Магчымасць пераменаў у Іране або кірунак на агрэсію. Як смерць прэзідэнта паўплывае на краіну?


Прэзідэнт Ірану Эбрагім Раісі загінуў ва ўзросце 63 гадоў у выніку авіякатастрофы 19 траўня. Ён быў прыхільнікам рэпрэсіяў і падазраецца ў датычнасці да масавых смяротных пакаранняў дысідэнтаў. Пры ім Іран упершыню атакаваў тэрыторыі Пакістану і Ізраілю. «Белсат» даведаўся, якія ёсць версіі гібелі Раісі і ці зменіць ягоная смерць становішча ўнутры краіны і замежную палітыку Ірану.

Эбрагім Раісі.
Фота: @raisi_com / X

Верталёт Мі-171, на якім былі Эбрагім Раісі, міністр замежных справаў Ірану Гусэйн Амір-Абдулагіян і яшчэ некалькі афіцыйных асобаў, здзейсніў жорсткую пасадку ў горнай мясцовасці на іранска-азербайджанскай мяжы. Перад здарэннем Раісі сустракаўся з кіраўніком Азербайджану Ільхамам Аліевым.

Авіякатастрофа або забойства?

Умовы надвор’я былі складаныя – туман і снег, што перашкаджала і пошукам. Аднак выключна дрэннае надворʼе або няспраўнасць верталёта не ўсе ў Іране лічаць прычынай катастрофы, распавядае іранскі палітычны аналітык у праграме «Вот Так» Араш Азізі.

«Я размаўляў з людзьмі з ураду Ірану, якія лічаць, што Раісі быў забіты. Але рэжым старанна сочыць, каб не абвяшчаць гэтага да таго, як будзе план дзеянняў», – кажа Азізі.

Усходазнаўца Руслан Сулейманаў адзначае «Вот Так», што пакуль невыпадковыя версіі гібелі абмяркоўваюць эксперты і сацсеткі.

«Калі мы бяром дзяржаўныя агенцтвы і заявы буйных чыноўнікаў, пакуль гаворка ідзе выключна пра складаныя ўмовы надворʼя, магчыма, пра няспраўнасць верталёта. Калі мы бяром экспертную супольнасць, то многія не скідвалі з рахункаў зношанасць авіяпарку ў Іране. Краіна доўгі час застаецца пад санкцыямі і авіяцыя моцна цярпіць ад гэтага.

Таму цяпер усе версіі разглядаюцца, але я не сказаў бы, што на пярэдні план выбілася версія, што хтосьці мог стаяць за гібеллю Раісі. Думаю, мы можам чакаць абвінавачанняў на адрас галоўных ворагаў Ірану – Ізраілю і Злучаных Штатаў», – кажа Сулейманаў.

Намёкі на дачыненне непрыяцеляў Ірану да катастрофы заўважыў у сацсетках ізраільскі палітолаг Міхаіл Пеліверт.

«У сацыяльных сетках нават афіцыйных асобаў на ўзроўні намесніка міністра або кіраўніка рэгіёну кажуць, што трэба заўсёды задацца пытаннем, каму гэтая смерць была б выгадная. Некаторыя кажуць нават, што не выпадкова менавіта пасля сустрэчы з азербайджанскім прэзідэнтам Аліевым, які для многіх ёсць “агентам сусветнага сіянізму”, загінуў Раісі.

Сумняюся, што хто-небудзь знойдзе доказы такім сцвярджэнням, але кожны будзе шукаць выгадныя для сябе тлумачэнні. У Іране нямала сілаў, якія паспрабуюць менавіта такім чынам зʼяднаць масу агульнай нянавісці да галоўнага ворага – Ізраілю. Або да “вялікага сатаны” – ЗША. Мяркую, што так ці інакш гэта будзе выкарыстана для мабілізацыі грамадскай думкі, прынамсі, прыхільнікаў улады», – кажа «Вот Так» Пеліверт.

Каментар
Чаму арабскія краіны дапамаглі Ізраілю адбіцца ад атакі Ірану
2024.04.18 08:00

Раісі быў жорсткім, але ягоная смерць мала што зменіць

Эбрагім Раісі актыўна ўдзельнічаў у Ісламскай рэвалюцыі ў 1978–1979 гадах. Араш Азізі падкрэслівае, што ў Раісі на руках больш крыві, чым у іншага любога чыноўніка Ірану. Раісі нават атрымаў мянушку «тэгеранскі мяснік».

«Частку свайго жыцця ён правёў у судовай сістэме ў 1980-х гадах, самым крывавым дзесяцігоддзі Ісламскай Рэспублікі Іран, калі былі пакараныя тысячы дысідэнтаў. Самае галоўнае і сумна вядомае – у 1988 годзе ён уваходзіў у склад смяротнай камісіі з некалькіх асобаў, якая адправіла на смерць больш за тры тысячы палітычных зняволеных», – распавядае Азізі. Разам з тым Раісі быў нехарызматычнай і невыразнай фігурай, успрымаўся як слабы прэзідэнт, адзначае суразмоўца.

«Раісі належаў нават не да кансерватыўнага, а да ультракансерватыўнага лагеру. Гэта ў тым ліку тыя прадстаўнікі духавенства, якія выступаюць за забарону музыкі, за ўзмацненне жорсткасці нашэння хусткі на галаве і гэтак далей», – дадае Руслан Сулейманаў.

Hавiны
У Іране прыняты закон, паводле якога жанчынам за непакрытую галаву пагражае 10 гадоў турмы
2023.09.21 15:17

Апытаныя эксперты сыходзяцца ў думцы, што для палітычнай сістэмы Ірану смерць Раісі – гэта стрэс, але не крытычны. Руслан Сулейманаў зазначае, што не варта пераацэньваць ролю прэзідэнта ў Іране.

«Гэта не першая асоба ў краіне. Першая асоба – гэта вярхоўны кіраўнік (рагбар) Алі Хамэнэі. І менавіта яму належыць суцэльная ўлада. Прэзідэнт – гэта кіраўнік выканаўчай улады. У Іране няма пасады прэмʼер-міністра. Прэзідэнт Ірану фактычна кіруе Кабінетам міністраў. І ў апошнія гады пасада прэзідэнта была вельмі дыскрэдытаваная, бо часта замежнапалітычныя пастановы прымаліся без уліку думкі палітычнага класу. Гэтыя пастановы прымаліся рагбарам з удзелам сілавікоў. Самы яскравы прыклад – пастанова наконт пачатку паставак зброі Расеі.

Таму пры ўсім тым, што гэта сапраўды выклік, небяспека новых пратэстаў, турбулентнасці, перабольшваць значнасць фігуры прэзідэнта ў Іране дакладна не варта», – кажа Сулейманаў.

Пакуль дзяржаўныя СМІ Ірану транслююць, як людзі аплакваюць смерць Раісі і смуткуюць, аднак незразумела, наколькі гэта насамрэч масава.

«У Іране ўлады вельмі непапулярныя, мы пераконваліся ў гэтым. 1 сакавіка 2024 года была зафіксавана самая нізкая ў гісторыі яўка на парламенцкія выбары. А большасць з тых, хто прыйшлі, сапсавалі бюлетэні. Складана меркаваць, наколькі людзі сапраўды смуткуюць, а не радуюцца гібелі прэзідэнта, бо ўчора іранскія СМІ, якія застаюцца за межамі краіны, распаўсюджвалі запісы, як людзі проста святкуюць, вяселяцца ў сувязі з гібеллю Раісі», – працягвае ўсходазнаўца.

Hавiны
Міністр абароны Беларусі высока ацаніў «мудрую і абачлівую» атаку Ірану на Ізраіль
2024.04.28 12:23

Кірунак на ўзмацненне жорсткасці і агрэсіўнасць

Далей, згодна з Канстытуцыяй, кіраваць урадам Ірану мусіць першы віцэ-прэзідэнт паводле ўзгаднення з вярхоўным кіраўніком. І цягам 50 дзён мусяць быць прызначаныя новыя прэзідэнцкія выбары, распавядае Руслан Сулейманаў.

Аднак кірунак на задушэнне іншадумства ў краіне, як гэта былі пры Раісі, захаваецца, мяркуе эксперт.

«Я не выключаў бы, што цяпер на першы план могуць вылучацца нейкія палітыкі-рэфарматары, якія заварушыліся апошнім часам. Перыядычна такое здараецца, але ў цэлым вектар узяты на ўзмацненне жорсткасці, на кансерватызм, у чымсьці нават на агрэсіўнасць. Вось упершыню ў гісторыі Іран нанёс удары па тэрыторыі Пакістану і Ізраілю. Гэта таксама сведчанні ўзмацнення жорсткасці і ўмацавання», – кажа Руслан Сулейманаў.

Наступнае сапраўднае акно магчымасцяў для рэфарматараў у Іране наступіць, калі памрэ найвышэйшы кіраўнік Алі Хамэнэі, які ўжо стары, а з пераемнікам на ягонае месца яшчэ не вызначыліся, лічыць эксперт.

Hавiны
Лаўрэатка нобэлеўскай прэміі міру абвясціла галадоўку ў іранскай турме
2023.11.06 20:14

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў