news
Выбары ў КР

Сілавы сцэнар, увага свету і палітвязні. Што казалі на канферэнцыі па выбарах у Каардынацыйную раду

Выбары ў Каардынацыйную раду пройдуць онлайн 25–27 траўня.
19.05.202414:56

Выбары ў Каардынацыйную раду пройдуць онлайн 25–27 траўня. Вялікая палітычная канферэнцыя па выбарах з удзелам прадстаўнікоў выбарчых спісаў прайшла ў Варшаве 19 траўня. «Белсат» пераказвае, што на ёй абмяркоўвалі.

Усю канфрэнцыю падзялілі на тры блокі: «матывацыйны», загадзя падрыхтаваныя пытанні да выбарчых спісаў і пытанні ад гледачоў. Канферэнцыю транслявалі ў жывым эфіры на Youtube.

Як і за каго галасаваць

Старшыня Выбарчай камісіі Алена Прыходзька запэўніла, што да выбараў добра падрыхтаваліся, не хвалююцца наконт тэхнічных і бюракратычных праблемаў. Хвалююцца толькі, каб у выбарах узяла ўдзел як можна больш беларусаў.

20 траўня ў Apple AppStore і Google Play Store мае з’явіцца адмысловая праграма для галасавання – «Belarus ID». Людзям у Беларусі Прыходзька раіць спампаваць праграму толькі перад самым галасаваннем і адразу па галасаванні выдаліць, каб не ствараць дадатковых пагрозаў.

Праграма патрабуе верыфікацыі праз беларускі пашпарт і фота атрымальніка (іх аналізуе штучны інтэлект). Прыходзька прызнала, што чула нараканні на неабходнасць беларускага пашпарту (які ўжо ёсць не ва ўсіх грамадзянаў), але верыфікаваць усе дакументы, як то пашпарты ўцекачоў, тэхнічна складана. Але сістэма прымае і тыя беларускія пашпарты, тэрмін дзеяння якіх скончыўся. Галоўнае – каб чалавек мог даказаць гэтым пашпартам, што мае грамадзянства Беларусі.

Прыходзька падкрэсліла: галасы на выбарах палічаць і не скрадуць, гэтыя галасы будуць мець наступствы – чаго на выбарах у Беларусі даўно не было. Прадстаўнік выбарчай камісіі Яраслаў Бекіш нагадаў: беларусы ведаюць, што бывае, калі не ўдзельнічаць у палітыцы, а каб у беларусаў была свая краіна, трэба інвеставаць у краіну шмат часу і высілкаў.

На галасаванне адводзяць тры дні: ад 00:00 25 траўня да 23:59 27 траўня паводле менскага часу. Вынікі выбараў маюць абвясціць 8 чэрвеня, першае паседжанне новага склікання КР плануюць правесці 15 чэрвеня.

На выбар прапануюць 12 спісаў, яны пазмагаюцца за 80 месцаў. У выбарніка будзе адзін голас – трэба будзе выбраць адзін спіс кандыдатаў. Спісы закрытыя: у іх ёсць вызначаныя імёны кандыдатаў і парадак прыярытэту кандыдатаў пры размеркаванні мандатаў (у адрозненне ад адкрытых спісаў, нельга пазначыць, што ў спісе больш за кандыдата 1 падабаецца кандыдат 3).

«Белсат» апытаў спісы наконт іхных поглядаў, склаў вялікія анкеты. Адказы спісаў такія:

Пачытаць афіцыйныя праграмы і біяграфіі чальцоў спісаў можна тут.

Як спісы самі сябе прадстаўлялі

У «матывацыйным блоку» прадстаўнікам спісаў далі на выступы па 5 хвілінаў.

Спіс № 1 – «Салідарнасць». Яўген Дудкін адзначыў, што ў спісе аб’яднаныя хрысціянскія дэмакраты і сацыялісты, якія змаглі дамовіцца між сабой і падпісаць супольны мемарандум. Але заявіў, што не ўсе палітычныя сілы пагадзіліся на такі мемарандум, бо, маўляў, валяць адказнасць на Аляксандра Лукашэнку і Уладзіміра Пуціна, не пагаджаюцца з тым, што гэта беларусы дапусцілі з’яўленне дыктатуры. У 2020 годзе, казаў Дудкін, беларусы вырашылі, што хочуць «людзьмі звацца», а палітыкі цяпер мусяць быць адказнымі перад беларусамі, а не дапускаць скандалы.

Спіс № 2 – «Воля». Сяргей Кедышка згадаў, што ўдзельнічае ў дэмакратычным руху з 2001 года і бачыць, як дэклараванае на бясконцых канферэнцыях раз за разам не рэалізуюць, людзі зноў і зноў расчароўваюцца, а лідары штораз не ведаюць, што рабіць далей. У 2020 годзе, лічыць ён, трэба было браць уладу ў свае рукі, але тагачаснае скліканне Каардынацыйнай рады не здолела гэта зрабіць. Патрэбная была сіла, якая «дацісне гэтых тэрарыстаў» – так Кедышка называе дзейную ўладу ў Беларусі. Цяпер беларусы не маюць «контртэрарыстаў», таму стварэнне вызвольнай арміі – галоўны пункт праграмы. Ён заклікаў мужчынаў і жанчынаў праходзіць вайсковую падрыхтоўку за ўласныя сродкі – вызваліць Беларусь можна «толькі нашымі рукамі».

Аліна Коўшык на Вялікай палітычнай канферэнцыі па выбарах у Каардынацыйную раду ў Варшаве, Польшча. 19 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Спіс № 3 – «Еўрапейскі выбар». Аліна Коўшык не пагадзілася з тым, што беларусы ў апатыі і дэпрэсіі, што прайгралі. Яна прасіла размаўляць пра перамогу, каб зразумець, як яе дамагчыся, хоць і цяжка ўявіць, што сітуацыя можа змяніцца. Падмурак перамогі – незалежнасць і еўрапейскі выбар. Коўшык нагадала пра падрыхтаваныя дэмакратычнымі сіламі праграмы і праекты, заклікала да ўзмацнення супрацы між КР, Аб’яднаным пераходным кабінетам і офісам Святланы Ціханоўскай – адзінага беларускага палітыка, хто мае права і легітымнасць заявіць аб прыняцці ўлады ў пераходны перыяд.

Спіс № 4 – «Наша справа». Роза Турарбекава згадала, што пераехала ў Беларусь 27 гадоў, цяпер аказалася ў эміграцыі праз жудасную канцэнтрацыю ўлады ў руках аднаго чалавека. КР цяпер патрэбная для прадстаўлення грамадства, скарачэння дыстанцыі між актывістамі і рэштай грамадства. Асноўныя пункты праграмы спісу – візы, мабільнасць, легалізацыя, санкцыі, дыялог з замежнымі партнёрамі, супрацьстаянне «жалезнай заслоне» між беларусамі і Еўропай.

Спіс № 5 – «Закон і правапарадак». Аляксандр Азараў спытаў, ці хацелі б беларусы жыць у краіне, дзе міліцыя выконвае законы, як бы дзіўна гэта не гучала. Ён назваў галоўнай задачай працу з сілавікамі, бо кожны сілавік баіцца за сваю будучыню пасля Лукашэнкі. Значыць, трэба прапанаваць ім альтэрнатыву Лукашэнку, падрыхтаваць праграму рэформаў для тых, хто не чыніў злачынстваў і пяройдзе на бок грамадства, ліквідаваць прорву між сілавікамі і грамадствам.

Аляксандр Азараў (злева) на Вялікай палітычнай канферэнцыі па выбарах у Каардынацыйную раду ў Варшаве, Польшча. 19 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Спіс № 6 – «Голас дыяспараў». Раман Кісляк казаў, што хоча вярнуць беларусам права на выбары. У 2020 годзе беларусы дамагліся таго, што рэжым адступіў на пэўны час перад моцаю беларусаў, ды тады рэвалюцыя не была арганізаваная. КР мае аднавіць суб’ектнасць беларусаў – кантроль над працэсамі ў Беларусі і вакол яе. Ён падкрэсіў, што хоць у КР балатуюцца розныя спісы, яны маюць працаваць разам для вяртання краіны беларусам.

Спіс № 7 – «Незалежныя беларусы». Сяргей Бяспалаў наракаў, што з 2020 года дэмакратычныя сілы «патрапала», актывісты сыходзяць займацца ўласным жыццём, арганізацыі падзяляюцца праз пастаянныя кепскія навіны і адсутнасць даверу. Таму прыярытэт – кансалідацыя ўсіх суб’ектаў дэмакратычных сілаў, а таксама падвышэнне празрыстасці. Ён заклікаў стварыць у КР аддзел працы са зваротамі грамадзянаў, камісіі па паступленні сродкаў ад партнёраў і камісію па этыцы, арганізаваць рэгулярныя справаздачы КР і палепшыць інфармацыйную працу.

Спіс № 8 – «Блок Пракоп’ева-Ягорава». Аляксандр Кныровіч расказаў, што беларусы мелі тры спробы зрабіць сабе дэмакратычную дзяржаву – у 1918, 1991 і 2020 гадах. Поспеху пакуль не мелі, але ў іншых, як то ў немцаў, было і больш непаспяховых спробаў. Ён бачыць, што наступнае вакно магчымасці будзе цягам бліжэйшых 8–10 гадоў. Роля КР – быць голасам тых, хто застаецца ў Беларусі. Каб ім быць, КР мусіць мець самафінансаванне сіламі беларусаў.

Спіс № 9 – «Каманда Латушкі і рух „За свабоду“». Павел Латушка заявіў: «Мы не абяцаем, мы робім». Нагадаў пра ордары на арышт і санкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, супрацу з міжнародным крымінальным судом, справаздачы для замежных партнёраў і суправаджэнне крымінальных справаў паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі, эвакуацыю ад палітычнага пераследу, зборы на дапамогу добраахвотнікам, атрыманне замежнай дапамогі на развіццё культуры, заснаванне «Музею вольнай Беларусі», стварэнне «Кадравага рэзерву», дапамогу беларусам у легалізацыі за мяжой… «Мы не даем дзеду спакойна жыць», – сказаў Латушка і паабяцаў працягнуць гэта рабіць. Латушка таксама заявіў аб падтрымцы Ціханоўскай як выбранай прэзідэнткі.

Павел Латушка на Вялікай палітычнай канферэнцыі па выбарах у Каардынацыйную раду ў Варшаве, Польшча. 19 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Спіс № 10 – «Хопіць баяцца». Таццяна Мартынава заклікала «заставацца людзьмі» і не казаць пафасных прамоваў. Яна заявіла, што ключ ад свабоды Беларусі – ва Украіне. Інструментаў сілавога ціску на Лукашэнку цяпер няма, таму трэба сабрацца і стварыць яго. Калі спіс пераможа на выбарах, для чальцоў нічога не зменіцца, бо яны працягнуць рабіць усё тое ж, што робяць цяпер – але ўжо ад імя беларусаў. Пакуль жа, адзначыла Мартынава, яна прыходзіць на сустрэчы з дэпутатамі Вярхоўнай рады Украіны не ад імя беларусаў, а як прыватная асоба. «Украіна, Украіна і яшчэ раз Украіна», – падкрэслівала яна. Але завершыла выступ заклікам «жыві, Беларусь».

Спіс № 11 – «Краіна для жыцця». Віталь Савюк сказаў, што прасцей было б застацца ў баку і крытыкаваць КР, але хоць у ягонай камандзе мала хто мае палітычны доступ, яны вырашылі пайсці на выбары, бо хочуць вярнуцца ў Беларусь. Ён нагадаў, што яшчэ за Сяргеем Ціханоўскім чатыры гады таму таксама ішлі людзі, далёкія ад палітыкі. Савюк заклікаў сысці ад узаемных абвінавачванняў і пачаць працаваць разам, каб беларусы пачалі давяраць КР.

Спіс № 12 – «Моладзевы наступ». Алана Гебрэмарыям падкрэсліла, што праца ейнай каманды скіраванае на ўзмацненне ролі моладзі ў палітычных працэсах, бо грамадства не заўважае моладзь праз адсутнасць пляцоўкі для прадстаўлення інтарэсаў моладзі. А дысбаланс у палітыцы ў бок групы «50+» прыводзіць да страты гнуткасці і немагчымасці ўжываць новыя інструменты працы. Праграма ўключае не толькі гэта: яшчэ прасоўванне адукацыі для беларусаў за мяжой, лабіяванне ўстойлівага руху транспарту з Беларусі, выдачу мільёну візаў беларусам, а таксама падвышэнне празрыстасці КР.

Алана Гебрэмарыям на Вялікай палітычнай канферэнцыі па выбарах у Каардынацыйную раду ў Варшаве, Польшча. 19 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Сілавы ці мірны сцэнар? Пацыфістаў засталося мала

У другім блоку канферэнцыі прадстаўнікоў спісаў пыталі тры загадзя падрыхтаваныя пытанні: магчымасць мірных пераменаў або сілавога сцэнару, спосабы вяртанні ўвагу свету да беларускіх праблемаў і шляхі вызвалення палітвязняў.

Спіс № 1 – «Салідарнасць». Ігар Валяеў лічыць, што ніхто з беларусаў не хоча вайны, але трэба ўлічваць два фактары: тэрор супраць беларускага народу і «халодная грамадзянская вайна» з манаполіяй на зброю толькі ў аднаго боку. Таму мірныя перамены пры Лукашэнку ва ўладзе немагчымыя. Але стварэнне арміі за межамі Беларусі – утопія, пакуль Беларусь не ўступіць у адкрытую вайну з NATO ці Украінай. Таму ўсё залежыць ад беларусаў у Беларусі, але эмігрантам трэба рыхтавацца да таго, што на радзіме з’явіцца сіла, здольная распачаць перамены. І эмігрантам трэба рабіць інвестыцыйны фонд для фінансавання вайсковай падрыхтоўкі.

Спіс № 2 – «Воля». Генадзь Манько выказаўся пра мірныя перамовы так: «Калі заяц сядзіць сярод ваўкоў і думае, што яго не з’ядуць». У беларусаў «слабы імунітэт» да аўтарытарызму. Дэмакратычныя сілы пакуль не маюць чаго прапанаваць рэжыму на гіпатэтычных перамовах і не маюць чым пагражаць. Таму спіс выступае за стварэнне ўмоваў для заснавання Беларускай вызваленчай арміі за мяжой – гэта, кажа Манько, рэальна.

Спіс № 3 – «Еўрапейскі выбар». Аляксандр Дабравольскі прапанаваў простую схему: каб перамагчы ворага, патрэбная свая сістэма з лідарствам, рэсурсамі, інфраструктура супрацы, прыхільнікі пераменаў і сілавыя структуры. У 2020 годзе не хапіла апошняга. Рэчаіснасць такая, што супраць беларусаў ужываюць гвалт, таму неабходнасьц сілавога складніку відавочная, але патрэбныя таксама і іншыя складнікі схемы.

Спіс № 4 – «Наша справа». Роза Турарбекава прапанавала паглядзець на пытанне з улікам магчымасцяў і абмежаванняў. «Вызваляць трэба», але патрэбная еднасць грамадства і палітычных суб’ектаў, рэсурсы (праз самафінансаванне і замежных партнёраў), спрыяльныя вонкавыя ўмовы (якія цяпер неспрыяльныя, але зменяцца пасля перамогі Украіны над Расеяй) і палітычная воля суб’ектаў у «час Ікс».

Роза Турарбекава на Вялікай палітычнай канферэнцыі па выбарах у Каардынацыйную раду ў Варшаве, Польшча. 19 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Спіс № 5 – «Закон і правапарадак». Сяргей Макараў сказаў, што мірны сцэнар Беларусі не падыходзіць, бо «чалавек са сцягам атрымае дубінай па гарбе», а сілавы не падыходзіць, бо супрацьстаяць трэба 85 тысячам міліцыянтаў, 47 тысячам вайскоўцаў і незлічонай колькасці «ціханоў». Супраць гэтага трэба выставіць прынамсі 300 тысяч чалавек, якіх можна і страціць. Таму патрэбны гібрыдны сцэнар з нешматлікімі навучанымі ваяваць і мноствам гатовых да мірных пратэстаў пасля таго, як спецыялісты «зачысцяць» для гэтага пляцоўку.

Спіс № 6 – «Голас дыяспараў». Раман Кісляк выступіў за мірны сцэнар з перамовамі ці без іх. Каб перамагчы, трэба зразумець, як зладжанае ўзаемадзеянне грамадства і ўлады – і «абрэзаць ніткі марыянеткі». Калі людзі «перастануць карміць уладу», то гэтая ўлада знікне, але дамагчыся такога вельмі складана, не менш цяжка за сілавы сцэнар і можа натыкнуцца на супрацьдзеянне Расеі.

Спіс № 7 – «Незалежныя беларусы». Максім Шабуцкі згадаў, што ў 2020 годзе дэмакратычныя сілы ездзілі па гарадах і агітавалі за мірныя перамены, а Лукашэнка ездзіў па вайсковых частках і казаў «чысціць ружжы». Хоць любы нармальны чалавек хоча міру, выбару ў беларусаў няма, глупа не рыхтавацца да сілавога сцэнару. Таму трэба рабіць, што можаш, а не разважаць, ці трэба. А тая ж польская юрысдыкцыя дазваляе рабіць многае.

Спіс № 8 – «Блок Пракоп’ева-Ягорава». Андрэй Кушняроў лічыць, што выбар сцэнару «не ад нас залежыць»: выбіраць будуць людзі ў Беларусі, а дыяспара можа толькі дапамагчы ім. Беларусь не страчаная, для мільёнаў людзей у краіне жыццё не спынілася, а будучы прэзідэнт Беларусі цяпер знаходзіцца ў Беларусі. Эмігрантам трэба даць людзям у Беларусі ў патрэбны момант рэсурсы, кампетэнцыі, а мо і зброю, таму ўжо цяпер трэба рыхтавацца, не спадзявацца на вонкавую дапамогу.

Удзельнікі Вялікай палітычнай канферэнцыя па выбарах у Каардынацыйную раду ў Варшаве, Польшча. 19 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Спіс № 9 – «Каманда Латушкі і рух «За свабоду»». Міхаіл Кірылюк не заклікаў да ўзброенай барацьбы з той жа прычыны, чаму не заклікае да мірных пратэстаў у Беларусі. Гэта немагчыма, як узброенае паўстанне на акупаваных тэрыторыях Украіны. Ён заклікаў ахвяраваць грошы на беларусаў, якія ваююць за Украіну і могуць стаць асновай будучага войска, працягваць прававы ціск на рэжым Лукашэнкі і «прапаведаваць» сярод тых беларусаў, хто яшчэ вагаецца або падтрымлівае «русский мир». На «доўгай дыстанцыі» Расея прайграе вайну з Украінай – прыйдзе час, падобны да часу распаду СССР.

Спіс № 10 – «Хопіць баяцца». Яўген Акундзінаў кажа, што найлепшым сцэнаром быў бы «снайпер». Праліваць кроў не хацеў бы, але першую кроў даўно праліў Лукашэнка, ён забіваў беларусаў у 2020 годзе і дагэтуль забівае людзей у турмах, не пойдзе на перамовы. Ключ да свабоды Беларусі – ва Украіне, але палітыкі Літвы, Латвіі і Польшчы таксама могуць дапамагчы беларусам сфармаваць «свае ЗСУ».

Спіс № 11 – «Краіна для жыцця». Уладзімір Лаўранюк адзначыў, што беларусы не маюць адзінай стратэгіі вызвалення сваёй краіны. Ён заклікаў аб’яднацца, напісаць стратэгію і перамагчы агульнага ворага – Лукашэнку і Пуціна – сілавым метадам, бо перамовы з імі немагчымыя. І галоўны саюзнік Беларусі – Украіна, упэўнены ён.

Спіс № 12 – «Моладзевы наступ». Аляксандр Аўтушка-Сікорскі спытаў: як можна сур’ёзна разважаць пра сілавы сцэнар, казаць пра гвалт і кроў як «план А». Шлях да сапраўдных міру і свабоды рэдка ідзе праз вайну, бо гвалт нараджае гвалт. Ён заклікаў зрабіць усё, каб да гэтага не дайшло, і весці дыялог нават з тымі, з кім размаўляць непрыкметна. Але падтрымае і такі сцэнар, калі так вырашаць у Беларусі.

Як вярнуць увагу міжнароднай супольнасці?

Спіс № 1 – «Салідарнасць». Яўген Дудкін сказаў, што гэта залежыць ад замежных партнёраў, якія слухаюць беларусаў, і ад узроўню выклікаў, якія нясе беларускае пытанне. Цяпер у фокусе – войны ва Украіне і Ізраілі, прэтэнзіі Кітаю на Тайвань… Беларускі пратэст у 2020 годзе быў падтрыманы, бо быў шырокі нацыянальны рух. Такі цяпер немагчыма аднавіць, але можна ўзняць за межамі, як узнялі некалі пасля паўстання Каліноўскага. Беларусам трэба рыхтавацца да адкрыцця вакна магчымасцяў, мець гнуткую палітыку з кожнай краінай, дзе жыве беларуская дыяспара, і вучыцца зацікаўліваць замежных партнёраў.

Яўген Дудкін прамаўляе падчас Вялікай палітычнай канферэнцыі па выбарах у Каардынацыйную раду ў Варшаве, Польшча. 19 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Спіс № 2 – «Воля». Не выступаў па гэтай тэме.

Спіс № 3 – «Еўрапейскі выбар». Стася Гліннік падкрэсліла, што будучыня Беларусі еўрапейская, таму заходнія дэмакратычныя краіны – галоўныя партнёры. Увага да Беларусі ў іх ёсць, трэба толькі пашырыць і ўзмацніць увагу. Трэба ўзмацняць сталыя сувязі з Еўразвязам, у тым ліку праз прабеларускія парламенцкія групы, і замацаваць свой еўрапейскі выбар у сваіх праграмах. Важна, каб не толькі Ціханоўская ездзіла з візітамі па розных краінах, а КР таксама ладзіла сустрэчы. Дзеянні мусяць быць скаардынаваныя – а спісы ўжо маюць вельмі падобныя праграмы і не пагаджаюцца між сабой больш праз асабістыя прычыны. Таксама трэба падтрымліваць незалежныя медыі, грамадзянскую супольнасць і дыяспару.

Спіс № 4 – «Наша справа». Віталь Рымашэўскі лічыць, што вярнуць увагу замежных партнёраў трэба спачатку вярнуць увагу і падтрымку беларусаў. Ён заклікаў адмовіцца ад «палітычных пражэктаў» (у якія залічыў «Пашпарт новай Беларусі» і ідэю трыбуналу над Лукашэнкам) і прызнаць памылкі. На ягоную думку, беларусы ў Літве цяпер фактычна прызнаныя пагрозай, а санкцыі дзейнічаюць супраць не Лукашэнкі, а простых беларусаў. Ён заклікаў змагацца з «жалезнай заслонай» за межамі Беларусі, падтрымліваць добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне, і беларускіх актывістаў, якія застаюцца ў Беларусі.

Віталь Рымашэўкі прамаўляе падчас Вялікай палітычнай канферэнцыі па выбарах у Каардынацыйную раду ў Варшаве, Польшча. 19 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Спіс № 5 – «Закон і правапарадак». Аляксандр Ракіцкі казаў, што вярнуць міжнародную ўвагу могуць толькі дзеянні ў самой Беларусі. КР можа толькі адкінуць асабістыя амбіцыі, распрацаваць і пачаць выконваць праграму нацыянальна-вызваленчага руху. Без гэтага можна забыць не толькі пра міжнародную ўвагу, але і пра саму незалежную Беларусь.

Спіс № 6 – «Голас дыяспараў». Не выступаў па гэтай тэме.

Спіс № 7 – «Незалежныя беларусы». Максім Шабуцкі прапанаваў алегорыю: калі кепскі блогер губляе прагляды, то пераходзіць да эмоцыяў, дэструктыву, клікбэйту, а добры блогер робіць лепшы кантэнт. Ён заклікаў пачаць з сябе і з прыцягнення ўвагі беларусаў да КР, прызнаць сваю віну ў тым, якая цяпер увага да КР: «Каб навесці парадак у краіне, трэба спачатку прыбрацца ў сваёй кватэры».

Спіс № 8 – «Блок Пракоп’ева-Ягорава». Веста Свэндсэн распавяла: у Злучаных Штатах на Беларусь глядзяць як на «самую савецкую з постсавецкіх». Украіна падчас поўнамаштабнай вайны падняла брэнд краіны, паказала еднасць і чалавечнасць. Беларусам трэба зрабіць так і нават лепш: паказаць дасягненні і патэнцыял, мець медыястратэгію і быць празрыстай, будаваць стасункі з дзяржавамі, дзе жывуць дыяспары.

Веста Свендсан прамаўляе падчас Вялікай палітычнай канферэнцыі па выбарах у Каардынацыйную раду ў Варшаве, Польшча. 19 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Спіс № 9 – «Каманда Латушкі і рух «За свабоду»». Юры Губарэвіч не пагадзіўся з тым, што ў падзенні ўвагі да Беларусі вінаватая міжнародная супольнасць – трэба ўмець артыкуляваць свае інтарэсы. Трэба следаваць прынцыпу «нічога пра нас без нас», дэклараваць свой еўрапейскі выбар сіламі соцень тысяч эмігрантаў, гучней падтрымліваць Украіну ў вайне з Расеяй, ствараць групу стратэгічных партнёраў Беларусі і пашыраць парламенцкую супрацу.

Спіс № 10 – «Хопіць баяцца». Іван Падрэз згадаў, як у 2022 годзе вывозіў жонку, дзіця і цётку-ўкраінку з Харкаву ў Польшчу. Цётка мела шмат прэтэнзіяў да беларусаў, якія «стаялі на лавачках у шкарпэтках» і ад якіх тады ляцелі ракеты і дроны. Але, кажа, уключыў ёй «Белсат» – і цяпер у Труймясце няма большага адваката беларусаў, чым тая цётка. Ён заўважыў, што цяпер ва ўкраінскім істэблішменце ўжо мяняецца стаўленне да беларусаў, і заклікаў заручацца падтрымкай перадусім украінцаў, якія «могуць стаць нашым голасам», але таксама падтрымкай уладаў іншых краінаў, дзе ёсць беларускія дыяспары.

Спіс № 11 – «Краіна для жыцця». Віталь Савюк канстатаваў, што цяпер у беларусаў за мяжой, асабліва ў Літве, усё больш праблемаў, хоць беларускія палітыкі «па дзясятым разе аб’язджаюць усе краіны». Ён выказаў надзею, што новы склад КР высветліць, што робіцца не так. Украіну ён назваў галоўным саюзнікам Беларусі, але заявіў, што цяпер з Украінай замала кантактаў.

Спіс № 12 – «Моладзевы наступ». Лізавета Пракопчык мела толькі адну глабальную прапанову: пераводзіць наратыў з дыяспараў і «галоўнага беларуса» Лукашэнкі на тое, што для «новага 2020-га» трэба зрабіць «новы 2019-ы». А гэта можна зрабіць праз максімальную памежную мабільнасць для людзей у Беларусі.

Удзельнікі Вялікай палітычнай канферэнцыі па выбарах у Каардынацыйную раду адказаваюць на пытанні гледачоў. На здымку (справа) – Лізавета Пракопчык. Варшава, Польшча. 19 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Што рабіць для вызвалення палітвязняў?

Спіс № 1 – «Салідарнасць». Марына Кіявіц адзначыла, што праблема палітвязняў – адна з галоўных і адна з найцяжэйшых для вызвалення. У Беларусі прававы дэфолт, рэпрэсіі паўсюдныя, нават у школах. Яна заклікала пашырыць крытэры прызнання палітвязнямі і не дзяліць людзей, не лічыць кагосьці «недастаткова рэпрэсаванымі», зрабіць аўтаматычна бачным кожнага рэпрэсаванага, а таксама «гучаць з кожнага праса», каб праблема палітвязняў у Беларусі не забывалася. Яна таксама заклікала прызнаць Беларусь акупаванай тэрыторыяй.

Спіс № 2 – «Воля». Карына Маліноўская агучыла сумныя лічбы рэпрэсіяў, якія ўсё роўна няпоўныя праз вузкія крытэры і запужанасць сваякоў. Яна адзначыла, што ў мінулых скліканнях КР так і не стварылі камісію па справах палітвязняў. Яна заклікала стварыць такую камісію з удзелам усіх блокаў, падключыць да працы міжнародных экспертаў і палітыкаў, уцягнутых у тэму рэпрэсіі ў Беларусі, пераглядзець крытэры прызнання палітвязнем, наладзіць супрацу з яшчэ адной будучай камісіяй КР – па санкцыях. Без ціску на рэжым Лукашэнкі палітвязняў не вызваліць. А ціск уключае таксама і падтрымку беларускіх ваяроў, стварэнне вызваленчай арміі.

Спіс № 3 – «Еўрапейскі выбар». Валер Мацкевіч прызнаў, што любіць натхняць, але сказаў, што ніхто не мае дзейнай стратэгіі вызвалення палітвязняў. Нават калі рэжым Лукашэнкі пагодзіцца вызваліць палітвязняў, то зможа ў любы момант набраць новых. Застаецца рабіць санкцыі больш эфектыўнымі, каб рэжым іх адчуў; заклікаць партнёраў прыняць пакет санкцыяў, звязаны менавіта са зняволеннем палітвязняў, і лабіяваць новыя праграмы падтрымкі пацярпелых.

Спіс № 4 – «Наша справа». Канстанцін Акінчыц завочна пагадзіўся з Ціханоўскай: «Ключы ад турмаў у Менску». І пакуль будуць палітвязні, Лукашэнка будзе «рабіць з іх валюту». Санкцыі тым часам не былі эфектыўныя ў вызваленні палітвязняў, а нярэдка білі па простых беларусаў. Ён заклікаў закрыць межы для транзіту тавараў праз Беларусь, але трымаць межы адкрытымі для людзей.

Удзельнікі Вялікай палітычнай канферэнцыі па выбарах у Каардынацыйную раду адказаваюць на пытанні гледачоў. Варшава, Польшча. 19 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Спіс № 5 – «Закон і правапарадак». Алена Дзядзюля расказала пра свой досвед палітычнага зняволення і чакання вызвалення, згадала пра сустрэчу з нядаўна вызваленым пасля трох гадоў за кратамі і ягонае пытанне: «А што вы зрабілі?». Але згадала і пра вартаўнікоў у месцах зняволення, якія не катавалі, а крыху дапамагалі вязням. Яна заклікала паказваць тым сілавікам, якія не чыняць зверстваў, іхныя перспектывы, бо яны могуць быць сілай, якая вызваліць беларусаў.

Спіс № 6 – «Голас дыяспараў». Раман Кісляк не падтрымаў ідэі змены крытэраў прызнання палітвязнямі: аўтарытэт спісу з сайту «Вясны» ў тым, што гэтыя крытэры прызнае міжнародная супольнасць. Ён дапусціў вядзенне паралельнага спісу, але палічыў гэта лішнім дубляваннем. Кісляк падкрэсліў: пытанне вызвалення палітвязняў звязанае са спыненнем рэпрэсіяў, а для яго трэба ўзмацняць ціск на рэжым Лукашэнкі і на ўрады краінаў-партнёраў, якія могуць ціснуць на Лукашэнку.

Спіс № 7 – «Незалежныя беларусы». Аляксандр Навуковіч у вельмі эмацыйным выступе згадаў, як сядзеў у акопах ва Украіне і думаў, што яму лягчэй, чым палітвязням, бо ён-та мае зброю і можа бараніцца. Ён папрасіў звярнуць увагу на тое, хто будзе вызваляць палітвязняў, і прапанаваў увесці ў КР адказнасць за нявыкананыя абяцанні, каб умацаваць аўтарытэт Рады. У час выступу ён біў кулаком па трыбуне, адламаў кавалачак.

Аляксандр Навуковіч у час выступу біў кулаком па трыбуне, адламаў кавалачак. Варшава, Польшча. 19 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Спіс № 8 – «Блок Пракоп’ева-Ягорава». Святлана Мацкевіч прызнала, што больш за паўгода намагаецца не ўздымаць тэму палітвязняў, а толькі чакае, калі з’явіцца хтосьці, хто зможа вызваліць хаця б аднаго палітвязня, каб праз гэтага чалавека паспрабаваць вызваліць свайго мужа. Для вызвалення палітвязняў, лічыць яна, недастаткова высілкаў і выступаў палітыкаў, а патрэбныя высілкі ўсёй грамадзянскай супольнасці. Іншыя краіны не будуць змагацца за беларускіх палітвязняў, кажа Мацвевіч, таму КР мусіць вызначыць стратэгію таго, як беларусы могуць усе разам вызваліць палітвязняў.

Спіс № 9 – «Каманда Латушкі і рух «За свабоду»». Алег Кулеша прапанаваў зрабіць з КР дзейную пляцоўку прадстаўніцтва беларусаў, якая будзе несці адказнасць. Вызваліць палітвязняў немагчыма, пакуль не вызваленая Беларусь, упэўнены ён, таму трэба прыкласці ўсе сілы КР, каб міжнародная супольнасць прыняла санкцыі за рабскую працу палітвязняў на прадпрыемствах, якія працуюць на расейскую вайсковую машыну. Ён таксама заклікаў ужо цяпер, у эміграцыі, прыняць закон аб рэабілітацыі беларускіх палітвязняў, а таксама пашырыць крытэры прызнання палітвязнем.

Спіс № 10 – «Хопіць баяцца». Таццяна Мартынава лічыць, што на пытанне пра палітвязняў няма адказу, вырашэння, інструментаў. Лукашэнка, калі вырашыць кагосьці выпускаць, будзе размаўляць не з КР. Ключы ад турмаў у Лукашэнкі, і каб вызваліць палітвязняў, можна толькі забраць тыя ключы. А маральнага права вызначаць, за чыё вызваленне змагацца найперш, няма.

Таццяна Мартынава прамаўляе на Вялікай палітычнай канферэнцыі па выбарах у Каардынацыйную раду ў Варшаве, Польшча. 19 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Спіс № 11 – «Краіна для жыцця». Валер Панкратовіч заклікаў не размаўляць з нелегітымнай уладай у Беларусі і разглядаць толькі сілавы сцэнар вызвалення палітвязняў.

Спіс № 12 – «Моладзевы наступ». Алана Гебрэмарыям канстатавала: цяперашняя стратэгія вызвалення не працуе, санкцыі не прыводзяць да вызвалення, а вызвалялі палітвязняў пакуль толькі ў выніку непублічных перамоваў. Яна заклікала адмовіцца ад стратэгіі «ўсё ці ніхто», шукаць варыянты вызвалення хоць кагосьці, кансультавацца з краінамі і актарамі, якія вялі перамовы, і аналізаваць паспяховыя выпадкі.

Што пыталі гледачы

На пытанні гледачоў адказвалі прадстаўнікі ўсіх спісаў: Яўген Дудкін (спіс 1), Генадзь Манько (2), Юлія Сліўко (3), Роза Турарекава (4), Аляксандр Азараў (5), Раман Кісляк (6), Максім Шауцкі (7), Аляксандр Кныровіч (8), Павел Латушка (9), Таццяна Мартынава (10), Віталь Савюк (11), Лізавета Пракопчык (12).

Сярод першых справаў новага складу КР прапаноўвалі вызначэнне адказнасці дэлегатаў (1), стварэнне новых камісіяў для рэалізацыі сваёй праграмы (4), прыняцце пратаколаў узаемадзеяння з Офісам і Кабінетам Ціханоўскай (6), распрацоўку самафінансавання (8), складанне праўкраінскай кааліцыі (10) і іншае. Пыталі таксама, чаму не было вітальнага слова ад Ціханоўскай – гэта растлумачылі тэхнічнымі праблемамі.

Адно з пытанняў было пра тое, чаму стварэнне Беларускай вызваленчай арміі рэальнае. Манько адказаў: «Інтарэс ужо ёсць, некаторыя абмеркаванні ідуць». Ён дадаў: у 2014 годзе Украіне давалі толькі нелятальную зброю, у 2022 годзе не хацелі даваць цяжкіх узбраенняў – «чырвоныя лініі» ссоўваюцца.

Людзі апладыруюць выступоўцам на Вялікай палітычнай канферэнцыі канферэнцыі па выбарах у Каардынацыйную раду. Варшава, Польшча. 19 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Таксама пыталі, што неабходна змяніць у моўным пытанні. Сліўко адказала, што беларускую трэба зрабіць сапраўды дзяржаўнай мовай, а для гэтага беларусам трэба самім пачаць на ёй размаўляць. Дудкін жа агучыў іншае меркаванне: для гэтага трэба спачатку ўзяць уладу ў Беларусі – каб беларусы не баяліся размаўляць па-беларуску.

Спіс «Наша справа» пыталі пра пабудову Беларускага нацыянальнага ўніверсітэту ў выгнанні. Турарбекава расказала, што пытаннем займаюцца, рыхтуюць прэзентацыю праекту, плануюць правесці яе гэтым летам.

Азарава пыталі, як выбары ў КР дапамогуць перацягнуць сілавікоў на бок народу. Ён растлумачыў: сілавікам трэба стварыць умовы, пры якіх яны пагодзяцца перайсці, і паказаць ім будучыню. Лукашэнка, маўляў, прапануе ім заробкі і стабільнасць, Ціханоўская ж пакуль нічога ім не гарантуе. Канцэпцыю рэформы спіс Азарава ўжо мае, хоча выпрацаваць у КР агульныя падыходы.

Як прыбраць фактар Расеі? Кісляк прапанаваў дапамагаць Украіне. Расея мусіць аслабнуць настолькі, каб ёй было не да Беларусі.

Як прыцягнуць агентаў рэжыму Лукашэнкі ў замежжы? Шабуцкі адказаў, што гэта задача краінаў, у якіх тыя агенты знаходзяцца, і не можа быць асноўнай мэтай дэмакратычных сілаў.

Кныровіча пыталі, чаму ён лічыць, што яму атрымаецца аб’яднаць беларусаў за мяжой. Ён адказаў, што не ўпэўнены, але іншага выйсця няма: беларусы хутка асімілююцца, становяцца палякамі і літоўцамі, трэба нешта рабіць, каб заставаліся беларусамі. Яго пыталі таксама, што рабіць з БелАЭС і расейскім крэдытам. Ён сказаў, што размова будзе доўгай, бо калі не аддаваць, гэта будзе банкруцтва краіны, якая тым больш прывязаная да Расеі эканамічнай залежнасцю.

Латушку прасілі выказацца пра паводзіны чальца ягонага спісу Андрэя Курэйчыка, які нібы дыскрэдытуе іншых кандыдатаў. Латушка адмовіўся. Пыталі таксама пра колішні сыход Латушкі з КР – ён адказаў, што яго выключылі праз змену рэгламенту, які забараняў быць адначасова ў КР і АПК.

У Мартынавай пыталі, ці мусіць Расея распасціся на асобныя суб’екты. Яна адказала, што гэта справа Расеі, а Беларусі ж патрэбная мяжа і візавы рэжым. Калі ў Расеі будзе хунта, то патрэбны і плот, калі ж не будзе «ўпыроў», будуць стасункі, як між ЗША і Кітаем.

«Краіну для жыцця» пыталі пра сувязь з офісам Ціханоўскай – Савюк адказаў, што звязаны не з офісам, а з фондам, які заснавалі Ціханоўскія.

«Моладзевы наступ» жа пыталі пра адрозненні ад іншых спісаў акрамя ўзросту. Пракопчык адказала, што адрозніваюцца не столькі праграмай, колькі падыходамі і бачаннем стратэгічных пытанняў.

Алесь Наваборскі belsat.eu