Расейскі агнявы вал і крэатыў ад ЗСУ. Тлумачым, што цяпер адбываецца ў Бахмуце


Бахмут застаецца самым гарачым пунктам вайны ва Украіне. Расейцы, імаверна, захапілі большую частку гораду, аднак цалкам акупаваць зруйнаванае паселішча ў іх не атрымліваецца – ЗСУ працягваюць кантраляваць заходнія раёны Бахмуту. Belsat.eu тлумачыць, на якой стадыі цяпер знаходзіцца самыя працяглая бітва гэтай вайны і чаго чакаць далей.

Агульны выгляд Бахмуту, месца цяжкіх баёў з расейскімі войскамі. Данецкая вобласць, Украіна. 9 красавіка 2023 года.
Фота: Libkos / AP Photo / East News

Крывавы марафон

Баі за Бахмут цягнуцца з лета 2022 году. З восені мінулага году гэты кірунак фактычна стаў прыярытэтным для агрэсара: вакол гораду адбываліся найбольш інтэнсіўныя і жорсткія баі. Прасоўваліся расейцы вельмі і вельмі павольна, часам адступалі назад, а потым зноў ішлі на штурм. ПВК Вагнэра, на якую лёг асноўны цяжар наступальных дзеянняў, выкарыстоўвала тактыку мабільных штурмавых групаў і паступова прагрызала ўкраінскую абарону з флангаў з мэтай акружыць Бахмут.

Украінскае камандаванне не раз называла бахмуцкі кірунак найбольш цяжкім. У пачатку сакавіка падзенне гораду здавалася амаль непазбежным. Усходняя частка паселішча был захоплена расейцамі, а шляхі забеспячэння ўкраінскіх войскаў у Бахмуце аказалася пад ударам – іх абстрэльвала артылерыя праціўніка. Некаторыя ўкраінскія афіцэры казалі пра пагрозу паўтору Дэбальцаўскага катла. Аднак потым сітуацыя адносна стабілізавалася: украінцы нават правялі шэраг контратакаў і здолелі крыху адціснуць расейцаў. 22 сакавіка пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў у Бахмуце наведаў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, а 23 сакавіка камандуючы сухапутнымі войскамі ЗСУ Аляксандр Сырскі заявіў, што расейскае наступленне на гэтым кірунку выдыхаецца.

Прыкметы таго, што наступленне на Бахмут выдыхаецца фіксавалі і незалежныя аналітыкі. Эксперты амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW) выказвалі меркаванне, што замест Бахмуту новым прыярытэтам РФ стане Аўдзееўка, дзе агрэсар рэзка актывізаваў свае атакі. Аднак гэтая гіпотэза, відаць, аказалася памылковай: пад Аўдзееўкай дасягнуць поспеху расейцы не здолелі, інтэнсіўнасць атакаў там знізілася, затое прасоўванне на бахмуцкім кірунку аднавіліся.

Украінскі пяхотнік вядзе агонь па пазіцыях праціўніка з траншэі ля гораду Бахмут, Украіна. 13 красавіка 2023 года.
Фота: Anatolii Stepanov / AFP / East News

Найміты ПВК Вагнэра захапілі Арцёмаўскі завод апрацоўвання металаў (АЗАМ) на поўначы Бахмуту, прасунуліся бліжэй да цэнтру гораду, дайшлі да рынку і Палацу культуры. Аналітыкі ISW 29 сакавіка адзначалі, што агулам за апошнія сем дзён захапілі яшчэ 5 % тэрыторыі гораду і цяпер яны займаюць прыкладна 65 % Бахмуту. Праўда, тэмпы прасоўвання застаюцца вельмі павольнымі: 5 % гораду – гэта каля 2 кв. км.

Сірыйская тактыка

Байцы 80-й дэсантна-штурмавой брыгады ЗСУ распавядалі «Настоящему времени», што пад Бахмутам яны знаходзяцца не проста ў пасіўнай абароне, а рэгулярна ладзяць лакальныя контратакі, каб скоўваць сілы праціўніка.

«Ёсць поспех у нейкіх блоках Бахмута – мы ідзем наперад, яго няма – мы зноў адыходзім на пазіцыі. Гэта адбываецца штодня», – распавядаў пра актыўную абарону 5 красавіка Уладзімір Зяленскі.

Аднак паступова агрэсар усё ж пашыраў сваю зону кантролю. 12 красавіка аналітыкі ISW прыйшлі да высновы, што расейцы кантралююць горад ужо на 76,5% – то бок расейцы захапілі яшчэ прыкладна 4 кв. км за апошнія два тыдні. Праект Conflict Intelligence Team у сваю чаргу адзначае, што сітуацыя пад Бахмутам становіцца ўсё больш небяспечнай для ЗСУ.

«Там сур’ёзна выкарыстоўваецца артылерыя і авіяцыя з боку ворага. Частку раёнаў горада вораг ператварыў у Алепа. Яны выкарыстоўваюць тактыку поўнага знішчэння, разбурэння пабудоў, пазіцыяў», – распавяла намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр.

Украінскія вайскоўцы падкрэсліваюць, што ніякага снараднага голаду расейцы пад Бахмутам цяпер не адчуваюць.

«Яны выкарыстоўваюць гэтую варварскую, цынічную тактыку абсалютнага знішчэння гораду агнявым валам, а потым закідваюць гэты агнявы вал сваімі трупамі», – распавядаў у эфіры каналу «Ми – Україна» баец 5-га асобнага штурмавога палку ЗСУ Юры Сірацюк.

Юры Сірацюк пры гэтым падкрэслівае, што ніякага акружэння пад Бахмутам няма і не будзе. Расейцы маюць магчымасць абстрэльваць трасы, па якім ідзе забеспячэнне гораду, аднак гэта не прыводзіць перарывання лагістычных ланцужкоў.

Актывізацыя наступлення і «малюсенькае» прасоўванне

Намеснік начальніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штабу ЗСУ брыгадны генерал Аляксей Громаў заявіў 13 красавіка, што Бахмуцкі напрамак цяпер застаецца найбольш цяжкім на фронце. Па словах генерала, расейцы працягваюць атакаваць у цэнтральнай частцы Бахмута, а таксама ў напрамку Багданаўкі і Іванкоўскага з мэтай акружыць горад з поўначы і поўдня.

«Кожны дзень у раёне Бахмута ён ажыццяўляе ад 40 да 50 спроб наступальных штурмавых дзеянняў», – распавёў Громаў.

14 красавіка брытанская выведка паведаміла, што расейцы актывізавалі наступленне на пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў. Паводле брытанцаў, атакі ў цэнтры гораду ладзіць Група Вагнэра, а расейскія дэсантнікі забяспечваюць паўночны і паўднёвы флангі аперацыі (пра перакідванне ў гэты раён падраздзяленняў паветрана-дэсантных войскаў РФ стала вядома чатыры дні таму). Байцы ЗСУ сутыкаюцца са «значнымі праблемамі» ў папаўненні боепрыпасаў і арганізавана пакідаюць некаторыя пазіцыі. Аднак заходнія раёны гораду ЗСУ працягвае кантраляваць.

Кіраўнік праекту «Conflict Intelligence Team» Руслан Левіеў адзначае, што цяпер вагнэраўцы спрабуюць перасекчы чыгунку ў Бахмуце. «Но як толькі яны заходзяць за чыгунку, іх пачынаюць бамбіць, таму замацавацца ў іх там не атрымліваецца», – канстатуе ён. Паводле Левіева, цяпер прасоўванне расейцаў у Бахмуце «малюсенькае».

Украінскі пяхотнік з 57-й асобнай мотастралковай брыгады гатуе абед у акопах ля прыфрантавога гораду Бахмут, Украіна. 13 красавіка 2023 года.
Фота: Anatolii Stepanov / AFP / East News

Заснавальнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын, які любіць моцна перабольшваць поспехі сваіх наймітаў, нядаўна заявіў, што Бахмут захоплены на больш чым 80%. Аднак разам з тым вымушаны прызнаваць, што расейцы сваёй мэты пакуль не дасягнулі. «ЗСУ працягваюць падцягваць рэзервы і перакідваць іх у гарадскую рысу. Ідуць цяжкія кровапралітныя баі, таму расказваць аб поўным акружэнні Бахмута рана», – заявіў Прыгожын. У ЗСУ ў сваю чаргу з ацэнкай у 80% нязгодныя і заяўляюць, што насамрэч украінскія вайскоўцы «кантралююць значна большы працэнт тэрыторыі Бахмута».

Z-каналы скардзяцца на новую «дзёрзкую і крэатыўную» тактыку ЗСУ. Калі верыць расейскім вайсковым карэспандэнтам, украінцы спачатку пераўтвараюць будынкі ў крэпасці, абараняюць некаторы час, а потым іх мініруюць і адыходзяць. А калі туды заходзяць вагнэраўцы – будынак падрываюць. У выніку гэта дэзарыентуе агрэсара. Калі заводзіць у дом толькі сапёраў і спачатку яго размініраваць, то праз гэта губляецца шмат часу, а ўкраінцы могуць адразу контратакаваць і адбіць будынак. Калі заводзіць шмат вагнэраўцаў – ёсць рызыка, што ўсе яны загінуць падчас падрыву.

Руслан Левіеў з «Conflict Intelligence Team» лічыць, што гэта адна з прычынаў таго, што расейцы цяпер вымушаны таптацца на месцы.

«Нібыта засталося ад тэрыторыяў, што ўтрымліваюцца [украінцамі], не так шмат, але разам з тым прасоўваецца вагнэраўцы вельмі павольна», – кажа ён.

Ці пераўтворыцца міні-Вердэн у міні-Сталінград?

Баі за Бахмутам яшчэ восенню 2022 году некаторыя аналітыкі пачалі называць самай буйной і крывавай бітвай расейска-украінскай вайны. Бахмут часта параўноўваюць з бітвай за Вердэн падчас Першай сусветнай вайны, якая стала хрэстаматыйным прыкладам баёў на знясіленне.

Украінскі бок не раз даваў зразумець, што галоўная мэта баеў за Бахмутам – гэта менавіта знясіленне войска агрэсара. «Не шкадуючы нічога, яны губляюць значныя сілы і выдыхаюцца. Зусім хутка мы скарыстаем з гэтай магчымасці, як у свой час рабілі гэта пад Кіевам, Харкавам, Балакліяй і Купянскам», – заявіў на гэты конт генерал-палкоўнік Аляксандр Сырскі.

Па сцвярджэнні камандавання ЗСУ, толькі за апошнія два тыдні ў раёне Бахмута расейцы страцілі забітымі і параненымі амаль 4,5 тысячы чалавек. Спікер Усходняй групоўкі войскаў ЗСУ Сяргей Чараваты заявіў, што пры такой інтэнсіўнасці стратаў чалавечы рэсурс групоўкі Вагнэра можа скончыцца праз два месяцы. Ацэнкі ЗСУ, магчыма, істотна завышаныя, але няма сумневаў у тым, што расейцы сапраўды нясуць вялікія страты, – пра гэта сведчаць і звесткі заходніх выведак, і дадзеныя незалежных медыяў.

Крыж на магіле мясцовага жыхара, які загінуў ад расейскіх абстрэлаў, у двары жылога дому ў Бахмуце, Украіна. 12 красавіка 2023 года.
Фота: Iryna Rubakova / AP / East News

Пры гэтым са стратэгічнага пункту гледжання захоп Бахмуту расейцам нічога не дасць – пасля гэтага агрэсар проста ўткнецца ў наступны ўмацаваны раён Данбасу. Былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў) неаднойчы называў наступленне на бахмуцкім кірунку «бессэнсоўным, калі не горш, марнаваннем сілаў», якое выгадна толькі ЗСУ. Паводле Гіркіна, Бахмут – гэта «Сталінградская бітва наадварот»: толькі цяпер замест немцаў у пастку трапілі расейцы.

Разам з тым, украінцы таксама нясуць страты пад Бахмутам і далёка не ўсе разумеюць, ці ёсць цяпер у гэтым сэнс. Міністр абароны ЗША Лойд Остын яшчэ ў пачатку сакавіка публічна заявіў, што баі за Бахмут маюць хутчэй сімвалічнае, чым стратэгічнае і аператыўнае значэнне. Заходнія выданні пісалі, што Захад ужо некалькі месяцаў раіць Украіне адступіць і не марнаваць рэсурсаў на абарону гораду. Але ўкраінскае кіраўніцтва адмовілася ісці на гэта крок.

Не выключана, што Бахмуту адведзена ключавая роля ў вясеннім контрнаступленні Украіны. Паводле адной з версіяў, менавіта ў гэтым раёне ЗСУ нанясуць галоўны ўдар. З аднаго боку, гэты раён знаходзяцца бліжэй да буйных лагістычных цэнтраў украінскага войска, з іншага – наступаючая расейская групоўка можа быць вельмі ўразлівай для ўдараў з флангаў. Пра гэта ў тым ліку кажуць і ў Расеі. Яўгеній Прыгожын 20 сакавіка звярнуўся да міністра абароны Сяргея Шайгу з папярэджаннем, што неўзабаве ЗСУ нібыта плануюць нанесці фланговыя ўдары і адсекчы Групу Вагнэра ад асноўных сілаў.

Калі сапраўды Украіна мае такія планы, то параўнанне Бахмуту са Сталінградам стане яшчэ больш дакладным – у 1942 годзе нямецкай групоўка як раз была акружана.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў