Праваабаронцы прэзентавалі Індэкс забароны катаванняў у постсавецкіх краінах. Найгоршая сітуацыя ў Беларусі


Працоўная група ў пытаннях барацьбы з катаваннямі Платформы «Грамадзянская салідарнасць», у якую ўваходзяць прадстаўнікі праваабарончых і грамадскіх арганізацыяў з сямі краінаў рэгіёну АБСЕ (Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расея і Украіна), прэзентавала штогадовыя вынікі вымярэння Індэксу забароны катаванняў у гэтых краінах. Беларусь у спісе  на апошнім месцы ўжо пяты год.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Былая турма КДБ у Вільні, якая падобная да месца зняволення беларускіх палітвязняў. Вільня, Літва. 27 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

Беларусь у Індэксе ўжо традыцыйна заняла апошняе месца, набраўшы ў 2023 годзе -93,83 балы (у 2022 годзе было -95,02 балы, найменшы бал быў у 2020-м: -70,1). Лідарам у выкананні забароны катаванняў у 2023 годзе стала Арменія, набраўшы 131,53 балы. На другім месцы – Казахстан, на трэцім – Малдова.

Індэкс забароны катаванняў.
Крыніца: spring96.org

Адмоўнымі лідарамі застаюцца Беларусь і Расея.

«На дынаміку Індэксу забароны катаванняў у Беларусі ў асноўным паўплывалі ўдакладненне параметраў Індэкса пасля пілотнага вымярэння ў 2019 годзе, а далей пагаршэнне ў 2021 годзе паказнікаў, што ацэньваюць узровень крыміналізацыі катаванняў у заканадаўстве Беларусі і ступень уздзеяння на папярэджанне катаванняў відэаназірання ў месцах прымусовага ўтрымання. Апошнія два гады Індэкс Беларусі практычна нязменна нізкі», – адзначаюць эксперты.

Індэкс забароны катаванняў – гэта інструмент ацэнкі паўнаты рэалізацыі забароны катаванняў, распрацаваны Працоўнай групай у 2020 годзе. Пілотны замер адбыўся ў васьмі краінах рэгіёну АБСЕ на падставе звестак 2019 года. Індэкс змяшчаў ацэнкі дзяржаўнага механізму рэагавання на катаванні, судовага кантролю, наяўнасці нормаў у нацыянальным заканадаўстве, што забараняюць катаванні, узроўню забеспячэння працэсуальных гарантыяў, што працуюць на папярэджанне катаванняў, ступені прыняцця дзяржаваю міжнародных абавязацельстваў у галіне забароны катаванняў.

Аналітыка
Вядомыя імёны тых, хто катаваў у Маскоўскім РУУС Менску. Тэрміну даўнасці за гэта няма
2024.06.25 17:18

Паводле праекту «dissidentby.com», сёння ў Беларусі 1566 палітвязняў. 1270 асобаў часткова або цалкам адбылі палітычныя тэрміны, 6451 – пад крымінальным пераследам. Шасцёра беларусаў памерлі ў зняволенні, прынамсі адзін скончыў жыццё самагубствам. Прынамсі трое памерлі на волі праз ціск або наступствы нечалавечых умоваў у ізалятарах.

Дзевяць з дзесяці катаваных – асобы з посттраўматычным стрэсавым разладам, кажа дакументатар катаванняў Станіслаў:

«Гэта ў першую чаргу праблемы са сном. Гэта, скажам так, трывалы страх далейшага пераследу. Нават страх пасля таго, як людзі выехалі за мяжу».

Катаваныя беларусы могуць атрымаць бясплатную псіхалагічную дапамогу ці прайсці лячэнне за мяжою. У гэтым дапамагаюць фонды «BYSOL», што эвакуююць рэпрэсаваных, ды ініцыятыва «BY_HELP».

Аб’ектыў
Міжнародны дзень падтрымкі ахвяраў катаванняў: хто падтрымае беларусаў?
2024.06.26 22:45

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў