Ілюзорны свет Пуціна пакуль разбураны не цалкам

У гэта цяжка паверыць, але Пуцін сапраўды жыве ў сваім уласным свеце. Я разумею, наколькі гэта спрэчны тэзіс, але давайце, ненадоўга, дапусцім гэтую магчымасць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Cao Yang / Xinhua News Agency / Forum

Ён верыць у тое, што нейкі міфічны Захад («англасаксы», што б гэта не значыла) стагоддзямі хоча знішчыць Расею, і ягоная, Пуціна, місія палягае на тым, каб гэтага не дапусціць.

Не бяды, што самога адзінага Захаду – гэтай фантастычнай сутнасці, выключна прапагандысцкай канструкцыі – у рэчаіснасці не існуе. Надта ж вялікія аб’ектыўныя супярэчнасці ёсць нават паміж ЗША і Злучаным Каралеўствам, або той жа Нямеччынай і Польшчай, не кажу ўжо пра якую-небудзь далёкую Японію.

Не бяды, можна не звяртаць увагі на гэтую невялікую перашкоду. Як і не задавацца пытаннем: «А чаму ж яны, гэтыя злыдні, не развалілі вялікую Расею на самым пачатку дзевяностых?». Быў жа ідэальны момант менавіта тады, а яны, гэтыя абмежаваныя «заходнікі», дасылалі самалёты з гуманітарнай дапамогай замест бомбаў.

Таксама ён, Пуцін, верыць у магутную эканоміку Расеі, што дасягнула «тэхналагічнага суверэнітэту», у пятую эканоміку свету. Не бянтэжыць яго, што ўзровень лакалізацыі дронаў – 10–15%, што новы «Масквіч» – гэта поўнасцю кітаец, толькі з расейскай налепкай, што канкурэнцыя ў космасе прайграная не нейкай дзяржаве, не. Гэтая канкурэнцыя прайграная аднаму Ілану Маску.

Дый з самым паняткам «пятая эканоміка» таксама не так усё проста. Пятай Расея стала выключна паводле агульнага памеру, у пераліку на «парытэт пакупніцкай здольнасці», які ў гэтым выпадку не вельмі выкарыстоўваецца.

Дык вось з такою вялікаю колькасцю эканамічных дапушчэнняў пятае месца атрымалася ў 2022 годзе толькі паводле метадалогіі Сусветнага банку. Абышлі Нямеччыну ажно на 0,1 %!

Паводле ж версіі  МВФ, Нямеччына была вышэйшая на 4 %. Але можна ж не звяртаць увагі. Без гэтага самога «парытэту» месца Расеі паводле агульнага памеру – 11-е. Месца ж у сапраўднасці, паводле ВУП на чалавека (што на падставе ППЗ, што на падставе натуральных паказнікаў) – прыблізна 60-е, і гэты лік значна дакладней адлюстроўвае сапраўдны стан рэчаў. Але пра гэта можна «не ведаць» або ўпэўнена рабіць выгляд «людцы, я не ў курсе!»

Вядома ж, можна верыць і ў «другую армію свету». Што ты, як карыкатурны злыдзень з фільмаў пра Джэймза Бонда, рухаеш арміі «імперскіх штурмавікоў», а яшчэ валодаеш такой унікальнай, адмысловай зброяй, якой можаш знішчыць увесь свет. Трэба толькі націснуць на чырвоную пімпачку ў валізцы. І самае галоўнае, што табе за гэта нічога-нічога не будзе. Таму цябе будуць усе баяцца, раз ужо з сяброўствам ды любоўю неяк не задалося. І ў гэта таксама можна верыць.

Праўда, толькі нейкі час ды толькі ў тым выпадку, калі ты старанна спрабуеш не заўважаць рэчаіснасці і інфармацыя ў цябе ўваходзіць толькі з шэрых кардонных тэчак, якія для цябе асабіста збіраюць адабраныя табою ж людзі.

Нейкі час так можна працягнуць, нават распачаўшы жудасную вайну ў Еўропе і зашыўшы рот уласнаму народу. Але і гэты час мінае. І сканчаецца ён цалкам будзённа. Да цябе прыходзіць «адказны за грошы» і рапартуе: «Таварыш галоўны генералісімус, мы так доўга не працягнем! Мы выдаткоўваем значна больш, чым меркавалі, эканоміка пераграваецца і можа даць дубу. Пры гэтым хуткасць знішчэння нашых матэрыяльных аб’ектаў на вайне ўсё яшчэ вышэйшая, чым хуткасць вытворчасці новых».

Тады даводзіцца неахвотна вылазіць са сваёй вежы са слановай косці і прымаць рашэнне. Якое? Можа быць, спыніць вайну? Проста перастаць бессэнсоўна знішчаць уласныя людскія ды матэрыяльныя рэсурсы? Не, пакуль да гэтага яшчэ вельмі далёка. Пакуль рашэнне палягае на тым, каб у фатэль чалавека, які непасрэдна кіруе вайной, пасадзіць замест якога-ніякога, але ўсё ж такі чалавека ў пагонах, эканаміста, планавіка-дзяржаўніка.

Адзіная выснова, якую з гэтага можна зрабіць: ілюзорны свет Пуціна пакуль разбураны не цалкам, жыве ў ім яшчэ ўяўленне, што можна нешта неяк сяк-так перабудаваць, пераставіць эканоміку на вайсковыя рэйкі, навучыць войска ваяваць ашчадна, і ўсё абавязкова калі-небудзь атрымаецца!

Што мусіць «атрымацца»? Ну як жа – «мы прымусім увесь свет…». Што менавіта яны маюць прымусіць, можаце ўставіць самыя, гэта ў любым выпадку фантазія, не звязаная з сапраўднымі абставінамі.

Больш прыземленая выснова палягае вось на чым: да Пуціна дайшло, што ваяваць давядзецца доўга, а значыць, эканоміка мусіць быць збалансаваная пры ўмове 30 % бюджэтных выдаткаў на вайну.

Выглядае гэта суцэльным вар’яцтвам. Дастаткова проста з калькулятарам уважліва паглядзець на сёлетнія тэндэнцыі ў расейскай эканоміцы. Але данесці інфармацыю пра рызыкі няма каму. Але ж вы памятаеце пра шэрыя тэчкі? А гэта значыць, Расеі трэба рыхтавацца да лёсу Ірану.

Чаму менавіта да яго? Калісьці гэтая краіна была вельмі падобная да Расеі паводле долі ў сусветным ВУП – амаль 2 %. І яна таксама вельмі багатая на вуглевадароды, але дзесяцігоддзі жыцця ў канфлікце з развітым светам прывялі да падзення гэтай долі ў разы – і месца ў сусветным рэйтынгу цяпер дзесьці за Беларуссю, 90-е з гакам.

Калі працягваць упарціцца ў сваіх памылках, будзе менавіта так. Што ж будзе ў такім выпадку з Беларуссю? Як звычайна, будзе крыху горш, чым з Расеяй. Пытанне: можа, ужо самы час пачынаць паволі адпаўзаць?

Аналітыка
«Вельмі сумленны» эканаміст Белавусаў замест Шайгу: чаму Пуцін мяняе кіраўніка Мінабароны
2024.05.13 19:22

belsat.eu / Авер

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў