Гульні цаною ў 1 долар

Дзіву даешся, як часам людзі, рэчы, падзеі ненаўмысна, але вельмі трапна сэнсава дапаўняюць адное аднаго паводле вонкавага выгляду альбо назвы.

Закрыццё Спартыўных гульняў БРІКС, Казань, РФ. 23 чэрвеня 2024 г.
Фота: Maksim Bogodvid / imago sport / Forum

Як такое можна было прыдумаць, што 23 чэрвеня Казань незвычайным чынам развіталася з удзельнікамі Гульняў БРІКС. Іх, замест афіцыйнага закрыцця, запрасілі наведаць старажытнае нацыянальнае свята Сабантуй. Аказваецца, гэта «свята плуга» – штогадовае народная традыцыя адзначэння фінішу веснавых палявых працаў у татараў і башкір. А ў маёй маладосці гэтае слова заўсёды разумелі як «бязмежны і некантраляваны разгуляй». Добра папрацавалі – трэба добра адпачыць, быццам бы намякаюць арганізатары ўжо пятых, але, па сутнасці, першых у выглядзе сапраўды мультыспартовых, спаборніцтваў. У адрозненне ад папярэдніх, дзе быў прадстаўлены то 1, то 3, то 5 відаў спорту, тут рэпрэзентавалі адразу 27. І ўпершыню ўдзельнікамі Гульняў БРІКС сталі беларусы.

Шмат крытыкі і насмешак атрымалі гульні. Але, як па мне, крытыкаваць можна тое, што не спраўдзіла ўскладзеных высокіх надзеяў, падманула чаканні. А гэтыя спаборніцтвы праходзілі менавіта так, як і можна было прадбачыць.

Каб зразумець, што ж было не так з гэтымі спаборніцтвамі БРІКС, дастаткова разгледзець усяго дзве пазіцыі. Колькасць і склад удзельнікаў.

Напэўна, вам зараз ніхто не скажа, колькі спартоўцаў выступілі і якія канкрэтна краіны яны рэпрэзентавалі. На афіцыйным сайце Гульняў БРІКС лічба дзяржаваў, якія ў тым ці іншым аб’ёме даслалі сваіх прадстаўнікоў, на працягу ўсіх 12 дзён была прыблізнай – каля 90. Хаця згодна дадзеных выдання «Медыязона», якому ўдалося пазнаёміцца са спісам размяшчэння спартоўцаў у гатэлях і інтэрнатах кампусу Казанскага федэральнага ўніверсітэту, былі зарэгістраваныя прадстаўнікі толькі 37-мі замежных дзяржаваў, у лік якіх унеслі і тэрыторыі квазі-рэспублік, якія былі захопленыя ва Украіне, а таксама студэнты, якія навучаюцца ў ВНУ Расеі. Прынамсі, з афіцыйнага пратаколу вядома, што медалі заваёўвалі прадстаўнікі 34-х краінаў.

Білетная праграма

Ці бываюць у сучасным свеце мультыспартовыя спаборніцтвы, уваход на якія каштуе менш за долар? Канечне, былі ў Казані квіткі і даражэйшыя за 100 рублёў – 200, 250 і, нават 300 рублёў. Але анекдатычнасці сітуацыі дадаваў той факт, што нават і на такія кошты распаўсюджваліся ільготы, на якія мелі права, напрыклад, сем’і ўдзельнікаў СВА. Гучыць, як здзек, але дзеля атрымання яшчэ больш танных уваходных прапускоў трэба было на электронную пошту Гульняў накіраваць дакументы, якія пацвярджалі права на атрымання ільготы, і квіткі прыйдуць, але, як сказана пры наяўнасці месцаў. Адзіныя, хто мог зусім бясплатна наведаць спаборніцтвы – гэта дзеці да 6 год, прычым, не займаючы асобнага месца.

Агляд
Украіна і Грузія набралі першыя пункты, Польшчы давядзецца пакінуць «Еўра 2024»
2024.06.23 17:56

То бок, відавочна, што арганізатары і не ставілі на мэце хоць неяк акупіць гэтую падзею. Нават пры такім становішчы справаў трыбуны не былі запоўнены шчыльна, а спонсарамі выступалі з большага мясцовыя арганізацыі. Але ўсё было аплачана да іх. У верасні 2023 года на той момант першы намеснік міністра спорту Расеі паведаміў, што міністэрства фінансаў РФ вылучыла на Гульні БРІКС 1,29 млрд руб. Ну, у багатых свае звычкі.

Колькі медалёў?

Вяртаючыся да беларусаў скажу, што яны занялі ганаровае другое месца ў камандавым заліку, саступіўшы расейцам. Прычым, толькі і тыя і тыя выступалі камандамі, у склад якіх уваходзілі чэмпіёны і прызёры алімпійскіх Гульняў, чэмпіёны свету і Еўропы. Астатнія, зразумела, рыхтуюцца да класічнай Алімпіяды і рэпрэзентавалі ў Казані трэція-чацвёртыя склады, альбо, як казалася вышэй, замежных студэнтаў расейскіх ВНУ. Паводле вынікаў 12 дзён спаборніцтваў (без уліку брэйкінга і акрабатычнага рокн-рола) беларуская зборная прагуляла расейцам больш як у чатыры разы паводле залатых медалёў (55 супраць 262-х), і больш як удвая з агульнай колькасцю ўзнагародаў (247 супраць 502). Не ведаю, наколькі задаволіў удзел у такіх спаборніцтвах і тых і тых, нават ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі, але спартоўцы звычайна імкнуцца выступаць там, дзе можна падужацца альбо з мацнейшымі за сябе, альбо з роўнымі па сіле. Але хацелася б назваць і галоўнага беларускага гэдлайнера. На маю думку – гэта міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук. Ён здзейсніў тое, чаго не рабіў ніколі ў жыцці: палкоўнік у адстаўцы накіраваў віншаванні ўсім беларускім пераможцам Гульняў. Ці ўласнаруч, ці з дапамогай спецыяльна прыстаўленых пісарчукоў, але было складзена роўна 55 розных віншаванняў залатым прызёрам. Невядома, адкуль такі парыў у чалавека, які сёмы год узначальвае міністэрства спорту РБ.

А што далей. Склад беларускай зборнай на Гульні ў Парыжы невядомы. Пасля – Гульні дружбы. Яны запланаваныя на другую палову верасня ў Маскве і Екацярынбургу ды летась былі замацаваныя ўказам Уладзіміра Пуціна. Але гутарка пра тое, што сёлета яны не адбудуцца і перанясуцца на наступны год, даўно вядуцца ў кулуарах расейскага спартовага бамонду. Беларусы, канечне, паехалі б і на іх. Бо пасля Алімпіяды, калі спартовае жыццё ўраўнаважыцца, падацца будзе зусім няма куды. Санкцыі застануцца і надалей.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў