Лідары Еўразвязу на пасяджэнні 27 чэрвеня дамовіліся наконт прызначэння і кандыдатураў на вышэйшыя пасады ў ЕЗ і прынялі стратэгічны парадак дня на 2024–2029 гады – палітычны план, што вызначае будучы кірунак і мэты ЕЗ.
Старшынём Рады Еўропы абраны былы прэм’ер-міністр Партугаліі Антонью Кошта. На пасаду старшыні Еўракамісіі прапанавалі кандыдатуру Урзулі фон дэр Ляен. Гэта будзе яе другі тэрмін.
Прэм’ер-міністарку Эстоніі Каю Калас вылучылі на пасаду вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі.
Кандыдата, прапанаванага на пасаду старшыні Еўракамісіі, яшчэ мусяць абраць большасцю галасоў дэпутаты Еўрапарламенту. А афіцыйнае прызначэнне вярхоўнага прадстаўніка ў замежных справах і палітыцы бяспекі патрабуе згоды абранага старшыні Еўракамісіі. Галасаванне наконт пасады старшыні ЕК пройдзе ў Еўрапарламенце ў ліпені.
Святлана Ціханоўская павіншавала Антонью Кошту з абраннем на пасаду старшыні Рады Еўропы.
«Вашае моцнае лідарства і адданасць еўрапейскім каштоўнасцям неабходныя сёння больш, чым калі-небудзь. Зычу вам поспехаў у вашай ключавой ролі ў гэтыя цяжкія часы», – напісала абраная прэзідэнтка Беларусі ў Х.
Марыя Міхалевіч belsat.eu