.

На выбар прапануюць 12 спісаў, яны пазмагаюцца за 80 месцаў. У выбарніка будзе адзін голас, трэба будзе выбраць адзін спіс кандыдатаў. Спісы таксама публікавалі свае праграмы. Пачытаць праграмы і біяграфіі чальцоў спісаў можна тут. Спісы закрытыя: у іх ёсць вызначаныя імёны кандыдатаў і парадак прыярытэту кандыдатаў пры размеркаванні мандатаў (у адрозненне ад адкрытых спісаў, нельга пазначыць, што ў спісе больш за кандыдата 1 падабаецца кандыдат 3). Сістэма выбараў у КР падобная да парламенцкіх выбараў у шмат якіх краінах.

Найбольш сістэма размеркавання мандатаў нагадвае выбары ў парламент Ізраілю. На выбарах у ізраільскі Кнесет таксама прапарцыйная сістэма, у якой уся краіна як адна выбарчая акруга (на выбарах у КР беларусы ўва ўсім свеце галасуюць як адна акруга), закрытыя спісы (калі галасуюць за цэлы спіс, а не за кандыдата са спісу, як, напрыклад, у Польшчы), парог – 3,25 % (на выбарах у КР – 3 %), і тыя спісы, якія пераадолелі парог, атрымліваюць адпаведную колькасць мандатаў (у Ізраілі агулам 120 месцаў у парламенце, у КР – 80).

«Белсат» апытаў спісы наконт поглядаў. Вось адказы:

Выбары ў КР
Сілавы сцэнар, увага свету і палітвязні. Што казалі на канферэнцыі па выбарах у Каардынацыйную раду
2024.05.19 14:56

Для ўдзелу ў галасаванні спатрэбіцца беларускі пашпарт, прымуць і пратэрмінаваны. Для рэгістрацыі ў праграме трэба будзе сфатаграфаваць пашпарт Рэспублікі Беларусь і твар (зрабіць сэлфі). Мы праверылі: праграма прыняла пашпарт з даволі старым здымкам, які істотна адрозніваецца ад цяперашняга выгляду і фрызуры ўласніка пашпарта. У бэта-версіі, якую атрымалі журналісты «Белсату», пратэрмінаваных пашпартоў не прымалі, але распрацоўнікі праграмы запэўнілі: у канчатковай версіі пратэрмінаваныя прымуцца.

Галасаваць проста, працэс зойме пару хвілінаў. Трэба ўсталяваць праграму з «Play Store» ці «App Store». У праграме трэба прыдумаць пін-код (шасцізнакавы пароль) і даць ёй дазвол на натыфікацыі. Затым праграма згенеруе ўнікальны ключ (бессэнсоўны набор з 12 словаў), які трэба запісаць у бяспечным месцы, каб увесці ў выпадку непаладак. Пасля трэба сфатаграфаваць пашпарт і твар: даць праграме дазвол на доступ да камеры, выбраць краіну «Беларусь» (іншых варыянтаў не прапануюць) і зрабіць фота. Верыфікацыя можа спрацаваць не з першага разу, папрасіць перазняць пашпарт ці перарабіць сэлфі. Але калі спрацуе, застаецца праглядзець спісы кандыдатаў, выбраць адзін з іх і націснуць «прагаласаваць». Праграма перапытае дазвол на доступ да звестак, «падумае» яшчэ паўхвіліны і пакажа вынік.

Праграма для выбараў у Каардынацыйную раду
Працэс рэгістрацыі да этапу сканавання пашпарта. Варшава, Польшча. 17 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Зусім без пашпарта прагаласаваць не ўдасца. Мы праверылі: праграма не прымае прымітыўных падробак. Фота пашпарта ці ксеракопія пашпарта не пасуюць, як і здымак іншых дакументаў, як замежныя пасведчанні асобы ці «пашпарты ўцекачоў».

Праграма для выбараў у Каардынацыйную раду
Няўдалыя спробы зарэгістравацца з ксеракопіяй пашпарта, сапраўднаю польскаю картаю побыту і фота чужога пашпарта з манітора. Адказ адзіны: верыфікацыя адхіленая. Варшава, Польшча. 17 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

«Белсат» у эксперыменце з тэставай версіяй праграмы выкарыстаў больш складаную падробку: якасны скан сапраўднага пашпарта і якасную раздрукоўку з замененым фота. Тэставая версія прапусціла голас, але з пазнакаю для арганізатараў галасавання, што ёсць «знакі рызыкі». Лідар каманды распрацоўнікаў Павел Лібер тлумачыў, што ў тэставай версіі адключылі некаторыя этапы правярання і наўмысна прапускалі некаторыя галасы, падсвечаныя як падазроныя.

Разбор
«Belarus ID» прапусціў падробку
2024.05.19 20:43

Гэта стварае праблемы тым, хто, напрыклад, падаў дакументы на статус уцекача і на пэўны час застаўся без пашпарта. Давядзецца прасіць у органу, які забраў дакумент у дэпазіт, часова вярнуць яго (прынамсі ў Польшчы пашпарты вяртаюць, калі напісаць заяву). Але пашпарт нават не трэба выносіць з установы: дастаткова пасля 20 траўня прыйсці, узяць дакумент на 5 хвілінаў і вярнуць яго, трэба толькі загадзя дамовіцца на гэта з органам, які забраў пашпарт.

Старшыня Выбарчай камісіі Алена Прыходзька ў каментары «Белсату» прызнала, што гэта спрэчны момант: шмат хто крыўдзіцца, бо не мае на руках свайго пашпарта. Але, кажа Прыходзька, няма іншых тэхнічных магчымасцяў якаснай верыфікацыі і было б вельмі цяжка падключыць правяранне іншых дакументаў з пазнакаю беларускага паходжання асобы.

Перагаласаваць нельга. Калі выбар у праграме зроблены, скасаваць яго і выбраць іншы спіс немагчыма. Як і на выбарах у Беларусі не дазваляюць дастаць бюлетэня з скрыні і перагаласаваць. Таму лепш загадзя азнаёміцца са спісамі, пачытаць праграмы ды інтэрв’ю кандыдатаў.

Праграма для выбараў у Каардынацыйную раду
Няўдалыя спробы зарэгістравацца з ксеракопіяй пашпарта, сапраўднаю польскаю картаю побыту і здымкам чужога пашпарта з манітора. Адказ адзіны: верыфікацыя адхіленая. Варшава, Польшча. 17 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Гэта адносна бяспечна для людзей у Беларусі. Правайдары і сілавікі наўрад ці здолеюць адсачыць усталяванне праграмы для галасавання на тэлефон карыстальніка: нават калі карыстальнік не ўлучыць VPN, сілавікі пабачаць толькі нейкі трафік з «App Store» ці «Play Store». Пасля галасавання праграму можна выдаліць, не пакінуўшы слядоў галасавання. Адзіная сапраўды сур’ёзная небяспека – калі сілавікі зловяць чалавека з усталяванай на тэлефоне праграмаю, таму ў Беларусі лепш галасаваць у бяспечным месцы і пасля галасавання выдаліць праграму, пачысціць гісторыю пошуку ў краме праграмаў або гісторыю браўзера за дзень галасавання.

«Кіберпартызаны» наракалі, што ім далі мала часу праверыць праграмы, а таксама папярэдне выказвалі здагадку, што праграму немагчыма цалкам бяспечна ўсталяваць і выдаліць на «iOS» і, хутчэй за ўсё, таксама «Android», таму раілі зрабіць ўэб-версію – галасаванне праз сайт.

Фота, як сцвярджаюць распрацоўнікі праграмы, не будзе захоўвацца нідзе, акрамя смартфона карыстальніка. Верыфікуе здымак падпраграма «Veriff», якой давяраюць сярод іншага «Amazon», «Bolt», «Visa» дыіншыя. Праграма не паказвае фота жывому чалавеку, а толькі дае штучнаму інтэлекту праверыць, ці падобны пашпарт да сапраўднага і ці падобнае сэлфі да фота ў пашпарце. Арганізатары галасавання не будуць мець доступу да асабовых звестак з пашпарта, толькі да згенераванага падпраграмай унікальнага «безасабовага» коду.

Стацыянарных пунктаў для галасавання не будзе. Але для журналістаў у Варшаве і Вільні зладзяць стацыянарныя пункты назірання. Паводле Прыходзькі, некаторыя спісы кандыдатаў плануюць стацыянарныя пункты валанцёрскай дапамогі, на якіх прапануюць дапамагчы зарэгістравацца ў праграме.

Улады Беларусі ў тэорыі могуць паўплываць на вынікі галасавання, але наўрад ці стануць гэта рабіць. Тэарэтычна ўлады могуць выдаць фальшывы пашпарт хоць на імя Святланы Ціханоўскай – маюць жа доступ да механізму выдачы сапраўдных пашпартоў. Можна ўявіць, што ўлады захочуць зламаць галасаванне нават без фальсіфікацыі пашпартоў: проста прымусяць сілавікоў ці бюджэтнікаў масава рэгістравацца з сапраўднымі пашпартамі і тварамі. Але старшыня Выбарчай камісіі кажа «Белсату», што гэта нонсэнс: уладам трэба «напружыцца і зрабіць яўку на дэмакратычныя выбары», затым прымусіць галасаваць за «экстрэмістаў» (а ўсе спісы ўжо абвясцілі экстрэмісцкімі фармаваннямі). Прыходзька пытае: гэта значыць, будуць прымушаць галасаваць за «экстрэмістаў», за якіх самыя ж забараняюць галасаваць? І нават калі накруцяць галасы за нейкі спіс, які палічаць самым «белым і пухнатым», гэты спіс не будзе кантраляваны ўладамі. Калі толькі спецслужбам не ўдасца завербаваць выбраных дэлегатаў, а ад гэтага не застрахаваны ніякі парламент.

Пакуль пад падазрэннем у супрацы з КДБ толькі два кандыдаты, якіх ужо прыбралі са спісаў. У базе даносаў, якую ў Камітэту дзяржаўнай бяспекі скралі «Кіберпартызаны», знайшліся даносы ад імя двух чальцоў спісу № 1 «Салідарнасць» – Паўла Бялюціна і Вольгі Цішкевіч. Хоць няма беспасярэдніх доказаў, што даносы пісалі яны, а не хтосьці іншы ад іхнага імя, абаіх выключылі са спісу.

Выбары ў КР
Адкрыты ліст Аляксандра Мілінкевіча чальцам Каардынацыйнай рады
2024.04.18 20:13

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў