ISW: расейскія вайскоўцы захапілі 65 % Бахмуту


Аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW) адзначаюць, што расейскія вайскоўцы працягваюць паступова прасоўвацца ў горадзе Бахмут.

Паводле ISW, найміты ПВК Вагнэра, імаверна, захапілі Арцёмаўскі завод апрацоўвання металаў (АЗАМ) на поўначы Бахмуту, прасунуліся бліжэй да цэнтру гораду, дайшлі да рынку і Палацу культуры.

Паводле ацэнак ISW, расейскія войскі за апошнія сем дзён захапілі яшчэ 5 % тэрыторыі гораду і цяпер яны займаюць прыкладна 65 % Бахмуту.

Варта дадаць, што агулам плошча Бахмуту складае 41,6 кв. км. Такім чынам, 5 % гораду – гэта каля 2 кв. км.

Нагадаем, 22 сакавіка пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў пад Бахмутам наведаў Уладзімір Зяленскі. 23 сакавіка камандуючы сухапутнымі войскамі ЗСУ генерал-палкоўнік Аляксандр Сырскі заявіў, што расейскае наступленне пад Бахмутам выдыхаецца.

28 сакавіка ў прэс-рэлізе сухапутных войскаў Украіны адзначалася, што «сітуацыя на бахмуцкім кірунку застаецца напружанай, але кантраляванай». «Вораг не спыняе спробаў прарваць нашую абарону каля гораду і накіроўвае туды свае найлепшыя падраздзяленні», – адзначае ўкраінскі бок.

Раніцаю 29 сакавіка ў зводцы Генштабу ЗСУ паведамлялася, што расейцы працягваюць штурмавыя дзеянні ў ваколіцах Бахмуту, але ўкраінскія абаронцы «мужна трымаюцца» і «адбіваюць шматлікія атакі праціўніка».

Аналітыка
Аўдзееўка замест Бахмуту і шанец ЗСУ. Тлумачым, што цяпер адбываецца на фронце
2023.03.26 08:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў