У Гомлі за здраду дзяржаве асудзілі сям’ю


У Гомлі прысуд за здраду дзяржаве вынеслі цэлай сям’і: мужу, жонцы і іхнаму сыну. Працэс праходзіў з 20 траўня ў Гомельскім абласным судзе ў закрытым рэжыме, паведамляе радыё «Свабода».

Ларыса, Васіль і Павел Прохаравы (злева направа і зверху ўніз).
Фота: «BELPOL», старонка Укантакце і ютуб-канал Васіля. Калаж: «Наша Ніва»

Адзін з абвінавачаных, Васіль Прохараў, атрымаў 11 гадоў калоніі. Ягоная жонка Ларыса і сын Павал – па 8 гадоў зняволення.

Акрамя сям’і Прохаравых, у справе былі яшчэ фігуранты: настаўніку беларускай мовы Руслану Прахарэнку прысудзілі 10 гадоў калоніі. Пра лёс пятага фігуранта справы, Фёдара Аксёненкі, нічога невядома.

Усіх пяцёх абвінавачвалі паводле артыкулаў «Здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК РБ), «Распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК) «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК) і «Неданясенне пра злачынства» (ч. 1 арт. 406 КК).

З неафіцыйнай крыніцы радыё «Свабода» вядома, што крымінальная справа датычыць фатаграфавання розных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі, а за фігурантамі справы нейкі час перад арыштам сачылі спецслужбы.

Сям’я Прохаравых доўгі час жыла ў вёсцы Грабаўка Гомельскага раёну. На момант затрымання яны жылі ў вёсцы Уза Гомельскага раёну, куды пераехалі два гады таму.

Васіль Прохараў – этнічны ўкраінец 1969 года нараджэння, былы дэсантнік. Нарадзіўся ў Чарнобылі. Часта ездзіў з Беларусі ва Украіну. Працаваў у асноўным у сферы будаўніцтва прарабам і майстрам.

Hавiны
СМІ: Двух топ-чыноўнікаў з Мінфіну і Мінтрансу судзяць за хабар і «здраду дзяржаве»
2024.05.29 22:32

Васіль вёў свой блог на YouTube, дзе дзяліўся з падпісчыкамі відэа пра вёскі і пасёлкі Гомельскай вобласці, у тым ліку чарнобыльскай зоны.

Жонка Васіля Ларыса Прохарава – беларуска 1975 года нараджэння. Паходзіць з Грабаўкі Гомельскага раёну, жыла там доўгі час. Раней працавала санітаркай у адной з гомельскіх лякарняў.

Сын Прохаравых Павал нарадзіўся ў 1996 годзе. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, працаваў у будаўнічым трэсце.

У снежні 2023 года паведамлялася, што была затрыманая і дачка Прохаравых Настасся, але яе няма сярод абвінавачаных.

Руслан Прахарэнка працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Нароўлі паводле размеркавання пасля сканчэння Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Францыска Скарыны. Хлопцу 24 гады.

Фёдар Аксёненка нарадзіўся ў 1978 годзе ў Лунінецкім раёне, вучыўся ў тэхнічным універсітэце ў Гомлі, там жа застаўся жыць. Працаваў кіроўцам, будаўніком, дырэктарам розных камерцыйных фірмаў.

Станам на люты 2024 года праваабаронцы «Вясны» налічылі мінімум 55 асобаў, асуджаных за здраду дзяржаве.

Гісторыі
Вольга Івашына: Трэба вызваляць палітвязняў любымі дасяжнымі сродкамі
2024.03.12 15:00

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў