Палітолаг Карбалевіч распавёў, калі Польшча, Літва і Латвія могуць цалкам закрыць мяжу


Закрыццём двух памежных пунктаў на мяжы з Беларуссю Літва спрабуе даць сігнал афіцыйнаму Менску. Але невядома, ці рэжым Аляксандра Лукашэнкі гатовы пайсці на саступкі. Пра гэта ў каментары «Белсату» распавёў палітолаг Валер Карбалевіч.

Журналіст і палітолаг Валеры Карбалевіч.
Фота: liberalclubbelarus / Facebook

Эксперт адзначыў, што Літва зачыняе два памежныя пункты як палітычны адказ на дзеянні афіцыйнага Менску, якія яна лічыць непрымальнымі. Гэта міграцыйны крызіс і «чыннік вагнэраўцаў, якія з’явіліся ў Беларусі і з дапамогай якіх Лукашэнка спрабуе шантажаваць суседнія краіны».

«Таму дзеянні Літвы – гэта спроба паказаць беларускаму кіраўніцтву, што такія дзеянні непрымальныя», – заявіў Валер Карбалевіч.

Паводле яго, для Менску гэта непрыемна і б’е па ягоных эканамічных інтарэсах, таму, «пэўна, беларускі бок не хацеў бы такога развіцця падзеяў». Пра гэта сведчаць у тым ліку заявы Лукашэнкі, які на мінулым тыдні «казаў міралюбівыя рэчы і прапаноўваў міралюбівыя жэсты» ды даручыў прэм’ер-міністру Раману Галоўчанку дамаўляцца з Польшчай.

Каментар
Напужала пагроза закрыцця межаў. Эксперт растлумачыў міралюбівую рыторыку Лукашэнкі
2023.08.11 19:39

Карбалевіч адзначыў, што закрыццё памежных пунктаў адбываецца падчас візіту ў Менск міністра абароны Кітаю, а КНР актыўна выкарыстоўвае Беларусь для транзіту сваіх грузаў і тавараў у Еўропу.

«І беларускі бок не хацеў бы такі падарунак кітайскаму госцю падарыць, як закрыццё мяжы, што стварае пэўныя праблемы для Кітаю», – мяркуе палітолаг.

Аднак, дадаў ён, цяжка сказаць, ці гатовыя беларускія ўлады ісці на нейкія саступкі.

«Але міралюбівы тон Лукашэнкі можа сведчыць пра тое, што на нейкую новую эскалацыю канфлікту на мяжы сёння беларускія ўлады, хутчэй за ўсё, не хочуць ісці», – заявіў Карбалевіч.

Мяжу зачыняць цалкам?

Пры гэтым ён не выключыў і магчымасці таго, што мяжа Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй можа быць цалкам перакрытая, але для гэтага трэба даволі сур’ёзнае абвастрэнне канфлікту на мяжы – з сілавым кампанентам, з выкарыстаннем зброі.

«Калі такія дзеянні з беларускага боку будуць, на гэта можа быць сапраўды крайняя мера – закрыццё мяжы», – падкрэсліў палітолаг.

Але, заявіў Карбалевіч, Варшава, Вільня і Рыга перад прыняццем такога рашэння ўсё ж будуць павінны правесці кансультацыі з Бруселем, бо яно будзе закранаць інтарэсы ўсяго Еўразвязу, а таксама Расеі, Казахстану, Кітаю і іншых краінаў, якія праз Беларусь гандлююць з Заходняй Еўропай.

Hавiны
ДПК: Літва зачыняе пункты на мяжы не праз ПВК Вагнэра, а каб літоўцы не ездзілі ў Беларусь
2023.08.16 17:51

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў