Украінца асудзілі на 6 гадоў калоніі за «агентурную дзейнасць» у Беларусі. Хроніка рэпрэсіяў


Сілавікі ў Беларусі працягваюць шукаць ворагаў унутры краіны. 

Арцём Макавей.
Фота: viasna_brest / Telegram

У Берасці грамадзяніну Украіны прысудзілі 6 гадоў калоніі

Паводле звестак @viasna_brest, на мінулым тыдні Берасцейскі абласны суд вынес вырак Арцёму Макавею, 1999 года нараджэння. Малады чалавек, які з 2009 года жыве ў Беларусі, атрымаў 6 гадоў пазбаўлення волі.

У чым менавіта яго абвінавачвалі, невядома, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. Вядомы толькі артыкул, паводле якога судзілі Макавея: арт. 358-1 КК РБ «Агентурная дзейнасць». Справу разглядаў суддзя Мікалай Сянько.

Арцёму Макавею 25 гадоў. Ён – нарадзінец пасёлку Падгародная Мікалаеўскай вобласці Украіны. Калі яму было 10 гадоў, памёр бацька, а маці атрымала сур’ёзную траўму і мела патрэбу ў рэабілітацыі. Хлопчыка адправілі да бабулі ў Кобрынскі раён Берасцейскай вобласці. У выніку ён застаўся ў Беларусі, скончыў Берасцейскі політэхнічны каледж, працаваў дыджэем у розных забаўляльных установах Кобрына, Берасця і Менску.

Макавея затрымалі ў студзені 2023 года ў яго дома ў Кобрыне. Затрымлівалі супрацоўнікі КДБ. Спачатку Макавей сядзеў два месяцы ў ІЧУ Берасця, але ніякіх допытаў не праводзілі, і хлопец не разумеў, за што ўвогуле затрыманы. Праз 1 год і 3 месяцы пасля затрымання справа дайшла да суда. Увесь гэты час ён заставаўся пад вартай.

За палітыку судзяць аператара ОНТ

За палітыку арыштавалі аператара ОНТ Антона Казельскага. Прычынай маглі стаць каментары ў Telegram, якія ён даўно выдаліў, піша «Наша Ніва».

Мяркуючы з сацсетак, Казельскаму 38 гадоў. Нейкі час ён жыў у Расеі, апошнім часам – у Менску. У мужчыны ёсць жонка і дзіця. Апошні рэпартаж Антона Казельскага на ОНТ выйшаў у кастрычніку 2023 года. Прыкладна ў той час ён і быў затрыманы.

Суд над Казельскім пачаўся 20 траўня. Яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў КК – «заклікі да санкцыяў і іншых дзеянняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы» і «распальванне варожасці або варажнечы». Яму пагражае ад 4 да 12 гадоў калоніі.

Затрымалі сястру палітвязня Максіма Вінярскага

У Менску затрымалі Алёну Церашкову, яна сківіцава-тваравы хірург, беларуская пісьменніца, перакладчыца, двухразовая чэмпіёнка Беларусі па тэквандо, піша @dissidentBY.

Алёна – сястра актывіста і палітвязня Максіма Вінярскага, асуджанага на 5 гадоў пазбаўлення волі. Папярэдне вядома, што Алёну вінавацяць паводле арт. 342 ч. 1. У яе сямʼі засталіся дома чацвёра дзяцей.

Сілавікі затрымалі 3D-візуалізатара

Сцвярджаецца, што ён нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, абражаў у каментарах прапагандыста Грыгорыя Азаронка, дасылаў інфармацыю ў «Чорную кнігу Беларусі» і прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плану «Перамога», піша «Вясна».

У якасці доказаў «пратэставай дзейнасці» затрыманага сілавікі паказалі кадры з кнігай «Рэвалюцыя» Віктара Марціновіча, якую знайшлі ў беларуса.

Затрыманне ў Магілёве

Паводле агенцтва «Позірк», жыхара Магілёва затрымалі нібыта за напісанне 7 тысячаў пратэставых каментароў. Паведамляецца пра магчымае завядзенне справы паводле арт. 368 («Знявага прэзідэнта»).

Перакладчыцы Вользе Калацкай далі штраф памерам 800 рублёў

17 траўня адбыўся адміністратыўны суд над перакладчыцай Вольгай Калацкай. Афіцыйна – за тое, што «махала рукамі ў РУУС». Суд прызначыў Вользе штраф памерам 20 базавых велічыняў (800 рублёў).

Раней Вольга Калацкая ўжо была асуджаная і цалкам адбыла пакаранне. 24 красавіка 2021 года ў судзе Фрунзенскага раёну Менску Вольгу Калацкую прызналі вінаватай у тым, што яна пабіла супрацоўніка тэлеканалу СТБ Грыгорыя Азаронка (дала поўху). Фігурантка справы прынесла прабачэнні аўтару СТВ і той не меў да яе матэрыяльных ці маральных прэтэнзіяў, аднак суддзя Ала Скуратовіч пакарала перакладчыцу 2 гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Яшчэ 10 чалавек прызнаныя палітвязнямі ў Беларусі

Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 10 чалавек: Мікіту Вайцюка, Галіну Лагацкую, Валерыя Саковіча, Кацярыну Мадзянкову, Ягора Зенчанку, Мікіту Яхімовіча, Наталлю Салук, Дзмітрыя Лапца, Аляксея Зачапіла, Сяргея Кулеша, паведамляе праваабарончы цэнтр.

Дзевяць з іх абвінавачваюцца або асуджаныя паводле артыкулу аб групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а Сяргей Кулеш – паводле артыкулу аб удзеле ў масавых беспарадках.

Колькасць палітвязняў у Беларусі на 20 траўня 2024 года складае 1374 асобы.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў