news
Аналітыка
Тупік на Шаўковым шляху? Беларуска-кітайскі «Вялікі камень» спыняецца ў сваім развіцці
А можа стаць яшчэ нашмат горш.
18.08.202308:00

Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі камень» улады Беларусі прэзентуюць як адзін з прарыўных праектаў, што меў актыўна спрыяць развіццю ўсёй краіны. Дый сам ён мусіў стаць адным з буйнейшых гарадоў Беларусі. Аднак нават афіцыйная статыстыка паказвае, што перспектывы ў гэтага праекту не такія і добрыя.

Кіраўнік адміністрацыі парку «Вялікі камень» Аляксандр Ярашэнка выдае пасведчанне прадстаўніку кітайскага прадпрыемства «Transport Complex AF LLC». Менск, Беларусь. 12 траўня 2022 года.
Фота: Lu Jinbo / Xinhua News Agency / Forum

Прыярытэтнымі кірункамі развіцця ў парку названыя электроніка, біямедыцына, тонкая хімія, машынабудаванне і новыя матэрыялы, прадукцыя якіх арыентаваная на краіны СНД і Еўрапейскага Звязу. Таксама плануецца стварыць мультымадальны чыгуначны тэрмінал – лагістычны хаб, што «стане адным з найбуйнейшых цэнтраў такога тыпу ў Еўропе».

Аднак, хоць Лукашэнка і заяўляе, што «Вялікі камень» «пастаянна прырастае новымі высокатэхналагічнымі прадпрыемствамі і рэзідэнтамі», поспехі ў парку не такія і вялікія.

Эканамічныя праблемы парку

На сённяшні дзень сярод спісу рэзідэнтаў «Вялікага каменю» на сайце парку мы налічылі 110 кампаніяў з 14 краінаў свету. Некаторыя з іх маюць капітал адразу з некалькіх краінаў. Гэтак, 52 кампаніі маюць кітайскія грошы, а ў 53 кампаніяў капітал беларускі. Таксама на сайце прадстаўленыя кампаніі з Аўстрыі, Бельгіі, ЗША, Ізраілю, Кіпру, Латвіі, Літвы, Нямеччыны, Сінгапура, Чэхіі, Швейцарыі і нават з Украіны.

Паводле статыстыкі Белстату, колькасць кампаніяў-рэзідэнтаў вырасла з 2017 да 2022 года больш як у чатыры разы – з 23 да 100 фірмаў. Аднак не ўсе з зарэгістраваных кампаніяў вядуць дзейнасць. На канец мінулага года такіх было толькі 63 кампаніі. І за апошнія два гады іх колькасць не змянілася.

Пры гэтым у 2018 годзе першы намеснік гендырэктара «Кампаніі развіцця індустрыяльнага парку» Кірыл Карацееў адзначаў, што да канца 2020 года ў «Вялікім камені» мусіла быць 70 рэзідэнтаў – «гэта праграма мінімум, 100 – гэта аптымістычны сцэнар». Але на канец 2020 года ў парку было афіцыйна зарэгістравана толькі 68 кампаніяў, з якіх працавалі 52. То бок, не была выкананая нават праграма-мінімум.

Не дасягнулі яе і па выніках 2022 года, калі не ўлічваць «пацёмкінскіх» рэзідэнтаў, якія не ладзяць актыўнасці ў парку. Калі ж іх лічыць, то быў дасягнуты толькі «аптымістычны сцэнар» двухгадовай даўніны.

Ёсць праблемы з інвестыцыямі ад гэтых рэзідэнтаў. Па выніках 2020 года аб’ём заяўленых інвестыцыяў мусіў скласці 2–2,5 млрд долараў. Аднак на канец 2022 года быў толькі 1,3 млрд долараў. Гэта ад 52 % да 65 % ад плану, які за два апошнія гады мусіў бы яшчэ павялічыцца.

З рэальнымі ж інвестыцыямі яшчэ большыя праблемы. Прамыя замежныя інвестыцыі, дасягнуўшы максімуму ў 2019 годзе, – 114,9 млн долараў, рэзка абваліліся і за 2022 год склалі толькі 14,4 млн долараў, або ў восем разоў менш.

Інвестыцыі ў асноўны капітал былі на максімуме ў 2021 годзе. Тады яны складалі 144,4 млн рублёў, але ўжо ў 2022 годзе ўпалі да 121 млн, або да 83,8 %.

2022 год стаў антырэкордным і паводле такога паказніку як сальда вонкавага гандлю. З 2017 года яно было адмоўнае ўвесь час, але ўсё ж не такое вялікае, як летась: мінус 46,1 млн долараў.

У той час жа чысты прыбытак парку ў 2021 годзе здолеў пераламіць негатыўную тэндэнцыю і выйсці ў плюс. У 2022 годзе ён склаў рэкордныя 34,1 млн рублёў.

Ёсць у парку і праблемы з працоўнымі. З 2017 года іх колькасць вырасла больш як у 36 разоў, або з 59 да 2149 асобаў. Аднак іх штогадовы прырост летась абваліўся больш як удвая ў параўнанні з 2021 годам і ўпаў на ўзровень 2018–2019 гадоў. На гэтым тле ранейшыя абяцанні, што парк у будучыні зможа стаць горадам з 120 тысячамі жыхароў, выглядаюць празмерна аптымістычнымі.

Не ўсё адназначна і з заробкамі, якія б мусілі спрыяць перасяленню людзей у парк. Сярэднія зарплаты яго працаўнікоў хоць і раслі, але не так істотна, як у цэлым у краіне. Калі намінальны сярэднямесячны заробак у «Вялікім камені» вырас за шэсць гадоў на 37,2 % (з Br 2139 да Br 2935,6), то ў цэлым у Беларусі ён павялічыўся ажно на 68,1 % (з Br 1115,3 да Br 1915,6).

Парк не акупіўся

Пра праблемы з акупляльнасцю парку заявіў у студзені 2023 года і кіраўнік яго адміністрацыі Аляксандр Ярашэнка:

«Калі казаць наогул у сукупнасці затратаў, пакуль яны не акупіліся, бо ў гэты праект укладзена больш як 800 млн долараў. Гэта вельмі вялікія грошы».

Аднак, паводле Ярашэнки, сама Беларусь ужо свае выдаткі акупіла, затраціўшы больш як 37,5 млн долараў з моманту яго асваення і вярнуўшы ў бюджэт каля 60 млн.

Таксама «Вялікі камень» плануе нарасціць свой экспарт і «выйсці ў пяцігадовым гарызонце развіцця – на больш як 350 млн долараў». З улікам паказніка за 2022 год у 122 млн долараў рост мусіць адбыцца фактычна ўтрая. Больш як у два разы плануецца павялічыць за пяць гадоў і колькасць працаўнікоў – да 5000.

«Відавочна, што ёсць праблемы»

На падставе афіцыйнай статыстыкі эканамістка Анастасія Лузгіна адзначыла ў каментары «Белсату», што пакуль «Вялікі камень» так і не стаў чымсьці значным для беларускай эканомікі.

«Вялікі камень» пазіцыянаваўся першапачаткова як зона, што засяроджвае ў сабе высокатэхналагічныя прадпрыемствы, якія працуюць у тым ліку і найчасцей на экспарт. Гэта значыць, павінны даваць нейкую аддачу ад замежнага гандлю, быць крыніцай прытоку замежнай валюты ў краіну. Але пакуль мы не бачым гэтага», – падкрэсліла эканамістка.

Яна нагадала, што вонкавы гандаль парку дэманструе адмоўныя значэнні. Лузгіна звязала гэта з тым, што новым прадпрыемствам, якія рэгіструюцца ў «Вялікім камені», для развіцця неабходны завоз замежнага абсталявання, што адбіваецца на дынаміцы імпарту. А вось «з экспартам, хутчэй за ўсё, пакуль яшчэ праблемы».

На ейную думку, уплыў на дынаміку замежнага гандлю парка аказала і палітычная сітуацыя ў Беларусі і вайна ва Украіне, бо сітуацыя ў парку пачала пагаршацца ў 2020 годзе і асабліва з 2022-га.

«Відавочна, што з вонкавым гандлем ёсць праблемы», – кажа экспертка.

Пра цяжкасці ў развіцці парку, паводле яе, сведчаць і звесткі пра колькасць зарэгістраваных і дзейных кампаніяў, а таксама пра колькасць работнікаў. Так, хаця колькасць рэзідэнтаў працягвала расці, праца прадпрыемстваў за апошні год не паказвала дынамікі. «Больш слабым» стаў і рост колькасці работнікаў.

«Гэта сведчыць пра тое, што не ўсё добра ў парку, развіццё спынілася або вельмі моцна запаволілася», – заявіла Лузгіна.

А спад прамых замежных інвестыцыяў на ўзровень ніжэйшы за 2017 год і зусім сведчыць пра тое, што «інвестары не праяўляюць асаблівай цікавасці».

«Прыток замежных інвестыцыяў, якія павінны былі быць у «Вялікім камені», на якія арыентаваліся ўсе, бо за кошт замежных інвестараў мела адбывацца развіццё, цяпер адчувае цяжкасці ў сувязі з санкцыямі, з той сітуацыяй рэпутацыйных рызык, якія ёсць у Беларусі», – сказала эканамістка.

Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі камень» за 25 км ад Менску. 20 жніўня 2021 года.
Фота: Industrial Park Development Company CJSC / Xinhua News Agency / Forum

Яна адзначыла, што цяпер сітуацыя з прамымі замежнымі інвестыцыямі горшая, чым тады, калі парк толькі пачынаў развівацца і калі ў ім было зусім няшмат зарэгістраваных рэзідэнтаў.

«Здаецца, і рост мы назіраем, і чысты прыбытак падрос, і колькасць людзей, якія там працуюць, трошкі расце. Але гэты рост за апошнія гады моцна запавольваецца. І план прытоку замежных інвестыцыяў і замежнай валюты за кошт вонкавага гандлю, я так разумею, не выконваецца», – падкрэсліла Лузгіна.

Ізаляваны лагістычны хаб

Але «Вялікі камень» сутыкаецца не толькі з праблемамі росту. Супольны беларуска-кітайскі парк мусіў стаць перадусім пляцоўкай для прасоўвання кітайскіх тавараў у суседнія з Беларуссю краіны, і таму называецца «ключавым элементам» удзелу Беларусі ў кітайскай ініцыятыве «Пояс і шлях».

«Жамчужынай, вянком нашых стасункаў стаў «Вялікі камень» – буйны міжнародны праект, які мы са старшынём КНР Сі Цзінь Пінам адкрылі пад Менскам. І ён назваў гэты праект жамчужынай Шаўковага шляху», – распавядаў Лукашэнка падчас візіту ў Пекін 1 сакавіка 2023 года.

Пра тое, што Кітай разглядаў Беларусь і парк «Вялікі камень» перадусім як лагістычны хаб, «як магчымасць шляху на Захад», кажа і эканамістка Лузгіна:

«Разумеючы, што беларускі рынак маленькі, тут разглядалі магчымасць маштабавання за кошт паставак таго, што вырабляецца ў «Вялікім камені», на вонкавыя рынкі».

Цяпер жа існуе рызыка таго, што суседнія Польшча, Літва і Латвія могуць цалкам перакрыць мяжу з Беларуссю, што яшчэ больш «знізіць прывабнасць гэтага праекту ў вачах інвестараў, якія яшчэ зацікаўленыя ў ім, тых жа кітайцаў». І хоць частку паставак змогуць пераарыентаваць на расейскі рынак, першапачатковая мэта, якая планавалася пры стварэнні гэтага парку як лагістычнага цэнтру, выкананая не будзе, сказала Лузгіна. Праўда, адзначыла яна, пытанне з закрыццём межаў пакуль яшчэ не вырашанае.

Каментар
Палітолаг Карбалевіч распавёў, калі Польшча, Літва і Латвія могуць цалкам закрыць мяжу
2023.08.16 19:23

Як пачынаўся праект

У 2010 годзе Міністэрства эканомікі Беларусі і кітайская карпарацыя CAMCE дамовіліся стварыць у нашай краіне супольны індустрыяльны парк. А ў 2012 годзе адпаведны ўказ падпісаў і Аляксандр Лукашэнка. У 2013 годзе быў зацверджаны генеральны план парку, для якога Лукашэнка папрасіў урад Кітаю аказаць «максімальнае садзейнічанне». Сам жа праект неўзабаве атрымаў назву «Вялікі камень».

На пачатку 2014 года першым рэзідэнтам парку стала кітайская карпарацыя Huawei, а неўзабаве пачалося і яго будаўніцтва. У 2017 годзе ў межы «Вялікага каменя» была ўключаная тэрыторыя Нацыянальнага аэрапорту «Менск». А 22 снежня 2018 года парк атрымаў статус тэрытарыяльнай асаблівай эканамічнай зоны і «беспрэцэдэнтныя льготы і прэферэнцыі». Чарговы ўказ, «накіраваны на паляпшэнне інвестыцыйнага клімату», быў падпісаны ў чэрвені 2021 года.

Агульная плошча парку складае 11 247 гектары, з якіх памер менавіта асаблівай эканамічнай зоны – толькі 8615 гектары. Тут плануецца размясціць вытворчыя і жылыя зоны, офісныя і гандлёва-забаўляльныя комплексы, фінансавы і навукова-даследчыя цэнтры.

«Фактычна, будуецца сучасны міжнародны эка-горад з акцэнтам на высокатэхналагічныя і канкурэнтаздольныя інавацыйныя вытворчасці з высокім экспартным патэнцыялам», – адзначае сайт парку.

Макар Мыш belsat.eu